Моцны характар — яркая гульня

Апублiкавана: 05 жнiўня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Пад такім слоганам праходзяць II Гульні краін СНД у Беларусі з 4 па 14 жніўня.

Наша краіна зноў стане цэнтрам адных з самых маштабных спартыўных спаборніцтваў і рыхтуецца прыняць звыш 6000 спартсменаў, прадстаўнікоў дэлегацый і камандаў. А за самымі відовішчнымі 20 відамі спорту можна будзе паназіраць у 11 гарадах Беларусі. 

За медалі гульняў пазмагаюцца шматлікія дэлегацыі з Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана. У асобных праграмах выступяць каманды Егіпта, Ірана, ААЭ, Амана. Па большай частцы ў розных відах спорту будуць змагацца юніёры і моладзь, але ў некаторых прымуць удзел сапраўдныя зоркі. Самба, цяжкая атлетыка, пляжны футбол, мастацкая гімнастыка — тут за ўзнагароды пасапернічаюць профі найвышэйшага класа. Яшчэ адзін від спорту, у якім паспаборнічаюць дарослыя спартсмены, — хакей на траве. 

ЯСКРАВЫ ПАЧАТАК 

Ужо сёння чакаецца феерычная цырымонія адкрыцця на “Мінск-Арэне”. Арганізатары абяцаюць здзівіць гледачоў відовішчным канцэртам. У гэта можна паверыць, бо ўдзельнікі праводзілі рэпетыцыі ў лёгкаатлетычным манежы, для канструкцыі галоўнай сцэны спатрэбілася 100 тон абсталявання. Буйныя калектывы — ад народнікаў да эстрадных выканаўцаў — задзейнічаны амаль у кожным нумары. Прагучаць і песні-прэм’еры пра спорт, напісаныя спецыяльна для мерапрыемства. Сярод хэдлайнераў група “Аўра”, Ганна Благава і іншыя, а вядучыя праграмы адкрыцця — Тэа і Вольга Рыжыкава. 

ПАДРЫХТОЎКА НА НАЙВЫШЭЙШЫМ УЗРОЎНІ 

Праграма Гульняў крэатыўная і нестандартная. Напрыклад, байцы муай-тай паспаборнічаюць ў Летнім амфітэатры ў Віцебску, які бачыў нямала культурных падзей. Ледзь адгрымеў “Славянскі базар” і раз’ехаліся артысты — на галоўнай фестывальнай сцэне размясціўся рынг! Грымёркі ператварыліся ў распранальні, памяшканні для медыцынскай і антыдопінгавай службаў, побач з амфітэатрам усталявалі трэніровачныя рынгі.

Гарадскія ўлады Маладзечна, дзе пройдуць турніры па пляжным валейболе, грунтоўна падышлі да сустрэчы спартсменаў і гледачоў. “Стадыён размешчаны ў цэнтральным парку. Гэтая частка горада акумулюе вялікія людскія патокі. Мы вырашылі зрабіць побач сапраўдную фан-зону, дзе будзе арганізавана работа пунктаў харчавання, продаж сувенірнай прадукцыі. Будуць і інтэрактыўныя пляцоўкі, сцэны і шмат іншых актыўнасцей”, — распавёў Раман Кузняцоў, начальнік аддзела спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама. 

У Брэсце падчас адкрыцця II Гульняў краін СНД адбудзецца свята марожанага. Вытворцы рэгіёна прапануюць наведвальнікам фан-зоны пачаставацца рознымі відамі ласунку, публіку развесяляць вядучыя. Таксама плануюць усталяваць вялікі экран, на якім будзе ў прамым эфіры трансліравацца цырымонія з “Мінск-Арэны”. 

КАРТА ГОСЦЯ 

Гульні краін СНД дораць нам выдатную магчымасць падтрымаць любімых спартсменаў, нагоду пакалясіць па розных кутках краіны і паказаць гасцям турыстычны патэнцыял Беларусі. Для гэтага ўжо вызначаны афіцыйныя тураператары, якія прапануюць гасцям паслугі ад размяшчэння да экскурсійных пакетаў. 

— Ва ўсіх гарадах правядзення спаборніцтваў будуць працаваць фан-зоны, — распавёў намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык. — Там плануюцца трансляцыя гульняў, арганізацыя культурных, забаўляльных, спартыўных праграм, конкурсаў. Такія пляцоўкі будуць дзейнічаць з 4 па 13 жніўня і, напэўна, прыцягнуць як мясцовых аматараў спорту, так і турыстаў. Гэта яшчэ і спосаб папулярызацыi творчых, культурных, спартыўных і гастранамічных магчымасцей кожнага рэгіёна нашай краіны. Акрамя таго, на перыяд правядзення спаборніцтваў фарміруем спіс падзей у сферы мастацтваў, культуры, масавага спорту. Нам важна прапанаваць замежнікам “Карту госця”. Гэты праект дзейнічаў, але потым сышоў у цень. Чым ён цікавы? Такая сістэма распаўсюджана ва ўсім свеце. Гэта набор паслуг, магчымасць наведаць аб’екты харчавання, засяліцца ў гасцініцы, каб атрымаць зніжкі і бонусы. З такой картай падарожжа становіцца больш практычным. 

Настасся ЮРКЕВІЧ