Народнае гулянне "Вясёлы вазок – чатыры колы"

Апублiкавана: 05 жнiўня 2023 Нам пішуць Традыцыі Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Канец ліпеня, цёплае лета ў самым разгары. Не гледзячы на зменлівае надвор’е, у чарговы раз па аг. Курылавічы, што ў Мастоўскім раёне, коцяць свае колы вясёлыя вазкі, радуючы вяскоўцаў і гасцей аграгарадка.

Святочна ўпрыгожанае шэсце вазкоў, матаблокаў, веласіпедаў, самакатаў і іншага калёснага транспарту з музыкай і песнямі праязджае па цэнтральнай вуліцы Міра да галоўнай пляцоўкі свята каля дома культуры.

Жыхары аграгарадка весела вітаюць шэсце з вазкоў і тэатралізаваных персанажаў, стоячы ўздоўж вуліцы, і накіроўваюцца ўслед за імі на свята. Кавалькаду юных веласіпедыстаў узначалілі героі вядомага мультфільма Мядзведзь і Маша, а таксама гарэзлівыя, дасціпныя дзяўчынкі-весялінкі.

На вазках размясціліся Дзед і Баба, іх верны памочнік “Конік” – персанажы беларускага народнага гумару. Пані Мальвіна і пан Шкаляр, Насця і яе каханы хлопец Юрка, музыка Несцерка і вясёлая Гандлярка з вядомай камедыі “Несцерка” беларускага драматурга Віталя Вольскага. Усе яны героі тэатралізаванага прадстаўлення “Едуць, едуць да нас госці”, што разыграваецца на цэнтральнай пляцоўцы каля дома культуры. Выконваюць ролі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Курылавіцкага цэнтра вольнага часу і культуры.

Па традыцыі ўсе ўдзельнікі шэсця спыняюцца каля велічнага помніка  загінуўшым воінам аг. Курылавічы. Хвілінай маўчання ўшаноўваюць памяць загінуўшых аднасяльчан у гады Вялікай Айчыннай вайны і ўскладаюць кветкі да помніка.

А тым часам, каля цэнтральнай пляцоўкі віруе святочнае жыццё, гучыць вясёлая музыка, працуюць гандлёвыя рады, дзіцячыя атракцыёны, выстава народнай творчасці “Зямля мая – маё натхненне, мой лёс і мары, і любоў”. Разыграваецца безпроігрышная латарэя “Падкова шчасця”.

Пасля тэатралізаванага прадстаўлення выступілі госці мастацкай самадзейнасці Шчучынскага раёна, якія падрыхтавалі вялікі святочны канцэрт. А пасля было катанне на вазках, танцы, забавы і гульні.

Народнае гулянне “Вясёлы вазок – чатыры колы” прайшло як заўсёды весела, жыццярадасна, дзе кожны з прысутных змог знайсці для сябе штосьці новае і цікавае, з карысцю адпачыць, набрацца пазітыўных эмоцый і добрага настрою.

Ларыса ТРАЯН

культарганізатар філіяла “Курылавіцкі цэнтр вольнага часу і культуры”