Ван­дроў­ка па эпо­хах

Апублiкавана: 04 верасня 2023 Стужка Музеі Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Старадаўняя Ліда сустракае 700-годдзе. Кульмінацыяй юбілейнага марафону падзей стала маштабнае свята горада, якое доўжылася ўсе мінулыя выхадныя. 

Заснаванне Ліды ў 1323 годзе звязана з узвядзеннем замка Гедыміна. Перажыўшы разбурэнні і запусценне, цяпер рэканструяваны помнік прыцягвае мноства турыстаў з розных куткоў свету. Гэта сапраўднае сэрца горада, дзе можна перанесціся ў мінулыя эпохі, пазнаёміцца з традыцыйным народным мастацтвам. І ў святочную дату замак чакаў гасцей: там адбыўся Дзень сярэдневяковай культуры. Разгарнуліся збройная майстэрня, кузня, рыцарскі лагер. Наведвальнікам прапанавалі паўдзельнічаць у гульнях і забавах з мінулага, майстар-класе па старадаўніх танцах, а таксама ўбачыць рэканструкцыю “Княжацкае паляванне”, конны турнір “Лідскія ваяры”, выступленне музыкантаў і тэатра агню. Завершылася праграма начной дыскатэкай. 

Госці славутасці ацанілі і новую разыначку горада: пасля рэканструкцыі пешаходнай стала вуліца Замкавая. Прастору плануюць напоўніць кавярнямі, гандлёвымі аб’ектамі. Навучэнцы мясцовага музычнага каледжа ажывілі праменад сваімі выступленнямі. Замкавая — самая старая сярод лідскіх вуліц. На ёй размешчана нямала гістарычных будынкаў. Напрыклад, дом паэта Валянціна Таўлая, у якім сёння працуе філіял музея. Таксама адбыўся фестываль Lidbeer-2023. Сёлета яго дэвіз — “Аб’ядноўваем розных”. Ён раскрыўся ў музычнай праграме, што спалучыла поп, рок, фолк і электра. 

Пасля святочных выхадных у гісторыка-мастацкім музеі запланаваны навуковыя форумы. Семінар да 170-годдзя этнографа і археолага Міхаіла Федароўскага адбудзецца 6 верасня. Праз два дні даследчыкі з усёй краіны збяруцца на навукова-практычнай канферэнцыі “Ліда і Лідскі край у гісторыі Беларусі”, арганізаванай сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Удзельнікі абмяркуюць розныя аспекты мінулага мясцовасці, гістарыяграфію і крыніцазнаўства, матэрыяльную і духоўную культуру рэгіёна, жыццяпісы выдатных ураджэнцаў Лідчыны.