Шчыра запрашае

Апублiкавана: 06 лiпеня 2023 Стужка Музыка Віцебск і воблась

Аўтар: Аўтары

ХХХІІ Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ўжо зусім блізка: асноўныя мерапрыемствы запланаваныя на 12—17 ліпеня, хаця нейкія праекты пройдуць і напярэдадні. 

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 5 ліпеня дырэктар фестывалю, генеральны дырэктар Цэнтра культуры “Віцебск” Глеб Лапіцкі, сёлета форум збярэ амаль 30 краін і больш як 5 тысяч удзельнікаў, што выступяць на двух дзясятках пляцовак, сярод якіх з’явяцца і новыя. Цікавасць да фэсту падлічыць вельмі лёгка: мадэрнізаваны сайт фестывалю наведалі прадстаўнікі 104-х краін. Для расійскай публікі з’явіцца спецыяльны цягнік “Масква — Віцебск”, расклад якога прыстасаваны да фестывальных падзей. Дапамог і такі маркетынгавы ход, як адкрыццё на ВДНГ у сталіцы Расіі фотавыставы “Імгненні фестывалю”. Да многіх “Славянскіх” імпрэз можна будзе далучыцца і праз тэлебачанне, і праз анлайн-трансляцыі, якія летась мелі 10,5 мільёнаў праглядаў. 

Асаблівасцей сёлетняга свята — шмат. Юбілей спраўляе сам амфітэатр — 35 гадоў. У ім мадэрнізавана святлодыёдная арка, што стане часткай сцэнаграфіі, зменена канфігурацыя подыуму. Завяршаецца рамонт КЗ “Віцебск”: зала стане безбар’ернай, з добраўпарадкаванай бліжэйшай тэрыторыяй. Сольнымі канцэртамі справяць свае юбілеі знаныя ўдзельнікі: група “Аўра” — 20-годдзе, Ірына Дарафеева — 30-годдзе спеўнай дзейнасці, Дзмітрый Малікаў — 35-годдзе творчасці. У канцэрце адкрыцця будзе адзначана 85-годдзе з дня народзінаў Ігара Лучанка (дарэчы, яго творчасці будзе прысвечаны і гала-канцэрт “Саюзная дзяржава запрашае…”). Разыначкай канцэрта адкрыцця, як паведаміла рэжысёр Агата Мацко, стане каля пяці выхадаў розных пар вядучых, сярод якіх будзе і народная артыстка Расіі Ангеліна Воўк. А ў самой праграме задзейнічаны не толькі сталыя, але і маладыя зоркі — тая ж суперфіналістка шоу “Х-фактар Беларусь” Наста Краўчанка са сваім хітом “Рамонкі”. Заззяюць у Віцебску і новыя зорачкі — пераможцы конкурсаў. Нагадаем: нашу краіну на іх прадставяць Самір Ёлчыеў і юная Сафія Рустамава. 

Ды ўсё ж галоўнай сёлетняй адметнасцю стане пашырэнне адукацыйнага складніка фэсту. Будуць праведзены адразу дзве творчыя лабараторыі: акрамя тэатральнай, што ўпершыню прайшла летась, яшчэ і оперная, прычым не толькі для маладых спевакоў, але і для канцэрт-майстраў.