Заступілі на пасады

Апублiкавана: 04 жнiўня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Міністр культуры Беларусі Анатолій Маркевіч 1 жніўня прадставіў калектыву “Беларусьфільма” новага кіраўніка. 

— Прафесіяналізм, вопыт, веды і настойлівасць дадуць магчымасць Юрыю Аляксею на высокім узроўні арганізаваць работу прадпрыемства, умела накіраваць калектыў кінастудыі “Беларусьфільм” на выкананне пастаўленых задач, — адзначыў міністр. 

У адпаведнасці з перспектыўнымі напрамкамі дзейнасці арганізацыі і шэрагам ключавых задач, пастаўленых Кіраўніком дзяржавы перад новым гендырэктарам, Анатолій Мечыслававіч асабліва звярнуў увагу на пашырэнне супрацоўніцтва кінастудыі з нацыянальнымі тэлевізійнымі каналамі і Белтэлерадыёкампаніяй. Таксама Юрыю Аляксею давядзецца эфектыўна ўкараняць стратэгіі культурнага імпартазамяшчэння ў кінематаграфіі, наладзіць вытворчасць фільмаў, запатрабаваных гледачом і накіраваных на патрыятычнае выхаванне насельніцтва. 

Анатолій Маркевіч выказаў спадзяванне, што новае кіраўніцтва здолее сфарміраваць на студыі цэласную каманду, якая зможа эфектыўна выконваць задачы, пастаўленыя перад кінематаграфістамі. Ён таксама паведаміў, што прадпрыемства “Гроднааблкінавідэапракат”, якое да таго ўзначальваў Юрый Аляксей, мае найлепшыя паказчыкі сярод аналагічных устаноў. 

У той жа дзень, 1 жніўня, на пасаду дырэктара мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” заступіў Аляксандр Каркатадзэ, які дагэтуль працаваў загадчыкам філіяла “Музей «5 форт»”. Прадставіў калектыву кіраўніка першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада. 

— На сённяшні дзень створаны ўсе ўмовы для натхнёнай дзейнасці па рэалізацыі перспектыўных планаў і канцэптуальнага развіцця ўстановы, — сказаў першы намеснік міністра культуры. — Абарона Брэсцкай крэпасці — адна з самых трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны і гісторыі нашай краіны. Вельмі важна захоўваць памяць пра яе, своечасова ажыццяўляць рэстаўрацыі і музеефікацыі гэтага ўнікальнага помніка, унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыкакультурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, падтрымліваць аб’екты мемарыяльнага комплексу на высокім якасным узроўні. 

Валерый Грамада пажадаў Аляксандру Каркатадзэ праявіць сябе патрабавальным кіраўніком. Нагадаем, што ён працуе ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” з 2003-га, 13 гадоў займаў пасаду загадчыка філіяла “Музей «5 форт»”. 

Пасля прадстаўлення першы намеснік міністра культуры разам з калектывам мемарыяльнага комплексу ўсклалі кветкі да манумента, аддаўшы даніну памяці, павагі і падзякі абаронцам Брэсцкай крэпасці. Падчас наведвання Брэстчыны Валерый Грамада таксама азнаёміўся з экспазіцыяй абласнога краязнаўчага музея.