Каб пазнаёміцца з новымі калекцыямі адзення, не абавязкова ляцець на Тыдзень моды ў Парыж. У нас ёсць магчымасць штодня адкрываць імёны таленавітых беларускіх творцаў. Арыгінальнасць іх дызайну ўжо можа скласці канкурэнцыю знакамітым дамам моды. Напрыклад, студэнтка Ірына Васілеўская стварыла асабісты брэнд хустак. Прынты на вырабах мастачкі са Жлобіна заслугоўваюць асаблівай увагі. 

Знаёмства са светам моды дзяўчына пачала, калі паступіла ў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Цяпер Ірына вучыцца на апошнім курсе і ўжо паўгода стварае крэатыўныя аксесуары для гардэробу модніц.

– Ірына, на што вы абапіраліся пры выбары спецыяльнасці ва ўніверсітэце? 

– Я нiколi не сумнявалася, што хачу вучыцца менавіта на факультэце дызайну, але было складана вызначыцца са спецыяльнасцю. Мой выбар вагаўся паміж «камунікатыўным дызайнам» і «дызайнам касцюма і тканін». У выніку мой унутраны творца спыніўся на другім варыянце. Перад трэцім курсам быў падзел групы па кірунках: дызайнер швацкіх вырабаў і дызайнер тэкстыльных вырабаў. Да гэтага часу я досыць добра пачала разбірацца ў тэкстыльнай вытворчасці і, не разважаючы, пайшла на тэкстыльніка. Упэўнена, што на маёй спецыяльнасці рыхтуюць сапраўдных мастакоў, майстроў сваёй справы.

Усяму, што трэба ведаць, навучыць нельга, настаўнік можа зрабіць толькі адно — паказаць дарогу. З самага дзяцінства наша гераіня адчувала ў сабе патэнцыял для творчасці. Усё пачыналася ў раннім узросце: у пачатковай школе ўзнікла шчырая цікавасць да стварэння вырабаў. Сур'ёзнейшым этапам сталі заняткі ў мастацкай школе, дзе да Іры прыйшло ўсведамленне бязмежнага росту. Паводле слоў дзяўчыны, яна адчула, што не варта абмяжоўваць сваё ўяўленне і не трэба баяцца выяўляць сябе.

– Калі вы адчулі, што гатовая заснаваць брэнд хустак? 

– Штуршок для адкрыцця асабістага брэнда я атрымала дзякуючы назапашанаму досведу ў стварэнні розных прынтаў і патэрнаў. Немалая колькасць уласных распрацовак навяла мяне на думку пра ўласны брэнд тэкстыльных вырабаў. Разважала пра тое, з чым мне было б цікава і прыемна працаваць, і мой выбар спыніўся на хустках.

Каб адчуць натхненне, для пачатку варта шырока расплюшчыць вочы, а потым упусціць навакольную прыгажосць у душу. Гісторыя моды расказвае нам пра розныя крыніцы для эмацыйнага ўздыму: вядомыя дызайнеры звяртаюцца да гісторыі, кінематографа, мастацтва, архітэктуры, каб адшукаць тую самую музу. Наша гераіня знаходзіць цiкавасць i сілы для творчасці ў прыродзе і жывёльным свеце. 

– Паўгода назад вы прэзентавалi cвой брэнд пад назвай Rina Textilia. Пры вырабе дызайнаў вы карыстаецеся расліннымі і зааморфнымі матывамі са складанай стылізацыяй, кожны этап стварэння якiх дэталёва прапрацоўваеце.

– Так, для пачатку я вызначаюся са сваёй творчай крыніцай. Пасля вымалёўваю на паперы ўсе дэталі, якія хацела б бачыць на вырабе. Ручная графіка мне бліжэйшая, чым камп’ютарная, таму я раблю эскізы ад рукі. Потым адбываецца працэс сканавання эскіза і перавод яго ў фармат jpg. Далей, дзякуючы адмысловай камп’ютарнай праграме, я працую з колерам, дадаю розныя эфекты, складаю кампазіцыю. Этап адмалёўкі элементаў — самае прыемнае ў працы, для мяне гэта параўнальна з размалёўкай-антыстрэсам. 

Малюнак пераносіцца на тканіну з дапамогай адмысловага абсталявання, я раблю гэта ў прыватнай фірме ў Брэсце: адпраўляю матэрыял — і мне друкуюць выяву на тканіне. Выбар тканіны залежыць ад індывідуальных запытаў кліента. На дадзены момант я выкарыстоўваю атласныя матэрыялы. Рэч вырабляецца прыкладна тыдзень, улічваючы выраб прамежкавых узораў і дастаўку заказу на адрас атрымальніка.

Усе мы звыклі да таго, што не адзежа здобіць чалавека, а чалавек адзежу. Таму праца над персанальным стылем патрабуе спецыяльнай увагі. Наш выгляд дапамагае падкрэсліць уласнае “Я”. Каб вылучыцца з натоўпу, мы звяртаемся да розных прыёмаў: карыстаемся незвычайным кроем адзення, дапаўняем свой вобраз яркімі акцэнтамі. 

– Хто пакупнік вашых вырабаў?

– Дызайнер павінен сачыць за трэндамі ў свеце моды і арыентавацца на пакупніка. Але пакупнік ад пакупніка розніцца. З цягам часу я зразумела, што нешматлікія людзі здольныя ацаніць яркія і складаныя прынты, але знойдзецца і той, каму гэтая тэма будзе блізкая. Галоўным чынам мой пакупнік – гэта маладыя дзяўчаты, якія надаюць асаблівае значэнне свайму выгляду і жадаюць дапоўніць гардэроб запамінальным аксесуарам.

У выяве славянскай кабеты хустка ва ўсе часы эстэтычна акцэнтавала ўвагу і служыла завяршэннем касцюма, а таксама была ключавым элементам у абрадах і традыцыях. Вялікую частку жыцця кабеты хадзілі ў хустках і не здымалі іх аж да скону. Гісторыя не ведае ніводнага жаночага галаўнога ўбора, які б надаваў столькі пяшчоты, уразлівасці і жаноцкасці, як гэта робiць хустка.

У XXI стагоддзі хусткі не страцілі сваёй актуальнасці, але занялі іншае месца ў гардэробе кабеты. Мадэльеры адважна эксперыментуюць з дызайнам, рознымі матэрыяламі і прынтамі. Сучасная мода разглядае хустку не толькі як галаўны ўбор. Цяпер яе можна насіць на шыі, выкарыстоўваць замест рэмня на штанах ці ў якасці асобнага аксесуара.

– Як вы плануеце развіваць свой брэнд? 

– Хачу ствараць усё больш і больш аўтарскіх дызайнаў. І не маю мар пра нейкую вядомую калабарацыю, бо лічу, што ў кожнага дызайнера можна нечаму навучыцца. Неўзабаве планую шчыльна пасупрацоўнічаць з дызайнерам шавецкіх вырабаў: цікава зразумець, як і наколькі мае вырабы могуць успрымацца ў якасці часткі штодзённага гардэробу.

Калекцыя Ірыны Васілеўскай налічвае чатыры ўнікальныя дызайны хустак. Кожны з іх ствараўся з адменным трапятаннем і закладзеным сэнсам. У наш час стыль не абмяжоўваецца адзеннем і аксесуарамі, якія вы носіце. Гэтае паняцце складаецца з вашага стылю жыцця, роду дзейнасці, пазіцыянавання і кола камунікавання. А маладыя таленавітыя дызайнеры, такія як наша гераіня, дапамагаюць падкрэсліць індывідуальнасць і падсвяціць нашы прыродныя вартасці.