У Крошын да Паўлюка Багрыма

Восеньскі сезон культурных суботнікаў мы вырашылі распачаць у старажытным мястэчку Крошын, што ў Баранавіцкім раёне. Узяўшы ў заплечнікі адпаведны рыштунак і асядлаўшы ровары, сонечнай, але ўжо прахалоднай раніцай мы выправіліся ў шлях. А нагодай наведацца да паэта-каваля стала тое, што менавіта на гэты час прыпадаюць угодкі Багрыма, які адышоў у лепшы свет “напрыканцы лета” або “да 21 верасня” 1890 года.

Крошынскі каваль, сын слесара Паўлюк Багрым увайшоў у нашу літаратуру як аўтар першага беларускамоўнага верша “Зайграй, зайграй, хлопча малы...”. Верша вельмі трагічнага, напісанага па матывах антыпрыгонніцкіх сялянскіх хваляванняў у 1828 годзе. Сваімі развагамі на конт аўтарства верша, а таксама новымі звесткамі пра галоўных герояў крошынскай эпапеі настаўніка Багрыма ксяндза-народніка Войцаха Магнушэўскага (і ягоны род), пра тое, што Багрымы, магчыма, паходзілі з Новай Мышы і мелі зямянскае, а не сялянскае паходжанне, пра Паўлюка (і што ён мог нарадзіцца не ў 1812, а ў 1811 годзе) і яго сям’ю я ў свой час падзяліўся ў артыкуле “Таямніцы Багрымаў, або Па тонкім лёдзе здагадак” (гл.“К” № 47, 2022).

КУЛЬТАВАЯ АСОБА 

Аб тым, што для крошынцаў ён быў і ёсць папраўдзе культавай асобай, ёсць нямала сведчанняў. У 1985 годзе ў Крошыне быў створаны Музей народнага мастацтва і рамёстваў імя П. Багрыма. Месца, дзе на беразе Шчары стаяла кузня-майстэрня Багрымаў, абнесенае агароджай, а на ўсталяваным у цэнтры пляцоўкі камені маецца адпаведная шыльда. Хата, дзе жыла сям’я каваля, была амаль насупраць кузні, праз дарогу. Сёння там двухпавярховы дом з памятнай дошкай. Ёсць і вуліца, названая ў гонар Паўлюка Багрыма. Вядзе яна да невялічкага касцёла Божага Цела, за якім на могілках Багрым знайшоў апошні спачын. 

На жаль, дакладная дата скону каваля-паэта пакуль не ўстаноўленая. Але, як засведчылі ў свой час землякі Багрыма, загінуў ён трагічным чынам “напрыканцы лета” або “да 21 верасня 1890 года”. Дарэчы, сімвалічна, што адна з апошніх значных прац майстра, шыкоўная жырандоля з гербамі Вялікага Княства Літоўскага і Радзівілаў, выкаваная ім у 1881 годзе на замову гаспадароў крошынскага маёнтка Святаполк-Завадскіх, захавалася, і кожны ахвочы можа ўбачыць яе сёння тут жа, у касцёле. 

АХОЎНЫ СТАТУС 

Магіла Паўлюка Багрыма знаходзіцца на ганаровым месцы, за касцёлам. Калісьці яна суседзіла з магіламі віленскага мастака Парцэвіча (адзначана каваным крыжам?) і двух ксяндзоў (надмагіллі не захаваліся). На магіле ж каваля быў усталяваны велізарны дубовы крыж, які перажыў некалькі войнаў. У 1968-м замест спарахнелага крыжа ўлады паставілі першы помнік (з датамі жыцця 1811—1891 гг.). Гэты помнік напрыканцы 1980-х замянілі на металёвы. Прастаяў ён яшчэ меней, бо быў скрадзены “невядомымі на жыгулях”. Сённяшні помнік, ужо трэці па ліку, з барэльефам Багрыма (аўтар — знакаміты скульптар Заір Азгур), мае ахоўны статус, што бароніць яго ад вандалаў (якія, па сведчаннях мясцовых жыхароў, туды наведваліся). Але, на жаль, шыльда не ратуе ад уплываў часу. Праз тое, што падмурак прасеў правым бокам, помнік атрымаў нейкі дзіўны вугал вымярэння. У такім стане, вядома, ён можа прастаяць яшчэ колькі гадоў, але ўражанне ад такога мемарыяла (ды яшчэ з шыльдай “ахоўваецца дзяржавай”), па шчырасці, далёка не найлепшае. 

Бракуе тут і на месцы кузні стэндаў з інфармацыяй пра род Багрымаў і самога Паўла. Ды і будынак станцыі, як першага пункта прыезду турыстаў, можна было б упрыгожыць муралам з выявамі Паўлюка Багрыма, жырандолі, панарамай старога Крошына і ўрыўкам верша. Такія муралы, падаецца, ёсць ужо ва ўсіх мястэчках і гарадах Беларусі (першым прыходзіць на розум аршанскі мурал Уладзіміра Караткевіча, які прысвяціў адзін са сваіх твораў Багрыму). 

Можна было б дадаць памятную дошку і схему з пазнакай, дзе знаходзяцца “багрымавы мясціны”. Лішнім не будзе, а турыстам знак — “сваё шануем!”. Хочацца спадзявацца, што і ўлады, і мясцовыя жыхары прымуць да ўвагі нашы прапановы.

ГРАДУС ЦІКАВАСЦІ 

Увогуле, пры належнай раскрутцы, Крошын мог бы стаць вельмі значным пунктам на турыстычнай мапе Беларусі. І вось чаму. Па-першае, таму што нейкі час яго гаспадарамі былі знакаміты князь Мацей Радзівіл, выдатны музыкант і кампазітар, пазней ягоныя дзеці — сын Канстанцін (жыў у Паланечцы), мецэнат, адзін з першых беларускіх фалькларыстаў, вялікі сябра і апякун філаматаў, і дачка Антаніна. Апошняя, пабраўшыся шлюбам са Станіславам Юрагам, стала гаспадарыць у Крошыне. Як і яе брат, Антаніна сябравала з філаматамі Янам Чачотам, Тамашом Занам, Ігнатам Дамейкам, таму яны не раз наведваліся ў Крошын. Дарэчы, дзядзька Тамаша Зана нейкі час быў пробашчам у Крошыне. У 1884 годзе, вярнуўшыся з Чылі, разам з паэтам Антоніем Адынцом завітаў у Крошын Ігнат Дамейка, які на той момант ужо быў вядомым у свеце вучоным, геолагам, этнографам. Дуб, пасаджаны Дамейкам, расце ў Крошыне і па сёння. На месцы страчанай сядзібы цяпер Дом культуры, а на месцы капліцы-пахавальні — зялёны курган. Тое, што паспелі захаваць ад колішняга парка, сёння знаходзіцца пад аховай дзяржавы як батанічны помнік прыроды мясцовай значнасці парк “Крошынскі”. Створаны ён быў 21 снежня 2010 года на месцы пейзажнага парка ХІХ стагоддзя і займае плошчу 5,5 га. Думаецца, што інфармацыйны стэнд з гісторыяй маёнтка і знакамітых людзей, якія жылі або гасцявалі ў ім, істотна падвысіў бы рэйтынг мясцовасці і градус цікавасці турыстаў. 

На астатняе… Пакуль яшчэ жывыя старыя людзі, варта было б вызначыць і адпаведна адзначыць месца, дзе ксёндз Войцах Магнушэўскі пабудаваў парафіяльную школу, у якой вучыўся Паўлюк Багрым. Там, на месцы школы, распавядаючы пра ролю Магнушэўскага ў гісторыі Крошына, можна згадаць пра маёнтак Магнушэўскіх у Горках, што ў Стаўбцоўскім раёне (чыгуначная станцыя “Асіпаўшчына”). А Горкі з’яўляюцца адпраўным пунктам распрацаванага намі маршрута “Шляхам Уладзіслава Сыракомлі”, прымеркаванага да юбілею паэта (гл. “К” № 21, 22, 2023). 

Працяг суботнікаў будзе. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ 

Фота аўтара