Пачатак новай традыцыі

Апублiкавана: 02 кастрычнiка 2023 Стужка Традыцыі Магілёў і вобласць

Аўтар: Аўтары

Палац Булгакаў у Жылічах адзначыў 200-годдзе “Вераснёўскім фэстам”. Гэта першая маштабная падзея ў адноўленым помніку архітэктуры. І старт атрымаўся годным: падчас свята ў музей завітала больш за 5 тысяч чалавек.

Гасцям палаца прапанавалі знаёмства з атмасферай урачыстых вечароў мінулых эпох. Разынкай праграмы стаў баль з удзелам танцавальнага клуба “Мара” і аматарскага калектыву “Мінская зорка”. У дамавой капліцы з канцэртам класічнай музыкі выступілі камерныя ансамблі і салісты Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. 

Вакол архітэктурнай перліны разгарнуліся падворкі майстроў народнай творчасці. Адмыслоўцы прэзентавалі ўзоры саломапляцення, керамікі, тэкстылю і іншых відаў традыцыйнага мастацтва. Паспрабаваць свае сілы ў рамёствах ахвотныя маглі падчас майстар-класаў. 

Таксама ля палаца працавалі музейныя экспазіцыі пад адкрытым небам, якія знаёмілі гасцей з рознымі старонкамі беларускай мінуўшчыны. На інтэрактыўнай пляцоўцы Музея гісторыі Магілёва можна было сустрэцца з войтам, пераўвасобіцца ў рыцара ці гараджаніна далёкіх часоў. Установа прадэманстравала панараму старасвецкага Магілёва, макеты замка і ратушы, партрэты асветнікаў, актавую кнігу магістрата і нават Статут ВКЛ 1588 года. А супрацоўнікі Бабруйскага краязнаўчага музея запрасілі аматараў даўніны на пляцоўку “Бабруйская крэпасць: погляд праз два стагоддзі”. 

Кульмінацыяй свята стала канцэртная праграма “Знаёмімся са спадчынай” ва ўнутраным дворыку палаца. Салісты Вялікага тэатра Беларусі і Магілёўскай абласной філармоніі, Магілёўская гарадская капэла, народныя і ўзорныя калектывы вобласці выканалі найлепшыя творы айчыннай і сусветнай класічнай музыкі. 

Ва ўрачыстасцях паўдзельнічаў міністр культуры Анатолій Маркевіч. У прывітальным слове ён адзначыў: выключна ў нашых сілах захоўваць спадчыну, каб наступныя пакаленні маглі дакрануцца да ўнікальнай беларускай культуры. Кіраўнік ведамства ўручыў ганаровыя граматы калектыву Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея за ўнёсак у зберажэнне нацыянальных здабыткаў і ААТ “Белрэстаўрацыя”— за прафесіяналізм у аднаўленні палаца. 

Свята “Вераснёўскі фэст” мусіць стаць традыцыйным. Як паведаміў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жыгун, ужо ёсць планы па напаўненні палацавай прасторы. Штомесяц будуць ладзіцца канцэрты, выставы і іншыя праекты. Мяркуецца, што развіццё комплексу дазволіць павысіць турыстычны патэнцыял рэгіёна.