Дзень беларускага пісьменства ў Добрушы

У першыя выхадныя верасня ў краіне традыцыйна ладзіцца Дзень беларускага пісьменства. Сёлетаёнадзначаецца ў Добрушы – горадзе, вядомым з XVI стагоддзя, які славіцца тым, што менавіта тут былі заснаваныя першыя ў Беларусі папяровая фабрыка і фарфоравы завод. Знакамітым ураджэнцам Добрушскага краю з'яўляецца народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін. Адна з ключавых падзей свята – урачыстае адкрыццё помніка класіку беларускай літаратуры, які стварылі скульптары Канстанцін Касцючэнка і Уладзімір Піпін.

Усе праекты Дня пісьменства сёлета праходзяць пад знакам Года гістарычнай памяці. У рамках свята ўдзельнікі і госці могуць азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў, творчых калектываў і выканаўцаў, а таксама даведацца імёны пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года. Удзел у мерапрыемстве прымаюць каля ста літаратараў з усёй краіны і яшчэ столькі ж – з-за мяжы.