Зорка нарадзілася: вінавата Магія?

Кажуць, каб дасягнуць мары, трэба думаць маштабна і верыць у свае шалёныя ідэі. Амбіцыйная, яркая і дзёрзкая! Такой з'яўляецца наша новая гераіня Паліна Суворава. У свае 22 гады выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — пастаянная ўдзельніца самых маштабных эстрадных праектаў нашай краіны. Памочніца рэжысёра, актрыса, вядучая — як гэта ўсё змяшчацца ў адным чалавеку? 

За кожнай таленавітай асобай стаіць яе сям'я. Бацькі Паліны ў выхаванні дачкі прытрымлiваюцца зладжаных прынцыпаў: нічога не навязваць, уважліва слухаць і падтрымлiваць. Дзякуючы такой атмасферы ў сям'і дзяўчына ні на секунду не сумнявалася ў сваім прафесійным выбары. Як вядома, у Новы год здараюцца цуды. Сустракаючы 2018-ы за святочным сталом, наша гераіня агучыла свой намер: паступлю ва Універсітэт культуры і мастацтваў, на іншае не пагаджуся. Усталёўкі абітурыенткі былі сур'ёзныя, бо яна не прывыкла даваць сабе права на памылку.

– Як вы абралі сваю будучую прафесію? 

– На працягу 11 гадоў у школе я шмат часу праводзіла ў кабінеце педагога-арганізатара. Гэта былі не тыповыя прагулы школьніка, як мяркуюць некаторыя настаўнікі. Дзякуючы гэтым сустрэчам я выяўляла сваю творчую асобу. Калі прыйшоў час абіраць ВНУ, выразна ўсведамляла, што жыць і вучыцца толькі мне. Таму трэба зрабіць самастойны выбар і думаць, дзе можна ў поўнай меры раскрыць свой патэнцыял. БДУКМ — месца, дзе душы таленавітых людзей яднаюцца ў адзіным творчым парыве. Пагутарыўшы з выпускнікамі, пачытаўшы шмат водгукаў і рэкамендацый, прыслухаўшыся да свайго сэрца, я зразумела: факультэт мастацкай культуры — маё! 

Формула поспеху

З дзяцінства Паліна прывыкла настойліва працаваць над сваімі жаданнямі. “Галоўнае верыць у свае сілы, а калі да гэтага прыкласці пэўныя намаганнi, даможашся 100% поспеху!” — запэўнівае дзяўчына. Яшчэ да паступлення будучая студэнтка пазнаёмілася з універсітэтам, наведваючы падрыхтоўчыя курсы.

– У студэнцкія гады поруч з намі з'яўляюцца настаўнікі, якія дапамагаюць вызначыцца з жыццёвымі арыенцірамі. Хто для вас стаў такой асобай?

– У маім універсітэце працуюць выкладчыкі з неверагодным унутраным светам, яны гатовы падарыць кожнаму студэнту свае веды і падзяліцца досведам. Але ёсць адзін асаблівы чалавек, які ўразіў мяне сваім прафесіяналізмам. Ён стаяў ля вытокаў стварэння такіх буйных фестывалей, як «Славянскі базар у Віцебску», «Дажынкі», «Памяць», «Песні свету» ў Малдове і шмат іншых. І выхаваў дзясяткі таленавітых вучняў, якія цяпер працуюць у розных кутках свету. Гэты Настаўнік — чалавек-слова, чалавек- талент, легенда нашага часу! Я з вялікім гонарам і падзякай кажу, што станаўленне маёй асобы прайшло пад чуйным кіраўніцтвам Аляксандра Дзмітрыевіча Вавілава, дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Гэты чалавек выхаваў маю ўнутраную волю, даў магчымасць выявіць сябе і дазволіў набірацца досведу ў мэтра.

Навучанне ў цэлым абточвала мяне як асобу: пачынаючы з уступных экзаменаў i развіваючы мяне не толькі ў спецыяльнасці. Са школьных часоў я была старастай і брала на сябе адказнасць за ўсе важныя пытанні. Гэту ж традыцыю працягнула ва ўніверсітэце, там мае лідарскія якасці толькі памацнелi.

Спяваць “Зялёны вінаград” з Аляксандрам Саладухам

Выпускнікі творчых ВНУ ў адзін голас раяць будучым студэнтам надаваць час не толькі навучанню, але і самаразвіццю. Максімальна выяўляць сябе ў розных праектах, браць удзел ва ўніверсітэцкіх імпрэзах і канцэртах — усё гэта створыць неацэнны багаж ведаў і карысных знаёмстваў.

– Маглі б вы расказаць пра самыя яркія эпізоды вашага студэнцкага жыцця? 

– Ніколі не забудуся пра вопыт удзелу ў фестывале “Славянскі базар у Віцебску”. На працягу навучання Аляксандр Дзмітрыевіч браў мяне памочніцай рэжысёра і імкнуўся расказаць пра ўсе сакрэты і традыцыі гэтага фэсту. Я атрымлiвала практычныя веды, гэта здаецца мне неацэнным.

Усе нймаверныя сустрэчы адбываюцца менавіта на маштабных імпрэзах. Ведаеце, я стала тым чалавекам, які бачыў зорак праз экран тэлевізара, а потым апынуўся поруч з імі за сцэнай. І на тваю сумачку выпадкова сядзе Вольга Бузава, ты дасі “пяць” Валерыю Лявонцьеву і праспяваеш з Аляксандрам Саладухам яго легендарны “Зялёны вінаград” пад гасцініцай у 4 раніцы. І гэта толькі маленькiя драбніцы вялікай эстраднай прыгоды!

За чатыры гады, дзякуючы Аляксандру Дзмітрыевічу, я набыла каласальны досвед. Пад яго кіраўніцтвам стала часткай буйных конкурсаў, а таксама прыклала не мала ўласных сіл у арганізацыю імпрэз. Нават паспела прымерыць на сябе ролю вядучай, што было для мяне зусім нова.

Магія ўнутры нас

Звычайна яркаму пачатку ўласцівы не менш бліскучы фінал. На апошняй мяжы Паліна павінна была вызначыцца з тэмай дыпломнай работы. Супадзенні не выпадковыя. Паважаны выкладчык студэнткі Аляксандр Вавілаў вырашыў рэалізаваць сваю маштабную задумку: паставіць мюзікл “Магія”. Для такога велізарнага праекта спатрэбілася надзейная каманда. Такім чынам наша гераіня стала актрысай мюзікла “Магія”, які і быў тэмай яе дыпломнай работы. 

– Раскажыце, як праходзіла падрыхтоўка да прэм'еры? 

– Ад стварэння ідэі да яе рэалізацыі прайшло два гады. Спачатку прапісваўся сцэнарый, стваралася музыка, змяняліся дыялогі, збіраліся тэхнічныя групы. З артыстамі праца доўжылася год: маўленне, балет, пластычныя вырашэнні, рэпетыцыя эпізодаў, поўныя прагоны — усё адточвалася да дэталяў. Мы літаральна начавалі ў рэпетыцыйнай зале. Да гэтага мы бачылі падобнае толькі ў фільмах, дзе ствараюцца буйныя праекты і трупа ночы напралёт рэпецiруе. 

Я была не толькі памочніцай рэжысёра, але яшчэ і артыстам. Мела ролю вясковай дзяўчыны, якая прыехала заваёўваць сталіцу. У прынцыпе гэтак і ёсць у жыцці. Сама я з горада Жлобіна. Мне было вельмі проста пранікнуцца гэтай роллю, бо я грала саму сябе. 

Для мяне стварэнне мюзікла на падмостках новага Спартыўна-культурнага комплексу БДУКМ стала дзецiшчам, нечым родным і вельмі дарагім сэрцу. Мне не хацелася ісці з рэпетыцый, а хацелася ўкласці ў гэту справу як мага больш. Мае заданні былі абсалютна рознабаковымі: ад стварэння партрэтнай здымкі артыстаў да арганізацыі цёплых сустрэч трупы мюзікла.

Маскі для артыста – гэта крыж

Чаканая прэм'ера мюзікла адбылася 18 мая 2022 года ў Мінску. Да гэтага “Магія” пераносілася ў сувязi з эпідэміялагічнай сітуацыяй. “Санітарныя маскі для артыста — гэта крыж. Калі не бачны эмоцыі, а толькі вочы, ствараецца іншае ўражанне”, — прызнаецца Паліна Суворава. 

Пастаноўку А. Д. Вавілава можна лічыць унікальнай. У мюзікле дзеля адной мэты з'ядналіся выкладчыкі, беларускія і кітайскія студэнты. Атрымаць асалоду ад творчасці таленавітай трупы змаглі і жыхары Бабруйска на Фестывалі народнай творчасці. У асобны дзень мюзікл прэзентаваў сябе на “Бабруйск-арэне” са сцэнічным аглядам у 360 градусаў. 

– Вас можна павіншаваць з дзвюма прэм'ерамі. Як бы вы апісалi свой выступ у Мінску і ў Бабруйску? 

– Ты выходзіш на сцэну і не выконваеш ролю, а жывеш. Сціраюцца межы паміж сэрцам гледача ітабой.

У Бабруйску амаль не было часу на рэпетыцыі, бо мы некалькі дзён працавалі памочнікамі рэжысёра на фэсце. Менавіта па прыездзе мы зразумелі, што цяпер убачым, чаму навучыліся. Тэхнічна і фізічна гэта было складана, бо ты спяваеш, граеш, узаемадзейнічаеш з гледачом. Тым часам ты стаіш на сцэне з аглядам у 360 градусаў і ў дадатак да гэтага цябе здымаюць камеры, якія транслююць дзеянне на экраны. Было ўсё: кветкі, слёзы, авацыі. 

Прэм'ера ў Мінску прайшла з ашаламляльным поспехам. Калі кулісы былі яшчэ закрыты і прагучалі словы нашага канферансье, усярэдзіне завіравала кроў. Узнімаецца заслона, светлавыя гарматы асляпляюць табе вочы, мурашкі пакрываюць тваё цела, і ты разумееш: няма права на памылку. У зале сядзяць бацькі, якія ўбачаць вынікі тваёй доўгай працы. Менавіта тады, калі глядач сустракаецца паглядам з акцёрамі, прыходзіць усведамленне, што пра такі фінал можна марыць. 

Дзіўна было знаходзіцца на адной сцэне з Аляксандрам Дзмітрыевічам, які прыняў цябе, як маленькую, на першым курсе. Развіў акторскія задаткі, пластыку, драматургію, сфарміраваў паняцце пра сцэну і пра тэатр. І вось вы робіцеся калегамі па цэху і ствараеце нешта неверагоднае.

Наша гераіня размеркавалася ў родны ўніверсітэт у якасці культурнага арганізатара. І ўжо сёння ў таленавітай дзяўчыны ў распрацоўцы некалькі творчых праектаў, якія ў хуткім часе яна прэзентуе шырокай публіцы. Упэўненыя, імя Паліны Суворавай прагучыць на вялікай сцэне яшчэ няраз.

 

Настасся Юркевіч