За душэўную дабрыню Аляксандра Парфяновіча калегі называюць Сан Санычам. Акцёр прысвяціў Магілёўскаму абласному тэатру драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, што ў Бабруйску, амаль пяцьдзясят гадоў. 25 чэрвеня Аляксандра Аляксандравіча, інтэлігентнага і абаяльнага чалавека, сапраўднага майстра сцэны, узнагародзілі знакам "Ганаровы грамадзянін горада Бабруйска". Гэта і стала падставай для нашай сустрэчы.

"Узнагароджанне было вельмі нечаканым, - распавядае Аляксандр Парфяновіч. - Разглядаю яго як яшчэ адзін вынік маёй працы, пацвярджэнне таго, што я патрэбны бабруйскаму гледачу. Таксама вельмі прыемна, што я ў свой час атрымліваў званне Заслужанага артыста і Ордэн Пашаны з рук Прэзідэнта Беларусі. Я ўдзячны свайму лёсу. Ведаеце, калі б жыццё можна было б пражыць спачатку, я б усё роўна стаў акцёрам і больш нікім".

- З чаго пачыналася ваша кар'ера?

- Яшчэ ў дзяцінстве пасля школьных урокаў я любіў глядзець фільмы ў сельскім клубе. Мяне цікавіла менавіта акцёрская ігра, тое, як перадаюцца пачуцці. Нядзіўна, што тады і захацелася стаць такім жа, як людзі на стужцы. Пазней мая настаўніца беларускай і рускай моў стала задзейнічаць мяне ў невялікіх інсцэніроўках. Яна заўважыла артыстычныя здольнасці і раіла паступіць на тэатральнае аддзяленне. І пасля заканчэння васьмі класаў я падаў дакументы ў магілёўскае кульпрасветвучылішча. Там выкладалі два маладыя выпускнікі інстытута культуры, педагогі Аляксандр Курловіч і Вера Карнавух. Гэта былі апантаныя тэатрам людзі, і яны заразілі мяне гэтым пачуццём. Пасля заканчэння вучылішча мяне накіравалі ў гарадскі пасёлак Падсвілле Віцебскай вобласці, дзе я займаўся метадычнай працай у занальным Доме культуры. Адпрацаваўшы размеркаванне, я падаў дакументы ў інстытут культуры. Паступіў на рэжысёрскае аддзяленне, дзе выкладалі Аляксандр Даброцін і Галіна Старкоўская, якія навучылі нас шмат чаму. Так што можна сказаць, што ў мяне была цудоўная акцёрская школа. Падчас вучобы мы гралі шмат розных роляў, асабліва мне падабалася ўдзельнічаць у п'есах паводле Гогаля і Чэхава.

- А як вы апынуліся ў бабруйскім тэатры? Як захоўвалі матывацыю для такой доўгай працы тут?

- На нашых выпускных іспытах была загадчыца трупы бабруйскага тэатра, яна і запрасіла мяне і маіх двух таварышаў сюды. У той час тут якраз мяняўся акцёрскі склад. Паступова мы сталі граць, уцягваліся ў жыццё тэатра. З'явілася сям'я. І таму, калі мне і прапаноўвалі змяніць месца працы, я не мог здрадзіць гледачу, гораду, які стаў родным. Дапамагала і тое, што я ніколі не ўдзельнічаў у тэатральных плётках, усяго сябе аддаваў толькі працы.

Я засвоіў, што трэба любіць сам тэатр, а не сябе ў тэатры. Магу адпачываць дома з сям'ёй ці на дачы, але праца заўсёды на першым месцы. І так ва ўсім: дзе б ты ні быў, ты павінен аддаваць сілы на поўную. Я і да гэтага часу вучуся: лічу, што важна назіраць жыццё, людзей, запамінаць погляды, жэсты, цікавыя выпадкі. І тады падсвядомасць выдае на сцэне тое, чаго ты ад сябе не чакаў. Я пастаянна думаю пра свае ролі, старыя і новыя. Часам жонка нават спыняе мяне: "Ты ўжо дома".

- Ці можна сказаць, што ваш тэатр выхоўвае гледача? Ці ўдзячны глядач вам за працу?

- У Бабруйску ёсць тэатралы, якія прыходзяць на кожны наш спектакль і глядзяць сур'ёзныя творы, а ёсць і тыя, хто жадаюць проста адпачыць. Такія гавораць, што праблем ім хапае і дома, і на працы. Мы гатовыя размаўляць з людзьмі на іх мове: дзесьці разам усміхнуцца, а дзесьці і паглыбіцца ў разважанні. Асабіста я ўдзячны ўсім гледачам, якія прыходзяць у тэатр, бо тэатр – гэта і ёсць глядач. Але, зразумела, людзі заўсёды нешта выносяць з тэатра, таму можна сказаць, што мы іх выхоўваем.

Падзякі ад бабруйчан мяне крыху бянтэжаць. Іх я чую пастаянна, калі іду на працу, гуляю, еду ў тралейбусе. І крыху шакіруе, калі мяне хваляць у грамадскіх месцах. Але я не дазваляю сабе зрывацца на людзей, проста перажываю ўнутры. А вось нядаўна сустрэў чалавека гадоў пяцідзесяці, і ён сказаў, што памятае мяне па ролі ў дзіцячым спектаклі. Толькі пасля я зразумеў, што тая роля была адной з маіх першых.

- Якія ролі падабаюцца больш за ўсё? Ці лёгка вам працаваць з моладдзю, новымі рэжысёрамі?

- Я больш люблю спектаклі з моцнай чалавечай думкай. Як правіла, драматычныя. Хаця і камедыя – частка нашай працы, але галоўнае, каб яна не была пустой. Я ўсё жыццё любіў гастролі, лічу, што яны таксама карысныя маладым акцёрам, хоць на іх і стамляешся. Мы ў свой час аб'ездзілі Расію, Украіну, Прыбалтыку. Дапамагаюць маладым артыстам і тэматычныя форумы з практычнымі заняткамі, а яшчэ прагляды спектакляў.

Раней да вопытных акцёраў прымацоўвалі маладых у якасці вучняў, але цяпер такога няма. Хаця бывае, што я падказваю нашай моладзі, як сыграць лепш. Успрымаюць гэтыя парады па-рознаму: нехта прыслухоўваецца, нехта ігнаруе і нават раздражняецца. Але я чалавек не напорысты і паважаю амбіцыі моладзі.

Даводзілася працаваць з вялікай колькасцю рэжысёраў. З кожным атрымоўвалася знаходзіць агульную мову. Упэўнены, што спектакль немагчымы без рэжысёрскай задумы, і аддаваць пастаноўку на водкуп акцёраў не правільна.

- Вы здымаецеся ў кіно. Ці адрозніваецца гэтая праца ад тэатральнай?

- У мяне больш за семдзесят эпізадычных роляў у фільмах і серыялах. Галоўнае адрозненне тут для акцёра у тым, што перад здымкамі практычна няма рэпетыцый, адразу ідзе дубль. Калі ў спектаклі мы вывяраем кожную эмоцыю да кропкі, то ў кіно выкарыстоўваюць хутчэй фактуру, знешнасць. Але, тым не менш, работу ў кіно не назавеш лёгкай. Згаджацца на яе спрыяюць і ганарары. Але бывае, што адмаўляюся ад роляў у кіно, калі заняты ў тэатры. Таму прашу папярэджваць аб пачатку здымак як мінімум за месяц. Больш за ўсё падабаецца супрацоўнічаць з кінарэжысёрамі Юрыем Марозам, Сяргеем Урсуляком, Уладзімірам Мірзоевым.

- Што дапамагае вам захоўваць інтэлігентнасць і дабрыню?

- Вядома, памяць аб маці. Лічу, што як выхаваеш чалавека ў дзяцінстве, так і складзецца ягоны характар. А яшчэ праца, да якой бацькі прывучалі нас з дзяцінства. Вось і цяпер у разгар лета, пасля заканчэння 77 сезона нашага тэатра, я адпачываю, працуючы на лецішчы. Там у мяне расце ўсяго патроху, заўсёды ёсць занятак. Наогул лецішча дапамагае адцягнуцца нашмат больш, чым баўленне часу ў гарадской кватэры.

Павел САЛАЎЁЎ

Парады маладым акцёрам ад Аляксандра Парфяновіча, як стаць сапраўдным прафесіяналам:

1) Любіць тэатр, а не сябе ў тэатры.

2) Накіраваць сябе на зразуменне прафесіі, бо чым больш будзеце ведаць пра яе, тым будзе лягчэй.

3) Больш працаваць над рухам на сцэне, эксцэнтрыкай, мімікай.

4) Тэатр – гэта не самадастатковасць, а напружаная праца.

5) На сцэне ўвесь час знаходзьцеся ў ролі, таму што глядач адчувае ўцягнутасць артыста ў працэс.