Знайсці сваю місію ў сучасным свеце

У чэрвені міністр культуры Беларусі Анатолій Маркевіч прадставіў калектыву Нацыянальнай бібліятэкі новага генеральнага дырэктара. Ім стаў Вадзім Гігін, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства “Веды”, былы дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Пра шляхі развіцця “алмаза ведаў” і задачы на бліжэйшы час новы кіраўнік расказаў газеце “Культура”.

— Вадзім Францавіч, успомніце свой першы візіт у Нацыянальную бібліятэку. Якое ўражанне яна на вас зрабіла? 

— У 1994 годзе я паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і накіраваўся ў бібліятэку, але мне адмовілі ў запісе, як і ўсім студэнтампершакурснікам. Памятаю, гэта быў пахмурны вераснёўскі дзень, перада мною высокі ганак, зашклёны будынак на вуліцы Чырвонаармейскай, шмат людзей і адчуванне, што ты стаіш перад храмам навукі. На другім курсе я стаў паўнапраўным чытачом гэтага кнігасховішча. Да гэтага часу памятаю ўсю працэдуру наведвання: спускаешся ў гардэроб, адзначаешся, затым трапляеш у агульную залу, дзе займаеш чаргу і атрымліваеш кнігі. Любіў карыстацца залай замежнай літаратуры, бо ў тыя часы пісаў работу па гісторыі Югаславіі. Будучы аспірантам, шмат часу праводзіў у навукова-даследчым аддзеле і ў залах беларускай кнігі. 

— Праз шмат гадоў вы ўвайшлі ў Нацыянальную бібліятэку ў ролі дырэктара. Што адчуваеце цяпер? 

— Як і тады, адчуваю захапленне, пераступаючы парог ужо новага будынка бібліятэкі! 

Перад прызначэннем на пасаду гутарылі з кіраўніцтвам нашай краіны аб тым, якой павінна быць установа, і нашы меркаванні супалі. Нехта можа задавацца пытаннем: а як новы дырэктар звязаны з бібліятэкай? Гэтыя сумневы маюць права на існаванне, бо ў мяне няма спецыялізаванай адукацыі ў гэтай сферы. Але часам бачанне справы і ідэі важнейшыя. Больш за тое, не магу сказаць, што я “чалавек збоку”, бо многія гады працаваў менавіта ў гэтым месцы, калі пісаў кандыдацкую дысертацыю і падручнік па гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Калі рабілі абыход, знаёміліся з падраздзяленнямі, бачыў шмат знаёмых твараў і адчуваў, што я частка гэтага калектыву. 

Цяпер для бібліятэк, і гаворка не толькі пра айчынныя, надышоў этап пошуку місіі: якое месца займаюць такія ўстановы ў сучасным свеце? Упэўнены, што ў прафесіяналаў ніколі не было адчування, што гэта пункт абмену кніг, бо гэта прымітыўнае ўяўленне. Бібліятэка — сапраўды сучасны асветніцкі, інфармацыйны і сацыякультурны цэнтр. 

— Раскажыце, калі ласка, пра задачы, пастаўленыя перад вамі, і пра тое, як плануеце іх рэалізоўваць. 

— Гэтыя задачы мы фармулявалі разам з міністрам культуры. Калі казаць пра адну з іх, то гэта праца з калектывам. У нас ёсць мэта: пазначыць ролю беларускай інтэлігенцыі ў сучасным свеце. Я не люблю словазлучэнне “павышаць прэстыж”, тут хутчэй гаворка ідзе пра тое, што чалавек з бібліятэчнай сферы павінен быць паважаны ў грамадстве. 

Не варта забывацца і пра папулярызацыю кнігі. У розных краінах сітуацыі адрозніваюцца, але ёсць прыклады, калі ў бібліятэках шмат наведвальнікаў, бо там працуюць па-іншаму. Мы павінны гэты перадавы досвед вывучаць і ператвараць установы ў цэнтр інфармацыйных тэхналогій: гэта і алічбоўка кніг, і стварэнне электроннай бібліятэкі — буйная рэспубліканская праграма. 

Таксама мы задумваемся і аб тэхнічным перааснашчэнні. Варта адзначыць хуткую дастаўку літаратуры. Вы проста задумайцеся, як добра павінен быць наладжаны працэс, каб чытач у нашай установе атрымаў кнігу з мільённага фонду ўсяго за 15 хвілін. Гэтая сістэма крыху састарэлая, і яе плануем мяняць. Дзякуючы сродкам рэспубліканскага бюджэту мы маем на ўтрыманні такую арганізацыю, але ўсе разумеюць, што нашы магчымасці, у тым ліку і па заработнай плаце, трэба пашыраць за кошт пазабюджэтнай дзейнасці. 

"Цяпер для бібліятэк, і гаворка не толькі пра айчынныя, надышоў этап пошуку місіі: якое месца займаюць такія ўстановы ў сучасным свеце?"

Разам з тым неабходна памятаць, што бібліятэка — гэта буйны навуковы цэнтр, і мы праходзім навуковую атэстацыю. Я з’яўляюся членам Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, і мы маем намер актыўна працаваць у гэтым кірунку. Ужо была размова з кіраўніцтвам Вышэйшай атэстацыйнай камісіі нашай краіны — Нацыянальная бібліятэка павінна цалкам рэалізоўваць свой навуковы патэнцыял. 

Паколькі я не пакідаю пасаду старшыні рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства “Веды”, якое за апошнія два гады рэалізавала шмат асветніцкіх праектаў, то ў планах кансалідаваць экспертную супольнасць і злучыць магчымасці гэтых дзвюх структур. 

— Нацыянальная бібліятэка — гэта не толькі кнігасховішча. Як вы ставіцеся да таго, што тут ладзяць выставы, праходзяць здымкі айчынных кінакарцін, ёсць прасторы для дыскусій і самая папулярная аглядная пляцоўка Мінска? 

— Калі прызнацца, у мяне дваякае стаўленне да агляднай пляцоўкі. Уся моладзь асацыюе Нацыянальную бібліятэку менавіта з гэтым месцам і не заходзіць у чытальныя залы. Прысутнічае нейкая рэўнасць у гэтым плане, бо бібліятэка не проста прыгожы будынак: галоўнае, чым яна напоўнена. 

Але, з іншага боку, я не ігнарую, што гэта адно з самых прыгожых архітэктурных збудаванняў сучаснай Беларусі, якое ведаюць і за мяжой. Таксама ўнутры ёсць фізкультурна-аздараўленчы і сацыякультурны комплекс. Мы, безумоўна, маем намер усё гэта выкарыстоўваць, каб вырашыць задачы, звязаныя з асветніцкай работай. 

— Вы часта выступаеце ў ролі эксперта на беларускім і расійскім тэлебачанні. Як ваш статус медыйнай персоны можа паўплываць на прэстыж Нацыянальнай бібліятэкі? 

— Безумоўна, гэта станоўча прыцягвае ўвагу да дзейнасці бібліятэкі. Мне патэлефанавала ўжо шмат нашых грамадскіх і палітычных дзеячаў, якія хочуць праводзіць тут мерапрыемствы і задзейнічаць патэнцыял гэтага месца. Таму трэба з любой магчымасці выціскаць максімум, які дазваляе дабіцца мэты на асноўным участку работы — у Нацыянальнай бібліятэцы. 

Зразумела, мяне прызначалі сюды не з-за медыйнасці. Гэта частка прафесійнага асяроддзя, у якім працую, але яна не аддаляе мяне ад асноўных абавязкаў. Я ж каментую палітыку і гісторыю — тое, што тычыцца маёй адукацыі, прафесійнай дзейнасці, грамадзянскай пазіцыі. 

— Ці плануеце вы ў будучыні калі-небудзь выдаць уласную кнігу? 

— Спадзяюся, сёлета выйдзе гістарычная публіцыстыка за шмат гадоў у папулярнай форме. А затым і манаграфія, прысвечаная тэме, звязанай з фарміраваннем ідэі беларускай дзяржаўнасці. 

— Якую кнігу вы параілі б прачытаць маладым людзям? 

— Вядома, тую, што мы вялікім калектывам аўтараў выпусцілі і па якой цяпер выкладаюць курсы ва ўсіх ВНУ краіны, — “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”. Гэта сапраўды добрая кніга, яе павінен прачытаць кожны студэнт. 

Хачу назваць свае любімыя творы беларускай літаратуры. “Сотнікаў” — аповесць Васіля Быкава, якая дапамагае зразумець псіхалогію чалавека ў складаных абставінах і зрабіць выбар у цяжкіх сітуацыях. 

Каб зразумець, што ты беларус, раіў б чытаць “Новую зямлю” Якуба Коласа. 

Яшчэ адно выданне, якое, напэўна, не карыстаецца масавым попытам, — праца акадэміка Яўхіма Карскага “Беларусы”. Фундаментальная кніга, дзе дакладна расказана, адкуль мы паходзім. Яна дапамагае зразумець галоўнае аб нашым народзе. 

А мой любімы паэт, бясспрэчна, Максім Багдановіч, яго лірыка — адзін з найлепшых укладаў у сусветную паэзію. 

— Як часта вам удаецца пачытаць кнігу? 

— Я заўжды шмат чытаю, проста ў мяне спецыфічны круг чытання. Стараюся чытаць мастацкую літаратуру і, вядома, шмат увагі надаю навуковай літаратуры. 

Настасся ЮРКЕВІЧ