Дзе спорт — там і песня

Апублiкавана: 25 жнiўня 2023 Стужка Афіцыйна Мiнская вобласць

Аўтар: КАСЦЮНІНА Ульяна

Мінулыя выхадныя вылучыліся не толькі яркімі фестывалямі, але і гарачымі спаборніцтвамі. Турысцкі злёт у рамках XXIV Спартакіяды работнікаў апаратаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання прайшоў з 18 па 20 жніўня ў Заслаўі.

У барацьбе паўдзельнічалі 20 камандаў. Сярод іх і зборная Міністэрства культуры. 

Іна Адамовіч, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры расказала, што прыехала на спартакіяду не ўпершыню: 

— Па натуры я чалавек актыўны, таму падобныя мерапрыемствы мне даспадобы. Спорт у цэлым надае сілы і зараджае бадзёрасцю ды энергіяй, вельмі патрэбнай пры сядзячай працы. 

Спаборніцтвы пачаліся з веласіпедных гонак. Ад кожнай каманды — па двое мужчын і жанчына. Гарачым заезд выдаўся не толькі праз спёку, але і праз моцнае жаданне зборных перамагчы. Каштоўнай была кожная хвіліна, бо ад яе залежаў не толькі асабісты вынік, але і месца каманды ў рэйтынгу. 

— Другі дзень аказаўся яшчэ больш насычаны, — распавядае Іна Адамовіч. — Прайшлі спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні, тэхніцы пешаходнага і воднага турызму. У апошніх, а менавіта ў парным катанні на байдарках, мяне ўдастоілі гонару прадстаўляць каманду Міністэрства культуры.

Па словах Іны Мар’янаўны, да гэтага яны з партнёрам ні разу не сядзелі ў адной лодцы. Аднак спрацаваліся і выступілі як адно цэлае. 

Не менш разнастайнай была і культурная праграма, у якую ўвайшлі прэзентацыя каманды, конкурс песні і турыстычных навыкаў ды побыту. У лагеры Міністэрства культуры сардэчна прынялі судзейскую калегію. Падчас паказу побыту прайшла тэатралізаваная сустрэча з аповедам пра беларускія звычаі і культурныя дасягненні. Журы таксама здзіўлялі багатым застоллем з нацыянальнымі стравамі. 

Для песеннага конкурсу была спецыяльна створана кампазіцыя “За мир — созидаем!”. Музыку і словы напісала Іна Адамовіч, а ўся каманда прадэманстравала яднанне, выканаўшы песню на сцэне. 

Яркая відэавізітоўка, традыцыйныя ўборы, крыху агню і фокусаў — за такі незвычайны падыход на конкурсе “Прадстаўленне каманды” судзейская калегія ўдастоіла зборную Міністэрства культуры “бронзы” — ганаровага 3-га месца. 

Пасля турыстычнага злёту Іна Мар’янаўна падзялілася эмоцыямі: 

— Гэтыя тры дні былі адзначаны выдатным настроем. Такія мерапрыемствы спрыяюць згуртаванню калектыву, даюць магчымасць пазнаёміцца з людзьмі з іншых ведамстваў, наладзіць прафесійныя кантакты і нават вырашыць некаторыя працоўныя пытанні. Акрамя таго, умацоўваюцца сяброўскія адносіны, што так важна ў Год міру і стварэння.