Рэспубліканская прэм’ера

Апублiкавана: 11 верасня 2023 Стужка Кіно Мінск

Аўтар: Аўтары

Галоўную кінапрэм’еру года Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” — мастацкую стужку “На другім беразе” — прадставяць гледачам напярэдадні Дня народнага адзінства. 

Дзеянне фільма разгортваецца ў 1925-м: пасля мірнага Рыжскага дагавору заходняя частка Беларусі апынулася пад уладай палякаў, якія імкнуліся правесці хуткі працэс асіміляцыі, выкараніць на захопленых тэрыторыях беларускую культуру, мову, праваслаўную веру. Карціна распавядае аб тым, як важна берагчы родных, што значыць для чалавека Радзіма і як зрабіць няпросты выбар у жыцці. 

У цэнтры гісторыі — лёс двух братоў-беларусаў Паўла і Антона Смолічаў. Старэйшы, Антон, партызан, змагаецца з польскімі ўладамі і ўсімі сіламі спрабуе паўплываць на Паўла, які займае нейтральную пазіцыю. Аднак калі хлопцу даводзіцца сутыкнуцца з бязлітаснасцю польскіх жандараў, яго светапогляд змяняецца. А знаёмства з савецкай разведчыцай Алесяй прымушае задумацца аб вечных чалавечых каштоўнасцях, блізкіх людзях і Радзіме, падзеленай мяжой. Галоўныя героі пройдуць праз выпрабаванні, якія будуць зразумелымі кожнаму з нас. Спазнаюць боль ад страты блізкіх, умацуюцца ў веры ў справядлівасць, калі страчаная надзея, і нанова здабудуць сэнс жыцця ў каханні. 

Прэм’ерныя паказы нацыянальнага праекта “На другім беразе” пройдуць 14 верасня ва ўсіх кінатэатрах краіны. Паспейце набыць квіток на галоўны беларускі фільм гэтага года!