Азіяцкі тур

Апублiкавана: 06 верасня 2023 Стужка Тэатры Мінск

Аўтар: Аўтары

Трупа класічнага балета Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра завяршыла вялікія гастролі ў Кітаі. Яны былі адноўлены пасля трохгадовага перапынку, выкліканага супрацькавіднымі абмежаваннямі.

Цягам месяца на розных пляцоўках усходняй краіны нашы артысты прадстаўлялі балеты “Шчаўкунок” і “Спячая прыгажуня” Пятра Чайкоўскага, а таксама “Тытанік” Алега Хадоскі. Апошні спектакль за пяць гадоў існавання зрабіўся сапраўднай візітоўкай тэатра. Пастаноўку на лібрэта балетмайстра Сяргея Мікеля вазілі на гастролі больш за 20 разоў, прэзентавалі ва ўсіх буйных гарадах Беларусі. Геаграфія замежных паказаў надзвычай шырокая — ад Калінінграда да Саранска. 

Выступленне беларускага балета ў Даляні наведала дэлегацыя пасольства нашай рэспублікі і кіраўніцтва Муніцыпальнага народнага ўрада на чале з віцэ-мэрам Лэнам Сюйфэнам. Прадстаўнікі гарадскіх улад падтрымалі аднаўленне культурнай дыпламатыі, падзякавалі за творчасць і пажадалі трупе поспехаў. Кітайскія гледачы належна ацанілі прафесіяналізм беларускіх артыстаў, вытанчанасць сцэнічных дэкарацый і касцюмаў.