Міжнародны форум творчай моладзі

Апублiкавана: 29 верасня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

У Бішкеку з 6 па 10 кастрычніка адбудуцца XVII Маладзёжныя Дэльфійскія гульні Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Мэты мерапрыемства — садзейнічаць захаванню і развіццю нацыянальных культур, заахвочваць міжкультурны дыялог, супрацоўніцтва моладзі, творчай інтэлігенцыі і навучальных устаноў СНД у гуманітарнай сферы, умацоўваць сувязі паміж краінамі, удасканальваць формы эстэтычнага выхавання і мастацкай адукацыі, спрыяць прафесійнаму росту маладых дзеячаў культуры, а таксама развіццю падзейнага турызму і крэатыўнай індустрыі. 

У Гульнях паўдзельнічаюць хлопцы і дзяўчаты ад 10 да 25 гадоў з усіх краін Садружнасці. Конкурсная праграма будзе складацца з наступных намінацый: фартэпіяна, скрыпка, выяўленчае мастацтва, акадэмічныя спевы, сольныя народныя спевы, эстрадныя спевы і народны танец. У фестывальную праграму ўвойдуць такія намінацыі, як народныя інструменты, духавыя інструменты і мастацкія рамёствы. 

Гонар Беларусі на форуме абароняць 17 маладых людзей, агулам у дэлегацыі 25 чалавек. У Бішкеку выступяць ансамбль народнага танца “Крокі” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў пад кіраўніцтвам Таццяны Шчучко, артыстка Магілёўскіх гарадскіх аркестраў Ганна Рыбакова, навучэнка Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа Вераніка Закрэўская, выхаванцы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзіслаў Баевіч і Данііл Лазарэнка, а таксама навучэнка Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава Паліна Шамагонава. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў прадставяць Канстанцін Кот і Ірына Іршонак, а Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі — Іосіф Нікіценка і Айрыс Шадрына. 

Маладзёжныя Дэльфійскія гульні СНД — сукупнасць узаемазвязаных конкурсных і фестывальных спаборніцтваў, якія праводзяцца адначасова на асобных пляцоўках з размеркаваннем удзельнікаў па розных узроставых групах і турах. Прадугледжаны таксама майстар-класы, афіцыйныя, навукова-практычныя і відовішчныя мерапрыемствы. Сёння Гульні — эфектыўны інструмент пошуку і падтрымкі талентаў. Форум стаў адной з самых прыкметных і запатрабаваных масавых падзей. Ён аб’ядноўвае прадстаўнікоў 65 краін, а ў першую чаргу — адораных маладых людзей усёй СНД.