Святар у мюзікле? Цудоўна!

Спектакль рыхтаваўся доўга і вельмі старанна. Была нават думка перанесці прэм’еру на пачатак новага сезона. Але ўсё атрымалася. Бог дапамог? Мабыць, бо ў цэнтры аповеду - айцец Мікалай Гур’янаў. Праўда, не ўсё ягонае жыццё, а толькі адна са старонак, прысвечаная некалькім здзейсненым цудам. 

Хай не засмучае кагосьці з’яўленне асобы святара на эстрадзе і ў мюзікле. Мінулі савецкія часы, калі гэты жанр лічыўся заганным і творцы імкнуліся камуфляваць яго назвамі кшталту “зонг-опера”, “фольк-опера”, “музычны спектакль” і да т.п. Заходняя культура мае выдатны прыклад увасаблення самога Госпада - у знакамітай рок-оперы Уэбера “Ісус Хрыстос - Суперзорка”. Праваслаўная традыцыя куды больш сціплая на падобныя падзеі, але на цяперашнюю пастаноўку было атрымана бласлаўленне, і  ніякага супрацьстаўлення з боку вернікаў, як гэта раз-пораз апошнім часам здараецца, не было. Дый быць не магло! Бо ў новым творы няма ніякіх захадаў, што маглі б быць інтэрпрэтаваныя як правакацыйныя, адшліфаваная кожная дэталь. 

Лібрэта, як і ў многіх іншых прэм’ерных мюзіклах гэтага тэатра, створана мастацкім кіраўніком калектыву, рэжысёрам Уладай Арцюкоўскай. Такое сумяшчэнне аўтара і пастаноўшчыка ў адной асобе мае плён: ва ўсіх творах - па-рэжысёрску добра распрацаваная драматургія, трапныя тэксты з патэнцыйна крылатымі фразамі, ніякага шматслоўя, непрымальнага для музычнага развіцця. 

Плённым стаў і тандэм з кампазітарам Аляксандрам Сухаравым. Будучы салістам гэтага тэатра, ён добра разумее і вакальную прыроду, і спеўныя магчымасці кожнага артыста. Таму, як і У.Арцюкоўская, адразу піша той ці іншы матэрыял на пэўную творчую асобу з усімі яе асаблівасцямі: спевакі маюць больш разгорнутыя і складаныя вакальныя партыі, артысты размоўнага жанру не імкнуцца спаборнічаць з імі, выконваючы іншыя па музыцы нумары ці спяваючы разам з астатнімі, таму складаецца ўражанне, што ўсе папраўдзе выступаюць на роўных. Дапамагае і ўменне карыстацца падгучкай, і двухпавярховая сцэнаграфія (мастак - Вольга Грыцаева). 

Харавік-дырыжор па адукацыі, А.Сухараў добра ведае царкоўныя спеўныя традыцыі, таму ў музычнай стылістыцы мюзікла адчуваецца натуральны і вельмі ўдалы зварот да інтанацыйнасці, уласцівай старадаўнім знаменным песняспевам: на ёй пабудавана большасць мелодый, што гучаць пры гэтым сучасна і свежа. Не абышлося і без уласцівай мюзіклам рок-стылістыкі. Але, улічваючы духоўную тэму, зварот да яе ў асобных нумарах мае грунтоўную нагоду: да айца Мікалая часцяком прыязджалі рок-музыканты - па бласлаўленне і паратунак. У прыватнасці, сярод герояў спектакля аказваецца рэальны лідар знакамітага гурта “Аліса” Канстанцін Кінчаў (Яўген Волчак). Цэласнасці спектакля спрыяе скразное дзеянне, сістэма лейтматываў, распаўсюджаная ў музычна-тэатральных жанрах. 

Усе акцёрскія работы - найвыдатнейшыя. У айцы Мікалаі цяжка пазнаць Руслана Чарнецкага (грымёр - Настасся Чарнецкая), які паралельна з гэтым спектаклем паўстае, да прыкладу, графам Монтэ-Крыста ў Нацыянальным драмтэатры імя М.Горкага. Ролю больш маладога святара прымераў удзельнік “Верасоў” Мікіта Касцюкевіч. Новую для сябе галіну засвоіла заслужаная артыстка Беларусі Жанет: звычайна лірычная, кранальна тонкая эстрадная прымадонна раптам паўстала ў яркай характарнай ролі скаржніцы-пляткаркі Лейкінай, якая толькі і робіць, што збірае на ўсіх кампрамат. Фізіка Аляксея Мечнікава, што праз каханне прыходзіць да веры, увасабляе Арцём Пінчук, які дакладна і без аніякага тэатральнага ўціску перадае псіхалагічныя ваганні свайго героя (у тым ліку праз змену тэмбравых адценняў у найскладанейшай вакальнай партыі). Яго абранніцу Вольгу Скварцову, выратаваную ад смяротнай хваробы, з уласцівай ёй мяккасцю грае і спявае Вольга Калеснікава. Увогуле пералічваць трэба ўсіх: Кацярыну Мядзведзеву (Ягораўна), Андрэя Кунца (Пятруша), Уладзіміра Мікалаева (Дзям’янаў), Кацярыну Муратаву (Анёл), артыстаў балета, што становяцца то рыбакамі, то прыхаджанамі. 

Спектакль склаўся. Застаецца пажадаць яму паспяховага сцэнічнага і, магчыма, фестывальнага жыцця. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА