Папоўнілі шэрагі “Белай Русі”

Апублiкавана: 19 чэрвеня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Акцыя “Грамадзянская пазіцыя” прайшла ў Міністэрстве культуры: 12 чэрвеня новым чальцам Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” уручылі членскія білеты. 

Ва ўрачыстым мерапрыемстве паўдзельнічалі міністр культуры Анатолій Маркевіч і старшыня РГА “Белая Русь” Алег Раманаў. 

Звяртаючыся да прысутных, Алег Раманаў адзначыў, што адным з прыярытэтаў у працы аб’яднання з’яўляецца фарміраванне палітычнай свядомасці і палітычнай культуры ў грамадстве. У гэтай справе “Белая Русь” і Міністэрства культуры — паплечнікі. 

— Дзейнасць пярвічнай арганізацыі ў апараце міністэрства прынцыпова важная, каб актыўна далучаць дзеячаў культуры да грамадскага жыцця і патрыятычнага выхавання, — сказаў старшыня аб’яднання. — Сённяшняе мерапрыемства — імпульс да таго, каб “Белая Русь” была больш шырока прадстаўлена ва ўстановах культуры. 

Анатолій Маркевіч, са свайго боку, падкрэсліў, што работнікі галіны ведаюць пра добрыя справы “Белай Русі”. Гэта згуртаваная каманда, якая аб’яднала больш за 200 тыс. чалавек — сапраўдных патрыётаў. 

— Сфера культуры ўсёабдымная, — адзначыў міністр. — Нашы супрацоўнікі праз эмоцыі даносяць людзям інфармацыю пра ініцыятывы і кірункі, важныя для краіны. 

Анатолій Маркевіч павіншаваў новых членаў з уступленнем у аб’яднанне “Белая Русь” і выказаў упэўненасць, што іх актыўная грамадзянская пазіцыя будзе пацверджана рэальнымі справамі. 

Цяпер у пярвічнай арганізацыі РГА “Белая Русь” 51 чалец працоўнага калектыву міністэрства — больш за 80 %.