Заўтра ў школу… Тэрпсіхоры

Сёння тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак селі за школьныя парты. Зазвінелі юнымі галасамі і ўстановы адукацыі сферы культуры. Што там чакае маладыя таленты? Як падрыхтаваліся да сустрэчы з навучэнцамі педагагічныя калектывы? Па адказы на пытанні выправімся ў Беларускую дзяржаўную харэаграфічную гімназію-каледж. 

Гэта адзіная ў Беларусі ўстанова, што забяспечвае агульную базавую адукацыю, сумешчаную са спецыяльнай праграмай падрыхтоўкі прафесійных артыстаў балета. Любы іншы від танца можна асвоіць дзе заўгодна, былі б здольнасці ды ўпартасць. Але калі хочаш дамагчыся вяршынь акадэмічнага мастацтва, накіроўвацца трэба менавіта сюды. Прычым у самым юным узросце. 

Пра паступленне ў Беларускую дзяржаўную харэаграфічную гімназію-каледж распавядае яе дырэктар Зорыя Пятроўна Дусенка: 

— Кантрольныя лічбы прыёму ва ўстанове выкананы цалкам. У гімназію залічана 40 навучэнцаў, у каледж — 25. Прыём у каледж ажыццяўляўся на конкурснай аснове. На прадугледжаныя планам месцы было пададзена 34 заявы, у тым ліку ад грамадзян Расійскай Федэрацыі. Дарэчы, менавіта яны атрымалі тры з чатырох месцаў для платнага навучання. Расіяне ўдзельнічалі ў конкурсе на агульных падставах. Ніякіх ільгот у іх не было. 

Наша ўстанова мае асаблівую спецыфіку. Мы адзіныя ў Рэспубліцы Беларусь рыхтуем акадэмічных танцоўшчыкаў. І навучанне пачынаецца ўжо ў гімназіі. Першы курс каледжа з’яўляецца шостым годам спецыяльнай падрыхтоўкі. У Беларусі такіх дзяцей вучыць толькі наша гімназія. 

Адпаведна, адбор у каледж ідзе з выпускнікоў гімназіі і дзяцей з прыродным талентам, якія таксама маюць пэўную харэаграфічную падрыхтоўку і жаданне стаць артыстам балета. У тым ліку — з грамадзян іншых дзяржаў для навучання на платнай аснове. Аднак тут каледж абмежаваны даведзенымі мэтавымі паказчыкамі і не можа прымаць усіх, хто хацеў бы заплаціць за навучанне. Таму крытэрыі адсеву вельмі жорсткія.

Мы адзіныя ў Беларусі рыхтуем акадэмічных танцоўшчыкаў.

— Асобна хачу адзначыць, што каледж дае найвышэйшы ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі, — гаворыць Зорыя Дусенка. — Таму нашы педагогі пастаянна шукаюць дзяцей з добрымі прыроднымі дадзенымі. Дзверы гімназіі і каледжа адчынены для ўсіх, хто мае талент і вялікае жаданне. 

Да новага навучальнага года падрыхтаваны комплексны план выхаваўчай работы. Ён накіраваны на фарміраванне асобы праз адукацыю і прафесіяналізм у рамках адзінай метадычнай тэмы “Выхаванне асобы артыста балета на агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцях”. План вырашае задачы маральна- эстэтычнага і грамадзянскапатрыятычнага выхавання. У прыярытэце патрыятычнае. Таксама выхаваўчая работа ў 2023—2024 навучальным годзе прадугледжвае шырокі пералік прафілактычных мерапрыемстваў. У прыватнасці, гэта прафілактыка алкагалізму, наркаманіі, гульнявой, іншых залежнасцей, а таксама інфармацыйная бяспека. Будзе пастаянна працаваць лекторый прававой інфармацыі. Частымі гасцямі навучэнцаў стануць вядомыя дзеячы мастацтваў. 

— Наша задача — выхаваць не проста высокапрафесійных артыстаў балета, а людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, — пераканана Зорыя Дусенка. — Таму вялікая ўвага надаецца фарміраванню каштоўнасных адносін да культурнай і гістарычнай спадчыны нашай краіны. Мы дапамагаем апекаванцам адчуць адказнасць за захаванне парадку і стабільнасці. Гэта вельмі важна, паколькі балет з’яўляецца візітоўкай Беларусі на міжнароднай арэне і яго артысты павінны прадстаўляць дзяр¬ жаву годна і з гонарам. 

Штогод у гімназіі-каледжы праводзяцца будаўніча-рамонтныя работы і такім чынам ствараюцца камфортныя і бяспечныя ўмовы для адукацыйнага працэсу. Як паведаміла дырэктар, пашпарт гатоўнасці спажыўца цеплавой энергіі да працы ў асенне-зімовы перыяд быў падпісаны яшчэ летам. Усе аб’екты цяпер у належным стане. У навучальных памяшканнях і балетных залах зроблены касметычны рамонт. У прыватнасці, у дзвюх залах выкладзена спецыяльная новая падлога. 

Паколькі гімназія-каледж знаходзіцца на адной з ажыўленых цэнтральных магістралей Мінска, асаблівую ўвагу адміністрацыя надае добраўпарадкаванню прылеглай тэрыторыі і тэхнічнаму забеспячэнню прапускнога рэжыму. Тут ёсць сістэмы кантролю і кіравання доступам, трывожная кнопка, відэакамеры. Для выхаванцаў створаны камфортныя і бяспечныя ўмовы — толькі вучыся! 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА / з сайта каледжа