З прызначэннем!

Апублiкавана: 18 чэрвеня 2023 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: Аўтары

У Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь новы кіраўнік: 14 чэрвеня ім стала Ганна Конанава. 

Ганна Уладзіміраўна скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, яе магістратуру і аспірантуру Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. З’яўляецца кандыдатам мастацтвазнаўства. Да прызначэння займала пасаду прарэктара па вучэбнай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. 

Прадстаўляючы генеральнага дырэктара калектыву музея, міністр культуры Анатолій Маркевіч адзначыў, што Ганна Конанава — адзін з найбольш таленавітых маладых майстроў выяўленчага мастацтва Беларусі і адначасова перспектыўны чалец кіруючага складу БДАМ. Валодае высокім пачуццём адказнасці, кіраўніцкай культурай і шырокім кругаглядам. Мае актыўную грамадзянскую пазіцыю. 

— Створаныя Ганнай Конанавай працы выяўленчага мастацтва спрыяюць захаванню нацыянальных духоўных традыцый і прагрэсіўнаму развіццю беларускай культуры. Ганна Уладзіміраўна робіць значны ўклад у падрыхтоўку творчых кадраў краіны, актыўна займаецца навукай, курыруе шэраг выставачных і конкурсных праектаў для маладых мастакоў, — падкрэсліў міністр. 

Таксама Анатолій Маркевіч адзначыў, што кіраваць такой установай — ганарова і вельмі адказна. 

— Тут вядзецца навуковадаследчая і рэстаўрацыйная работа, установа папаўняе бібліятэчныя фонды і электронны каталог для абмену выявамі твораў мастацтва з музеямі Беларусі і свету, тут працуе дзіцячая майстэрня. Музей сёння — гэта яшчэ і арт- пляцоўка, дзе адбываюцца творчыя сустрэчы, літаратурныя і музычныя вечары, прэзентацыі кніг і майстар-класы. 

Міністр заклікаў захоўваць дасягненні і звярнуць увагу на вырашэнне такіх пытанняў, як умацаванне матэрыяльнай базы, пашырэнне пераліку платных паслуг і павышэнне даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці, работы на аб’екце “Рэстаўрацыя і прыстасаванне адзінага комплексу будынкаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”, стварэнне перасоўных праектаў, прыцягненне маладых мастакоў, пашырэнне супрацоўніцтва з установамі адукацыі.