Як здаровая ўвайшла, так здаровая і выйду!

З далёкіх часоў з лесам звязана шмат прыкмет. Лес корміць нас і абараняе. А мы ўзаемадзейнічаем не толькі з ім, але і з істотамі, якія там, паводле народных павер’яў, жывуць. Аматарскае аб’яднанне “Калагод” Клічаўскага раённага Дома культуры наладзіла этнаграфічнае падарожжа ў лес, каб зняць праграму “Лясныя прыкметы, замовы, воклічы” па этнаграфічных матэрыялах, які збіралі з вопыту грыбнікоў і ягаднікаў, што пастаянна ходзяць у лес і маюць шмат цікавых непрыдуманых гісторый са свайго жыцця. Удзельнікі аматарскага аб’яднання расказвалі гэтыя гісторыі. Ад Ірыны Хлопкінай даведаліся, як яе бабуля, якая ўмела лячыць розныя хваробы і сама ведала замовы, сустрэлася з гадзюкай, што выгнала яе з лесу, б’ючы хвастом па спіне. Бабуля нават не зразумела адразу, хто яе так папярэджвае, і толькі потым заўважыла, што гэта змяя. Слухачы вырашылі, што такім чынам гадзюка выратавала бабулю ад нечага нядобрага.

Шмат ёсць гісторый, калі людзі хадзілі ў лес на Узвіжанне і сустракалі там гадзюк, якія былі скручаныя ў вялікія клубкі, шыпелі і пераліваліся на сонцы. І вядома, што на гэта свята ёсць забарона хадзіць у лес, бо змеі збіраюцца “ў вырай” і могуць пашкодзіць чалавеку.

Таццяна Курыліна расказала, што трэба рабіць, калі заблукалі, якія словы сказаць і дзеянні выканаць. 

Абавязкова пераапраналі адзенне навыварат і пераабувалі абутак не на тую нагу, тады чалавек хутка знаходзіў дарогу. Этнографы лічаць, што Лясун прызнае такога чалавека за свайго, бо сам ходзіць у вывернутым адзенні, і таму адразу “адпускае” таго, хто заблукаў.

Бывае, што грыбнікі ці ягаднікі доўгі час блукаюць па лесе і не могуць выйсці, трапляючы на адно і тое ж месца. Таму нашыя продкі карысталіся правіламі знаходжання ў лесе, каб не “прагнявіць” гаспадара лесу. Заходзіць у лес патрэбна толькі па сцежцы, а не праз хмызняк.

Не абысціся тут без замовы або малітвы. Можна пакласці на камень або пень пачастункі: цукеркі, яблыкі, кавалачак хлеба або цукар. Некаторыя замовы можна расказаць іншым людзям, а некаторыя перадаюць толькі ў сям’і і гаварыць пра іх іншым нельга.

Ёсць таксама замовы ад ваўкоў. Калі ўбачыш у лесе ваўка, то трэба ў думках паклікаць сваіх нябожчыкаў: бабу і дзеда. Іншыя інфарматары лічаць, што вельмі дапамагае, калі ўспомніш апошняга нябожчыка, якога пахавалі на могілках, і скажаш: “Каб ты так анямеў, як і (імя нябожчыка)”. Тады воўк анямее і не пагоніцца ўслед. Веды нашых продкаў — вялікая скарбонка прыкмет і традыцый, якія патрабуюць вывучэння і асэнсавання, бо гэта народная мудрасць, якая накоплівалася вякамі і дапамагала нашым продкам у розных выпадках.

Жанна АЧЫНОВІЧ,

загадчык аддзела нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Клічаўскага раёна