Руплівец мастацтва павінен дбаць пра дзяржаву

Апублiкавана: 24 лiпеня 2023 Стужка Музеі Мінск Iнтэрв'ю

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь новы кіраўнік. Ім стала Ганна Конанава, у творчым асяроддзі вядомая як мастак, прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, яркі прадстаўнік сучаснага пакалення топ-менеджараў у сферы культуры. Ужо ў іпастасі генеральнага дырэктара Ганна Уладзіміраўна адказала на пытанні газеты “Культура”.

— Прапанова заняць гэта крэсла была нечаканай? 

— Так. Пагадзілася таму, што маім пакліканнем і вялікай любоўю з самага ранняга дзяцінства была мастацкая творчасць. Я заўсёды падкрэсліваю, што з’явілася на свет у сям’і мастакоў. Як асоба фарміравалася ў мастацкім асяроддзі. Гэта шмат у чым вызначае маё стаўленне да прафесійнай дзейнасці, якая на працягу ўсяго жыцця звязана з мастацтвам. 

— У вас вучоная ступень кандыдата мастацтвазнаўства. Што было прадметам вывучэння падчас працы над дысертацыяй? 

— Мне заўсёды цікава пранікаць у свет ідэй, таму тэмай дысертацыйнага даследавання была “Функцыі святла ў станковым жывапісе Беларусі ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў”. У кандыдацкай дысертацыі я разглядала святло не толькі як тэхналагічны і тэхнічны інструмент стварэння жывапіснай работы, а яго анталагічнае значэнне ў творах мастакоў, пытанні каштоўнаснай арыентацыі, свядомага і несвядомага выбару аўтараў у яго выкарыстанні, філасофію святла ў творах мастацтва. 

— Вы паспяховы мастак. Гэта будзе дапамагаць або перашкаджаць на новай пасадзе? 

— Высокую творчасць нараджае напружанае жыццё і ўпартая праца. Я спадзяюся і стаўлю мэтай, што ўдасца шмат зрабіць у сферы ўласнай творчасці. У мяне занадта сур’ёзны шлях у мастацтве.

— Якія задачы перад вамі паставіў міністр культуры пры прызначэнні? 

— Калі коратка, то пашыраць пералік платных паслуг і павышаць даходы па пазабюджэтнай дзейнасці. Ствараць новыя перасоўныя праекты, прыцягваць маладых мастакоў і пашыраць супрацоўніцтва з установамі адукацыі. Надаць больш увагі навуковай і рэстаўрацыйнай дзейнасці. 

Адпаведна, цяпер думаем, як павялічыць колькасць мерапрыемстваў і наведвальнасць, у якім выглядзе лепш арганізаваць перасоўныя праекты і ці можна ў іх выкарыстоўваць арыгіналы нашых шэдэўраў. Такі досвед у музея ўжо ёсць. Да прыкладу, у межах святкавання Дня Незалежнасці мы праводзілі выставы ў Палацы Рэспублікі і ў Вялікім тэатры оперы і балета. Напрацоўкі ёсць, а механізм ахоўнасці экспанатаў неабходна будзе ўзмацняць і ўдасканальваць. 

— Дарэчы, якія перспектывы ў рэстаўрацыйнай майстэрні музея? 

— Яе дзейнасць запатрабаваная, заказаў шмат. Маюцца пэўныя магчымасці для нарошчвання аб’ёмаў работ. Гэта прынясе карысць музейнай справе па ўсёй краіне. 

Але трэба разумець, што рэстаўрацыя — вельмі карпатлівая праца. Таму рэзкія змены тут немэтазгодныя. 

— А як у сучасных умовах развіваецца супрацоўніцтва Нацыянальнага мастацкага музея ў сферы міжнародных абменаў? 

— Планамерна. За нядоўгі час, які прайшоў з моманту майго прызначэння, наш музей наведалі паслы Мексікі і Тайланду. Мы дамовіліся аб магчымым супрацоўніцтве з вядучымі музеямі гэтых краін. Ёсць зацікаўленасць у абмене выставамі. Пачнём, хутчэй за ўсё, з віртуальных праектаў. 

— У вас ёсць нейкія ўласныя мэты, якія ставіце перад сабой на гэтай пасадзе? 

— Ёсць пэўныя чаканні. У 2020 годзе да мяне прыйшло разуменне, што ў моманты грамадзянскай напружанасці, рэвалюцыі, вайны мастацтва перастае быць запатрабаваным. Толькі ў стабільнай дзяржаве квітнее культура. Таму руплівец мастацтва павінен дбаць пра адзінства народа, моц і трываласць дзяржавы.

Адпаведную задачу нам паставіў і Прэзідэнт Беларусі ў сваёй прамове на цырымоніі ўручэння ўзнагарод дзеячам культуры ў Дзень Незалежнасці. Аляксандр Лукашэнка досыць выразна сказаў пра хісткасць і крохкасць міру. Выпрабаванні, якія стаяць перад чалавецтвам цяпер, гэта не столькі пытанне стаўлення да палітыкі. Гэта пытанне бітвы дабра і зла. Экзістэнцыяльнае, сур’ёзнае пытанне. Мір — гэта дабро. Таму дзеячы культуры павінны праз сваю творчасць дбаць аб захаванні міру. 

Для мяне важны светапоглядны аспект у любой справе. З яго вынікаюць потым і мерапрыемствы, і акцэнты ў планаванні дзейнасці. Традыцыйныя каштоўнасці — тое, што вельмі актуальна сёння. І наконт гэтага ў мяне ёсць задумы. Не хацелася б іх агучваць: планы любяць цішыню. Магу толькі сказаць, што ёсць вялікае жаданне зрабіць нешта карыснае для Радзімы. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота з архіва гераіні