Сямейны фестываль “Рамонкавае шчасце. Цяпло сям'і, цяпло роднага горада!”

Апублiкавана: 10 лiпеня 2023 Нам пішуць Традыцыі Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

У Лідзе на пляцоўцы каля Палаца культуры прайшоў сямейны фестываль “Рамонкавае шчасце. Цяпло сям'і, цяпло роднага горада!”. Ён быў прымеркаваны да Дня сям'і, кахання і вернасці, які адзначаецца штогод 8 ліпеня. У гэты дзень праваслаўная царква святкуе дзень памяці святых князёў Пятра і Фяўронні Мурамскіх.

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Генадзеўна Белуш, Парфірый, біскуп Лідскі і Смаргонскі.

Арганізатарамі сямейнага фестывалю выступілі аддзел культуры і аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Лідскага раённага выканаўчага камітэта, Палац культуры горада Ліды і Лідская праваслаўная епархія.

Свята падарыла гасцям радасную і ўтульную атмасферу, а таксама магчымасць цудоўна правесці час усёй сям'ёй.

У гэты святочны дзень гледачы змаглі не толькі далучыцца да музычнай тэмы кахання і духоўнасці, але і прыняць удзел у рабоце розных творчых лакацый. Для гэтага былі арганізаваны наступныя пляцоўкі: арт-лакацыя "Утульны дом", "Рамонкавы настрой", гульнявая прастора "Планета забаў", фоталакацыя "Сям'я. Каханне. Вернасць", інтэрактыўная пляцоўка "Прызнанне ў каханні" і яшчэ мноства разнастайных забаў. Лідчане таксама паўдзельнічалі ў сямейным дэфіле калясак "БебіПарк".

Сапраўдным упрыгожаннем свята стаў народны ансамбль духоўных спеваў "Праабражэнне" дзяржаўнай установы культуры "Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці.

Такія мерапрыемствы праводзяцца з мэтай захавання і распаўсюджвання сямейных каштоўнасцей і традыцый. Свята атрымалася шумным, вясёлым і вельмі цікавым.