Што зрабіў для Бацькаўшчыны легендарны даследчык Анатоль Федарук

Гэтага немаладога і сціпла апранутага чалавека мне не раз даводзілася бачыць на розных нарадах, прысвечаных рэстаўрацыі важных аб’ектаў cпадчыны. Ён ніколі не цягнуў на сябе ўвагу, але варта было яму ўзяць слова – і ты адразу нібы акунаўся ў новы свет, дзе культура ўшчыльную сплятаецца з прыродай.

Да беларускай мінуў­шчыны Анатоль Федарук прыйшоў сваім — і вельмі адметным — шляхам: праз батаніку. Яшчэ ў далёкія савецкія часы перспектыў­ны навукоўца (будучы пра­фесар і доктар біялагічных навук!) усур’ёз захапіўся даследаваннем таго  плас­та культуры, які нехта лі­чыў ідэалагічна варожым, а нехта проста не вартым увагі — сядзібна­-паркавых комплексаў. І гэта было за­ хапленне на ўсё жыццё.

Займаючы важныя паса­ды — то намесніка дырэк­тара Батанічнага сада, то загадчыка лабараторыі, то загадчыка кафедры  — ён праводзіў ці не ўвесь воль­ны час на зарослых алеях, імкнучыся хаця б ва ўяў­ленні аднавіць задуму лан­дшафтнага дызайнера і апі­саць кожны сустрэты экзот (агулам іх было выяўлена каля 300).

Яго першыя грунтоў­ныя манаграфіі, якія вы­йшлі яшчэ ў савецкія часы, не толькі апярэдзілі, але і шмат у чым інспіравалі ця­перашнюю ўвагу да шля­хецкіх котлішчаў. І менавіта ён яшчэ за дзедам шведам (1989 год!) сфармуляваў на­ша сённяшняе разуменне гэтага феномена: “Стара­даўнія сады і паркі з’яўля­юцца творамі не толькі ўлас­на садовага мастацтва, але і культуры ў цэлым. Гісторыя стыляў паркабудаўніцтва шчыльна пераплятаецца з гісторыяй архітэктуры, лі­таратуры, філасофіяй, му­зыкай, жывапісам, тымі ідэ­ямі і густамі, якія панавалі ў іх эпоху”.

Урэшце, ці не сімваліч­на, што фатальны (хай і не апошні) дзень жыцця няўрымслівы даследчык пра­вёў менавіта ў чарговай экс­педыцыі?

Пра выбітнага навукоўцу згадваюць яго калегі.

“ВЕДАЎ ТАЯМНІЦЫ ПРЫРОДЫ”

Сяргей СЕРГАЧОЎ, доктар архітэктуры, прафесар БНТУ

— Пазнаёміліся мы на пачатку 70­ых. Я тады ўжо стаў дыпламаваным архі­тэктарам ды пайшоў пра­цаваць у “Мінскпраект”. Але куды больш за тыпавое будаўніцтва мяне цікавіла наша гістарычная спадчы­на. Праводзіў вольны час у яе пошуках, прычым ездзіў проста наўгад: не было ж та­ ды ні даведнікаў, ні энцык­лапедый.

І тут акурат з’явілася Таварыства аховы помні­каў — гэта была каласаль­ная падзея, бо раней такую тэму закранаць было не прынята. А пры ім — часо­піс “Помнікі гісторыі і ку­льтуры Беларусі”. Я напісаў туды свой першы сур’ёзны артыкул — пра сядзібныя комплексы Віцебшчыны. І трэба ж — дапусціў памыл­ку ў датаванні аднаго пала­ца: пераблытаў арыгіналь­нае барока з пазнейшай рэмінісцэнцыяй. Тады ў на­ шых навуковых колах гэта быў страшны ўдар па рэпу­тацыі. Пагатоў, гэта ж такая памылка, ад якой не адкру­цішся, не вытлумачыш яе сваім бачаннем. Самі зразу­мейце, што я адчуваў.

І вось, падыходзіць да мяне нейкі мужчына — і дзякуе за артыкул. Кажа, што памылак, вядома, трэ­ба пазбягаць, але надта за­смучацца не след. Каб вы ведалі, наколькі важнай для мяне тады была такая ма­ральная падтрымка!

З гэтага і пачалося наша знаёмства. Балазе, мы адра­зу знайшлі агульную мову: Федарук таксама самахоць даследаваў тыя сядзібы. Праўда, падыход у нас быў розны: я канцэнтраваў ува­гу на сваёй тэме — народ­най архітэктуры, а ў лёсы гаспадароў маёнткаў асаб­ліва не паглыбляўся. Мяне куды больш цікавіла матэ­рыяльнае ўвасабленне іх капрызаў. А вось Федарук разумеў, што за кожным элементам ансамбля ста­іць асоба яго ўласніка. Яму было важна, якія гаспадар меў погляды, як складваўся ягоны жыццёвы шлях, кім была ягоная жонка… По­тым я таксама прыйшоў да высновы, што такі кантэкст папраўдзе неаддзельны ад вузкай тэмы даследаванняў.

Бо сядзібы ў сваёй сут­насці — гэта ж як тыя ка­тэджы, што з’явіліся ў нас у 90­ыя. Праязджаючы міма, ты разумееш: іх гаспадар імкнуўся ўрэчаісніць сваю дзіцячую мару — і вось, нарэшце з’явілася магчы­ масць. Адсюль усе гэтыя смешнаватыя замачкі з ве­жамі. Нешта падобнае было і тады: з’ездзіўшы некуды ў Італію, шляхціц па вяртан­ні збіраў мясцовых хлопцаў, каб тыя ўвасобілі яго фан­тазіі.

У Анатоля Федарука атрымлівалася звязваць час і прастору, філасофскія ідэі і матэрыяльны свет. Тыя ж расліны ў парках для яго былі не толькі з’явай пры­роды — яны сведчылі пра ментальнасць і культуру нашых продкаў. Гэты лад мыслення   перадаваўся і мне. Дасюль перад вачыма той вялізны вяз, які гэтак уразіў мяне ў сядзібе ў Красках (баюся, яго ўжо няма)... Такое дрэва трэба расціць гадоў 30-­40 — і то­лькі тады яно раскашуе ва ўсім сваім харастве. То­бок, гаспадары рупіліся не пра сябе, а фактычна ўжо пра нашчадкаў!

Раней падыход да тэмы шляхецкіх маёнткаў быў просты: эксплуататары ду­шылі народ — і ўсё тут. Федарук на такое не вёўся. І калі ў 80-­ыя выйшлі яго першыя грунтоўныя манаг­рафіі, гэта была сапраўдная падзея: мы ўпершыню змаг­лі ўбачыць усю з’яву сядзіб­най культуры ў яе поўні!

Бывае, навуковая кніга змяшчае адно — набор фак­таў: колькасць такая, памер такі, вось вам даты... А ад­куль усё яно ўзялося, да ча­го прывяло — і ўрэшце: што прынесла нашаму народу ды ўсёй цывілізацыі — аўта­ра ўжо не надта цікавіць. Але Федарук заўсёды гэты­мі пытаннямі пераймаўся, высоўваючы свае гіпотэзы і выбудоўваючы прычынна­ выніковыя повязі.

Праўда, некаторыя ты­тулаваныя і рафінаваныя даследчыкі раілі мне калегу не падтрымліваць. Маўляў, ён зводзіць садова­парка­вую архітэктуру немаведама куды, адхіляецца ад навуко­вай падачы матэрыялу. Я ў адказ маўчаў ды ківаў гала­вой: не выпадае маладняку спрачацца з аўтарытэтамі. Ды цішком сабе думаў: ну вось вы абстаўляецеся не­пралазным частаколам тэр­мінаў, і таму ніхто, апрача пары­тройкі  адмыслоўцаў, вашы кнігі не прачытае. Але ж цяпер запыт на такую літаратуру вялікі, яна цікавая шырэйшым колам грамадства. Дык хіба гэта дрэнна, што Федарук адчувае тую аўдыторыю, якой яго веды патрэбныя? Ён цудоўна разумеў, што манаграфіі, загрувашчаныя мудрагелістымі слоўнымі канструкцыямі, хіба цешаць эга свайго аўтара: іншыя ў гэтых лабірынтах заблукаюць. Федарук, вядома, таксама мог бліснуць адмысловай лексікай — са свайго біялагічнага лексікону, які б наўрад ці зразумеў хто з гісторыкаў. Але наўмысна гэтага не рабіў. Таму яго і чытаць цікава. 

Бачыў, як ён праводзіць экскурсіі — як правіла, такога тытулаванага гіда запрашалі толькі для адмысловых гасцей. Яму давалі хвілін 30, а ён праз паўтары гадзіны прыводзіў вельмі задаволеных людзей, якія забыліся на ўсе пазначаныя ў далейшай праграме застоллі. Як выяўлялася, даведацца нешта новае — куды цікавей.

На пачатку 90­ых нам даводзілася разам працаваць над стварэннем музейнага комплексу “Дудуткі”. Ён ужо тады лічыўся найлепшым спецыялістам па азеляненні, але ж уласнік быў наравісты і да яго голасу прыслухоўваўся не заўсёды. Запомніўся такі паказальны сюжэт. Гаспадар вырашыў пасадзіць ялінкі, каб закрыць непрывабны від на запраўку. Федарук яму кажа: гэта марная справа. Па­першае, елка сюды не пасуе, па­другое, сезон не той, па­трэцяе, дрэва наогул не так і лёгка перасадзіць… Яго не паслухалі. Наступным разам прыязджаю, гляджу — ялінкі цешаць вока зялёным колерам, на іх ужо нават шышкі з’явіліся. Кажу яму: ну вось, а вы пярэчылі такой прыгажосці! Той сумна пасміхаецца: дзівак, тыя шышкі акурат і сведчаць пра тое, што дрэвы паміраюць! І разумеючы гэта, яны імкнуцца з усяе моцы паспець працягнуць свой род: так уладкавана ў прыродзе. Ён ведаў усе яе таямніцы! Я гэта зразумеў, калі яго сумны прагноз спраўдзіўся. Тады ж па ініцыятыве гаспадара мы зладзілі экспедыцыю: цэлы тыдзень ездзілі на мікрааўтобусе па беларускіх сядзібах. Федарук і раней большасць з іх наведваў. Але бывала і так, што прыбываем на месца — і не можам знайсці хаця б рэшткі ад той сядзібы. Памятаю, аднойчы ў такім выпадку мы ўздыхнулі, пасядзелі ля вогнішча ды паклаліся спаць у намёт — а ён не сунімаецца: пайду яшчэ пашукаю. І ўжо зранку распавядае: знайшоў адну бабулю, якой мама распавядала, як у той сядзібе ўсё было ўладкавана. Так, на сведчаннях жывых асоб многія навуковыя працы і базуюцца. 

Крыніцы, вядома, небеспахібныя, але паспрабуй ты знайсці іншыя. Часта ён скардзіўся: распавядаеш пра алею, а дэ­факта яе ўжо і няма. Маўляў, я вось магу разгледзець планіроўку, а іншыя — наўрад ці, бо надта ўсё пазарастала. У яго працах ніколі не было стогнаў пра страчаную спадчыну, але ў некалькіх словах ён даваў зразумець: вось тут было хараство, і яго не стала. Так, сцены могуць стаяць стагоддзямі, а любы парк за 20 гадоў пераўтвараецца ў непралазны гушчар. Памятаю, яго прызначылі загадчыкам кафедры. Здавалася б, пасада добрая, прэстыжная. Але патрабуе выканання адміністратыўных функцый. І вось, праз колькі гадоў ён ад яе адмаўляецца. Я здзіўлена пытаю: чаму? І Федарук кажа: ведаеш, я зразумеў, што гэта не маё. У мяне ў жыцці іншае прызначэнне.

Ён не ставіў перад сабой мэту кагосьці навучыць сваім прынцыпам, але часта гэта атрымлівалася: у гутарцы, напаўжартам. Неяк мы гутарылі пра разнастайнасць і хараство беларускай прыроды. І раптам суразмоўца пытае: а ты ведаеш, колькі на нашай зямлі расце аўтахтонных відаў дрэваў? Уяўляеш, іх усяго 17! Але гэтага набору хапіла, каб стварыць тое, што мы маем! З таго часу я заўсёды прыводжу гэты прыклад студэнтам­архітэктарам — каб у іх не было спакусы “разнастаіць” свае аб’екты незлічонай колькасцю элементаў.

Федарука часта запрашалі ў якасці кансультанта. Спаслацца на такі аўтарытэт многія лічылі патрэбным. Не заўсёды да ягоных парад прыслухоўваліся: якасны ландшафтны дызайн вымагае нямала грошай. Але нават у тым, што яго проста слухалі, думаю, карысць ужо была. Хоць неяк гэта ды ўплывала на прыняцце рашэнняў. Ён увесь час закідваў зярняткі, і спакваля яны прарастаюць.

“НІКОЛІ НІ ПРА КАГО НЕ КАЗАЎ ДРЭННА…”

Уладзімір БАГДАНАЎ, даследчык гісторыі Першай сусветнай вайны

— Мы пазнаёміліся ў 2005 годзе, калі разам давялося паехаць у Воўчын, дзе пачыналася аднаўленне знакамітага касцёла, і нас запрасілі ў якасці экспертаў. Дарога доўгая, ёсць час пагаварыць — і хутка мы паразумеліся праз агульны інтарэс да мінуўшчыны. З таго часу пачаліся нашы рэгулярныя вандроўкі па беларускіх адметнасцях, якія доўжыліся дзесяць гадоў. Аб’ездзілі не раўнуючы ўсю Беларусь. Гэта быў аптымальны склад для такіх экспедыцый: людзі, якія ніколі не стамляюцца. 

Мой сябра Андрэй Дыбоўскі фіксаваў усе адметнасці, рупячыся пра напаўненне інтэрнэт­энцыклапедыі “Глобус Беларусі”. Мяне найперш вабілі аб’екты часоў Першай сусветнай, а Тарасавіча, як мы паважліва сталі называць Федарука міжсобку, — зразумела, сядзібы. Зрэшты, цікавіла яго абсалютна ўсё, і ў маёй тэме ён таксама неўзабаве пачуваўся бы рыба ў вадзе.

Тарасавіч быў і старэйшы за нас, і куды больш аўтарытэтны. Тым не менш, адносіны у нас усталяваліся роўныя, ён заўсёды паважліва ставіўся да нашых меркаванняў і з цікавасцю ўступаў у дыскусію. Выязджалі мы а 7­8 ранку — і гэта ў выхадны! — а вярталіся часам а другой ночы. Нягледзячы на ўзрост, Тарасавіч ніколі не казаў: усё, хлопцы, баста, давайце мо ўжо па хатах. Ён быў заўсёды гатовы адкінуць усе свае справы — толькі пакліч у такую вандроўку! Пры тым, што амаль усе беларускія сядзібы яшчэ і да нашага знаёмства аб’ездзіў. Але не абмінаў магчымасці наведаць іх і другі, і трэці раз — каб нешта ўдакладніць ці пераправерыць. Асобны прыемны ўспамін з тых экспедыцый — фірмовыя сырнікі, якія гатавала яго дачка Наталля.

Новым тэхналогіям Тарасавіч не надта давяраў. Да апошняга здымаў на стужку — а потым, калі мы яго ўрэшце намовілі перайсці на “лічбу”, ушчуваў нас за брак настойлівасці. Інфармацыя ў яго назапашвалася ў розных кардонных папачках. Але пры гэтым знайсці там патрэбныя звесткі можна было хутчэй, ніж у тэчках камп’ютара.

Аднак былі ў яго і свае ноу­хау. Калі наша машына спынялася ля якой­небудзь сядзібы, ён казаў: зараз зраблю абмеры. Мы дзівіліся: дык у вас жа няма з сабою адмысловых прыладаў! А ён у адказ: я ведаю даўжыню свайго кроку, і гэтага дастаткова. Пакуль мы аглядаліся ды фатаграфавалі, ён паспяваў скласці план маёнтка — ды ўжо бег знаёміцца з мясцовымі жыхарамі, каб распытаць іх пра мінулае. У яго быў надзвычайны талент — ладзіць з людзьмі.

А які ён меў дар красамоўства! Тарасавіч быў чалавекам, які літаральна створаны для нейкага адукацыйнага тэлевізійнага праекта. Калі ён распавядаў пра ўласнікаў таго ці іншага маёнтка, нам здавалася, што гэта яго крэўныя — так захапляльна Федарук іх апісваў! І мінулае паўставала ва ўсёй красе — нават калі насамрэч перад вачыма былі толькі занядбаныя руіны. Тарасавіч умеў ствараць карціну жыцця. Ён раскрываў нам вочы на тое, чаго б мы самі ніколі не заўважылі. Той жа свет раслін, на які я раней асабліва не звяртаў увагі… Неяк прыязджаем на закінутыя могілкі часоў Першай сусветнай, і ён мне кажа: глядзі, такія дрэвы на Беларусі не растуць. Значыць, іх наўмысна тут пасадзілі для ўшанавання памерлых. Так я пераконваўся, што расліны могуць шмат чаго распавесці пра мінулае.

І што яшчэ вельмі важна: ён ніколі ні пра каго не казаў дрэнна. Ведаеце, сустракаецца такая асаблівасць у навукоўцаў: за вочы перамываць калегам косткі. Але гэта не пра яго: Тарасавіч пра ўсіх заўсёды адгукаўся з павагай.

…Гэты фатальны выпадак адбыўся без нас: ён знайшоў машыну з кіроўцам, які адвёз яго на чарговую сядзібу. Той не надаў вялікай увагі таму, што пасажыра доўга няма, і пайшоў шукаць яго толькі праз некалькі гадзін. Калі б медыцынскую дапамогу яму аказалі хутчэй, можа, не было б для здароўя такіх жахлівых наступстваў.

“ЛЮБІЎ ЖЫЦЦЁ ЎСЁЙ СВАЁЙ НАТУРАЙ”

Вадзім ГЛІННІК, архітэктар-рэстаўратар

— Усе мы вельмі любілі Анатоля Тарасавіча. Гэтая неверагодная асоба ў любым веку захоўвала па­дзіцячаму непасрэдны погляд на рэчаіснасць. Ён любіў жыццё ўсёй сваёй натурай — і асабліва тое, чым займаўся. Ён заўсёды быў у адным і тым самым настроі ды ўмеў натхняць. Гэта чалавек­энцыклапедыя, ён усе нашы гістарычныя паркі сваімі нагамі вымераў! Ягоныя кнігі на пэўны перыяд сталі сапраўдным інвентаром сядзібных ансамбляў Беларусі. У гэтым плане ягоны жыццёвы і навуковы подзвіг у нечым падобны на даробак Напалеона Орды, які здзейсніў нешта падобнае на сто гадоў раней — і метадамі мастацтва.

Слова “подзвіг” я ўжыў недарэмна. Гэта тытанічныя намаганні — не маючы машыны, аб’ехаць усю Беларусь. Колькі часу, высілкаў, грошай спатрэбілася... Я разумею, як цяжка было ягонай сям’і, бо ў сутках жа толькі 24 гадзіны! Але Анатолю Тарасавічу пашэнціла з жанчынамі, якія былі з ім поруч,– з жонкай Марыяй Антонаўнай і дачкой Наталляй.

Не трэба забываць, што асноўная ягоная прафесія — біёлаг, а сядзібы — свайго кшталту хобі. Ён быў Аматарам з вялікай літары і ў першасным значэнні слова — чалавекам, які апрача асноўнай працы, аддае ўсе жыццёвыя сілы нейкай важнай справе. Ды і ў даследаванні сядзібаў, на маю думку, Федарук — гэта найперш біёлаг. Яго асабістыя назіранні за відавым складам гістарычных паркаў, рэкамендацыі па догляду за імі — самае каштоўнае ў ягоным даробку.

У той ракавы дзень Анатоль Тарасавіч павінен быў ехаць разам з намі на чарговыя агледзіны парка ў Лынтупах. Але напярэдадні ўвечары ён патэлефанаваў, каб выбачыцца і папрасіў перанесці вандроўку на іншы час. Планы раптоўна змяніліся, бо для падрыхтоўкі новай кнігі яму тэрмінова трэба было выехаць у іншую сядзібу — выявілася, што ранейшыя фота не падыходзяць паводле якасці і неабходна зрабіць лепшыя. На наступны дзень яго сваякі паведамілі пра бяду: здарыўся інсульт. Яго знайшлі на сцежцы ў старым парку — што, вядома, сімвалічна. На жаль, рэабілітавацца яму ўжо не было дадзена…

Шкада, што мы не паспелі зрабіць тую справу ў Лынтупах, якую ён сам прапанаваў. У парку былой сядзібы Бішэўскіх даследчык здалёк угледзеў галіну клёна, якая нахілілася па­над сажалкай. Увосень яна мела іншы колер, ніж іншыя. Падышоўшы бліжэй, ён вынес вердыкт: гэта цікавая мутацыя, і нам абавязкова трэба вывесці з яе новы від клёну ды назваць яго Лынтупскім. Тое самае ён марыў зрабіць і з мутацыяй вяза ў Раманішскім парку непадалёк адтуль — хацеў стварыць на яе падставе асобны від вязаў. На жаль, не паспеў… Баюся, апроч яго, з гэтай справай ніхто не дасць рады.

Анатоль Федарук пайшоў з жыцця 11 жніўня.

Ілья СВІРЫН

Фота Уладзімір БАГДАНАЎ