Рэцэпт “Любоўнага напою”

Выпіць да донца “Любоўны напой” і спазнаць ад яго асалоду цяпер вельмі проста: дастаткова наведаць у пазначаны гэтай назвай дзень Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі. У новым сезоне зрабіць гэта можна будзе ўжо 8 і 9 верасня, 1 кастрычніка - і далей у адпаведнасці з афішай. 

Запісвайце інгрэдыенты: добрае лібрэта камічнай оперы, да якога паслядоўна прыкладалі сваю руку літаратары Сільвіа Малаперта, Стэндаль, Эжэн Скрыб, Фелічэ Рамані і, нарэшце, галоўны рэжысёр нашага Вялікага тэатра - крэатыўная Ганна Маторная (яе версія, надрукаваная ў праграмцы, - асобны выкшталцоны твор мастацтва); цудоўная музыка Гаэтана Даніцэці, што выводзіць на першы план найлепшыя здабыткі бельканта; рухавая сцэнаграфія Андрэя Меранкова, дзе ёсць мора, пляж, карабель і некалькі лодак, у тым ліку адна падводная; шыкоўныя сцэнічныя строі Любові Сідзельнікавай - наўпрост дэманстрацыя летняй моды, уключаючы прызначаную для венецыянскага карнавалу ў пачатку другой дзеі; мноства цікавых рэжысёрскіх прыдумак і адметных герояў, характар якіх змяняецца разам з выканаўцамі (у цэнтральнай партыі Немарына можна будзе пабачыць ажно сем розных тэнараў - і штораз атрымаецца іншы спектакль). 

Адна порцыя - прыблізна дзве з паловай гадзіны, падзеленыя на два прыёмы з невялікім перапынкам. 

Меры перасцярогі: не рэкамендуецца спазняцца (бо ў час уверцюры ідзе пастаноўчая прэамбула ў стылі барока), а таксама пераключаць увагу на смартфон, бо штосьці значнае адбываецца на сцэне абсалютна ў кожнае імгненне - няспынна, уключна з апошнім тактам, у якім прадказваецца яшчэ адно будучае вяселле (спойлер: Джанэты з Бялькорэ). 

Цікавостак сапраўды шмат, і многія з іх з’яўляюцца спасылкамі да іншых твораў і відаў мастацтва. Дарэчы, такі прыём быў закладзены ў оперу ў час яе ўзнікнення - амаль два стагоддзі таму. Літаральна ў самым пачатку Адзіна чытае старадаўняе паданне пра Трыстана і Ізольду (дададзім, што аднайменная опера Рыхарда Вагнера з’явіцца намнога пазней) - і далейшы сюжэт уяўляе сабой не што іншае, як іранічную інтэрпрэтацыю легенды, шмат у чым прадказваючы сучасны постмадэрн. Пра такі “намёк постмадэрну” сведчыць і матыў псеўдалекара, што вядзе адлік ад старадаўніх пляцавых камедый і скарыстаны адразу ў некалькіх п’есах Мальера, і аповед пра салдацкі флірт на пастоі, што часта прысутнічае ў мастацтве (згадаем хаця б далейшыя балет “Прывал кавалерыі” ці стужку “Аб бедным гусары замоўце хоць слоўца”). Зыходзячы з гэтага, рэжысёр насычае спектакль іншымі паралелямі, на гэты раз адсутнымі ў партытуры: з курортнымі раманамі (бо дзеянне перанесена з вёскі ХVIII--ХІХ стагоддзяў у пансіянат на марскім узбярэжжы пачатку ХХ ст.), творчасцю А.С. Пушкіна (тут і “Казка пра рыбака і рыбку”, і “Казка пра цара Салтана” з яе 33-ма асілкамі), сучасным кіно (запаволены рапід у сцэне гульні ў тэніс), цыркам (сямейства Дулькамары, дзе ў адной з роляў задзейнічана былая артыстка цырка Антаніна Сацура), лірычнымі камедыямі, вадэвілямі, жаночымі меладрамамі ды іншымі жанрамі, дзе ў фінале кожны адшуквае сабе пару па сэрцы, і інш. 

Кожны з салістаў знаходзіць уласныя псіхалагічныя абгрунтаванні паводзін свайго героя. Гаспадыня пансіяната Адзіна ў выкананні Таццяны Гаўрылавай - ніякая не генетычная капрызуля, а клапатлівая дзяўчына з прыроджаным матчыным пачаткам. У момант прызнання ёй Немарына яна ўвогуле нагадвае трагічную гераіню, але словы “Клянуся табе ў вечным каханні” спявае з гуллівай хітрынкай на вуснах. Тая ж гераіня Ірыны Кучынскай - гарэзлівая какетка, звонкая не толькі па голасе, але і па характары. А ў Алены Золавай, якая спявала на перадпрэм’еры, -- эмансіпіраваная бізнес-лэдзі, якая прагне кахання, ды баіцца яго. 

Ідэальны Немарына - Юрый Гарадзецкі, боская прыгажосць тэмбру якога прызначана акурат для гэтай партыі, асабліва ў знакамітым Рамансе. Але справа не толькі ў гэтым. Артыст стварае больш глыбокі, чым у іншых салістаў, папраўдзе шматслойны вобраз. Аляксандр Міхнюк і Віктар Мендзелеў імкнуцца акцэнтаваць камічны складнік оперы. Першы з іх - за кошт недарэчных сітуацый, у якія ўвесь час трапляе герой, што набліжае аповед да камедыі становішчаў. Другі - праз ап’яненне, што з моманту набыцця напою практычна не пакідае персанажа. Гарадзецкі ж малюе не толькі смешнага, але і найперш трагічнага “маленькага чалавека”, здольнага на адчайныя ўчынкі, самаахвяраванне, што перагукаецца з рускай літаратурнай традыцыяй ХІХ стагоддзя і ўшчэнт разбівае дадзенае спектаклю азначэнне оперы-буфа, шчыльна знітаванае са стылістыкай ХVІІІ стагоддзя і не адпаведнае кампазітарскім задумам Даніцэці. 

Такі псіхалагічна складаны цэнтральны рамантычны герой, як у Гарадзецкага, павінен рэзка кантраставаць з уласна камічным персанажам - Бялькорэ (Андрэй Кліпо) і Дулькамары (Дзмітрый Капілаў). Але свае мізансцэнічныя жартачкі гэтыя артысты выконваюць старанна “ўсур’ёз”, без той атмасферы гульні - у самым шырокім сэнсе слова, што ўласціва Дзянісу Янцэвічу і Андрэю Сялюціну, задзейнічаным у гэтых ролях з іншымі Немарына. 

Надалей, вядома, склады будуць змешвацца, абнаўляцца (баюць, з часам у партыі Бялькорэ мы ўбачым нават Уладзіміра Громава) - сачыце за афішай! 

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ