Уладальніцай Гран-пры ХХХІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” стала прадстаўніца нашай краіны Ганна ТРУБЯЦКАЯ.   

- Ганна, віншуем з перамогай! За вашымі плячыма - шмат самых разнастайных конкурсаў і безліч канцэртных пляцовак, ад сямейнага кола да найпрэстыжнейшага Палаца Рэспублікі ў Мінску, дзе быў ваш сольны вечар з Прэзідэнцкім аркестрам Беларусі. Але ж ці складана было выходзіць на сцэну Летняга амфітэатра да больш як шасці тысяч гледачоў?

- Заўсёды хваляўніча, калі ты не проста выступаеш як асобна ўзяты артыст, а прадстаўляеш сваю краіну. Я многа чула пра тое, што ў Віцебску - асаблівая публіка. Але, праспяваўшы на розных сцэнах 15 гадоў, усё роўна не была гатовая да такога прыёму, які адчула ў Амфітэатры. Я не паспела яшчэ выйсці, мяне толькі аб’явілі - і ў зале пачаўся той “дзявяты вал”, што бывае хіба ў фінале самых зорных выступленняў. У мяне ажно мурашы па целе пабеглі! Тыя апладысменты надалі мне дадатковы запал, натхненне, яшчэ большае жаданне перамагчы. Незабыўныя імгненні! 

Ганна Трубяцкая нарадзілася 20 чэрвеня 1999 г. у Магілёве. Скончыла там ДШМ імя М. Салдатава, дзяржаўны каледж мастацтваў. Цяпер вучыцца ў Інстытуце сучасных ведаў імя А. Шырокава. Пераможца, прызёр, фіналістка прэстыжных вакальных конкурсаў, фестываляў, тэлешоу ў розных краінах, уключаючы Гран-пры на сёлетнім “Славянскім базары ў Віцебску”, пастаянная і актыўная ўдзельніца гарадскіх і рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. 

- Вы цёзка знакамітай расійскай княгіні ХІХ стагоддзя Ганны Трубяцкой. Вас гэта не засмучае? Бо, наколькі я разумею, гэта не псеўданім, а ваша сапраўднае прозвішча, якое вы не змянялі пасля замужжа.

- Адпаведнасць княжацкім імені-прозвішчу не больш як супадзенне. Але, пагадзіцеся, даволі цікавае, у чымсьці прыцягальнае для публікі. Мне падабаецца маё імя, сваё прозвішча я лічу прыгожым, ганаруся ім і сваімі продкамі. Таму пасля замужжа вырашыла пакінуць яго як творчы псеўданім.   

- Дарэчы, музычны салон Трубецкіх у Парыжы карыстаўся вялікім поспехам, яго наведвала нават знакамітая тагачасная оперная прымадонна Паліна Віардо. Вы хацелі б мець уласны дом і ладзіць падобныя прыёмы? 

- Ой, не ведаю. Неяк ніколі пра гэта не задумвалася. 

- А проста патрапіць у тую атмасферу салона ХІХ стагоддзя - хацелася б?

- Вось патрапіць туды было б сапраўды цікава. Бо ўсе нашы ўяўленні пра гісторыю - толькі ўяўленні. А дакрануцца да ўсяго самастойна - гэта штосьці зусім іншае, той неацэнны досвед, які дарагога варты. 

- Вы вучыцеся ў Інстытуце сучасных ведаў імя Шырокава, праз год будзеце яго заканчваць. Але паралельна гэтаму вашай дадатковай “вучобай” стала вялікая канцэртная і конкурсная практыка, вы з’яўляецеся стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Пэўна, у вас ёсць нейкія ўяўленні пра тое, якой павінна быць ідэальная адукацыя ў сферы эстраднага выканальніцтва? 

- Мне як вакалісту хацелася б, каб выкладчыкі давалі мне больш свабоды, больш магчымасцей думаць, разважаць самастойна. Зразумела, трэба, каб у кожнага вакаліста была агульная база класікі, але нельга цалкам “зацыкліваць” на ёй вучняў. 

- Наколькі тады важная самаадукацыя і якая?

- Самаадукацыя ў творчасці вельмі важная. Калі чалавек гарыць сваёй справай, ён заўсёды знойдзе вольную хвіліну, каб адтачыць нейкі прыём ці папрацаваць над сваім матэрыялам. У пазаўрочны час я заўсёды, колькі сябе памятаю, займалася музыкай.

Самаадукацыя ў творчасці вельмі важная. Калі чалавек гарыць сваёй справай, ён заўсёды знойдзе вольную хвіліну, каб адтачыць нейкі прыём ці папрацаваць над сваім матэрыялам. У пазаўрочны час я заўсёды, колькі сябе памятаю, займалася музыкай.

- З самаадукацыі, наколькі я разумею, пачаліся ўвогуле вашы заняткі музыкай. 

- Спяваць я любіла з дзяцінства. Самай, бадай, любімай тады была песня з рэпертуару Каці Лель “Мусі-пусі”. Такая любоў да музыкі - пэўна, у мяне ў крыві, перадалася ў спадчыну: бацька быў ваенным дырыжорам, дзядуля граў на гармоніку, бабуля добра спявала народныя песні. Я вельмі ўдзячная бацькам і асабліва маці, якая адвяла мяне ў дзіцячую музычную школу і заўжды падтрымлівала мяне ва ўсіх маіх пачынаннях, клапацілася пра касцюмы, паездкі на конкурсы.

- У школе вы ігралі, вядома, на фартэпіяна?

- Так, я паступіла ў клас фартэпіяна, але паралельна займалася яшчэ і вакалам у Святланы Бянько. Гэта была Магілёўская дзіцячая школа мастацтваў імя Міхаіла Салдатава. Потым было навучанне ў Магілёўскім каледжы мастацтваў, пазней - заняткі ў знакамітага сталічнага педагога па вакале Васіля Сянькова.    

- Навошта ўвогуле тыя конкурсы? Ёсць меркаванне, што ў мастацтве, дзе кожны можа знайсці сваю нішу, яны не так і патрэбныя. 

- Не, конкурсы на сёння - абавязковая частка творчага жыцця кожнага маладога артыста. Менавіта на іх цябе могуць заўважыць. Але справа не толькі ў гэтым. Конкурсы, як і ўсялякія спаборніцтвы, выпрацоўваюць характар і такія неабходныя для артыста якасці, як вытрымка, упартасць, здольнасць упэўнена крочыць да сваёй мэты, уменне справіцца з хваляваннем і годна данесці да слухача ўсё тое, што было напрацавана. Нарэшце, гэта добрая трэніроўка. Бо галасавыя звязкі - таксама мышцы, што патрабуюць пастаяннай загартоўкі, як у тых жа спартсменаў. Асабіста пра сябе магу сказаць, што артысткай я стала, толькі паспрабаваўшы сябе на конкурсах, дзе перад удзельнікамі ставяцца ўсё новыя задачы. 

- Сапраўды, у вас багаты конкурсны вопыт, пачынаючы з дзяцінства: “Залатая пчолка” ў Клімавічах, “Халі-Хало” ў Наваполацку, украінскія праекты “Х-Фактар”, “Голас краіны”, расійскі “Голас”.

- З усім гэтым звязана шмат і радасных, і даволі напружаных момантаў. На ўкраінскі “Х-Фактар” я прыйшла разам з магілёўскім гуртом Jazz City Band, з якім пачала супрацоўнічаць, яшчэ калі мне было 14 гадоў. Але пасля першага выступлення нас раз’ядналі, узялі на праект мяне адну. І гэта быў сапраўдны стрэс: трэба вучыць новую песню, але як рабіць гэта без звыклай “групы падтрымкі”? Да таго ж умовы былі вельмі складаныя, даводзілася спаць усяго па тры гадзіны, бо тэлездымкі маглі працягвацца з шасці ранку да трох ночы. Ды яшчэ на вуліцы, дзе надвор’е зусім не спрыяла: было холадна. Памятаю, кожную раніцу я паўтарала сабе: толькі б не захварэць, толькі б не захварэць. Але гэта таксама вопыт! 

- А сярод радасных конкурсных падзей? Акрамя ўласна перамог - пэўна, прызнанне? Да прыкладу, Ціны Караль. 

- На “Голасе краіны” я спявала яе песню. А гэта і адказнасць, і адначасова рызыка. Але знаная спявачка мяне ўхваліла і нават выступіла са мной дуэтам. Ну а на сённяшні дзень галоўная конкурсная радасць - вядома, “Славянскі базар у Віцебску”.  

- На конкурсах трэба спаборнічаць, быць барацьбітом, змагаром. А ці патрэбныя такія якасці ў сямейным жыцці? 

- Так, на сцэне трэба быць байцом. А сямейнае жыццё - гэта найперш душэўны спакой і тое, што ў рускай мове называецца “созидание”. У сям’і можна быць проста самой сабой, не граць ніякія ролі.  

- Але ёсць пары, і даволі шчаслівыя, што пабудаваныя на вечнай негалоснай канфрантацыі, на спаборніцтве, маўляў, хто з нас тут больш “круты”.

- З маім мужам Святаславам Фешчуком мы пазнаёміліся на адным з канцэртаў, дзе ён быў арганізатарам. А хто з нас круцейшы? Мы даводзім гэта выключна паасобку: кожны -- у сваёй сферы, дасягаючы пэўных вынікаў у працы. Святаслаў не музыкант, ён займаецца бізнесам, у свой час скончыў юрыдычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Але ён добра разумее спецыфіку маёй прафесіі, неабходнасці тых жа гастроляў, якія суправаджаюць жыццё кожнага артыста, падтрымлівае мяне, і гэта вельмі важна для нас абодвух.

  

- Самае банальнае пытанне - пра далейшыя планы. “Славянскі базар у Віцебску” завершыць вашу конкурсную кар’еру ці ёсць яшчэ творчыя спаборніцтвы, якія вам хацелася б скарыць? 

- Конкурсы пакуль пастаўлю на паўзу. Хіба толькі калі можна будзе паспрабаваць заваяваць сусветнае шоу Singer, што ладзіцца ў Кітаі. Але дакладна гэта будзе не ў хуткім часе. Бо пакуль сапраўды трэба крыху адпачыць.  

Надзея БУНЦЭВІЧ