Па свята — у Гарадок

Апублiкавана: 20 жнiўня 2023 Стужка Музеі Віцебск і воблась

Аўтар: Аўтары

Да ХХХ Дня беларускага пісьменства засталося два тыдні. Урачыстасці разгорнуцца 2 і 3 верасня ў Гарадку. 

Сімвалічна, што юбілейны форум праходзіць на Віцебшчыне. На гэтых землях нарадзіліся Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі, Васіль Цяпінскі, што далі імпульс развіццю беларускай культуры, адукацыі, кнігадрукавання. Сярод акцэнтаў свята таксама — стварэнне паэмы “Тарас на Парнасе” выхадцам з Гарадоцкага раёна Канстанцінам Вераніцыным, юбілей беларускага пісьменніка, перакладчыка і драматурга Янкі Маўра, 140-годдзе з дня нараджэння якога сёлета адзначаецца, гісторыя, культура і традыцыі Гарадоччыны. З улікам гэтых тэм Міністэрства інфармацыі сумесна з Міністэрствам культуры і распрацоўвала праграму мерапрыемстваў. 

Традыцыйна ў ёй — урачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства і ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, міжнародны круглы стол з удзелам айчынных і замежных пісьменнікаў, навукова-практычная канферэнцыя “Гарадоцкія чытанні”, дзіцячы конкурс “Жывая класіка”. У рамках свята пройдуць і навуковаасветніцкая канферэнцыя “Дарога да святыні”, Фестываль кнігі і прэсы. Будуць працаваць выставачныя і гандлёвыя павільёны. 

Адметнай рысай юбілейнага форуму стануць тэматычныя экспазіцыі гарадоў, дзе раней праводзіўся Дзень беларускага пісьменства. Парадуе гасцей і канцэрт, прысвечаны 85-годдзю кампазітара, народнага артыста Беларусі і СССР Ігара Лучанка, і выступленні мясцовых творчых калектываў. 

Падрыхтоўка да свята ідзе поўным ходам. Разам з адмыслоўцамі пра¬ цуе моладзь. Так, студэнты Акадэміі мастацтваў выточваюць фігуры з каменю, якія ўпрыгожаць сквер. Работнікі гарадоцкіх устаноў культуры і адукацыі ствараюць муралы: фасады дамоў аздобяць цытаты беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Гасцей і жыхароў горада чакае шмат іншых сюрпрызаў. Якіх? Хутка даведаемся.