Новыя зоркі на музычным небасхіле

Апублiкавана: 17 чэрвеня 2023 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XII Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі” адбылася 6 чэрвеня. 

Уладальнікамі Гран-пры сталі: Дар’я Мікулік, Дзмітрый Шувалаў (намінацыя “Акадэмічныя інструменты”), Іосіф Нікіценка (“Акадэмічны вакал”), вакальны ансамбль Asteria Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (“Эстрадны вакал. Ансамблі”), Маргарыта Цумарава (“Эстрадны вакал. Сола”), Дар’я Дзянісава (“Спадчына”), сімфанічны аркестр Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі (“Аркестры”). Лаўрэатамі I, II і III ступеней прызналі 118 салістаў і калектываў, а спецыяльныя дыпломы праекта атрымалі 40 канкурсантаў. 

— Удзельнічаю трэці раз. Я ўжо была ўдастоена звання лаўрэата III ступені, а сёлета — Гран-пры! Гэта, вядома ж, каласальная праца: мая, педагога, бацькоў. Ніякага сакрэту поспеху няма. Проста я спяваю тое, што адгукаецца ў маёй душы. Моладзі неабходныя падобныя конкурсы, каб спазнаваць сябе і набірацца вопыту, — распавядае Маргарыта Цумарава. 

Урачыстым уручэннем статуэтак, дыпломаў і падарункаў у легендарнай студыі на Чырвонай, 4, праект не скончыўся. Прызёры атрымалі ўнікальныя магчымасці: ратацыю ў эфіры галоўнага радыёканала краіны і запрашэнне да ўдзелу ў здымках тэлевізійнага гала-канцэрта “Маладыя таленты Беларусі — 2023”, які будзе трансліраваць “Беларусь 3”. 

— Завяршыўся цудоўны творчы марафон. Ён працягваўся два месяцы, планавалася сем конкурсных дзён. Але мы ў тэрмін не ўклаліся, журы працавала больш за два тыдні, бо была вялізная колькасць удзельнікаў. Ды і прафесійны ўзровень сапраўды высокі. Юныя музыканты выступалі з аркестрам — гэта каласальная творчая радасць і гонар, — адзначае Таццяна Якушава, кіраўнік праекта, загадчык аддзела музычных праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. 

Конкурс “Маладыя таленты Беларусі” праводзіцца з 2009 года. За ўвесь час у спаборніцтве паўдзельнічала больш за 4000 выканаўцаў і калектываў. З 2013-га прызёры праекта рэгулярна становяцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі: прэстыжнай прэміі ўдастоены больш за 200 лаўрэатаў.