То­ль­кі на­пе­рад, то­ль­кі рух і з’ядна­насць

"Халідэй" — першы прафесійны калектыў мажарэтак у Беларусі. У родных для яго Баранавічах, напэўна, не знойдзецца чалавека, які не ведае пра гэтых юных артыстаў. Дзяўчаты актыўна ўдзельнічаюць у гарадскіх мерапрыемствах і святах, тэлевізійных шоу, не раз бралі Гран-пры міжнародных конкурсаў і фестываляў, у тым ліку "Славянскага базару ў Віцебску". У чэрвені гэтага года аматарскі калектыў атрымаў званне заслужанага. Пра сакрэты майстэрства, незвычайны падыход і ролю танца ў жыцці мы распыталі стваральніка, нязменнага кіраўніка "Халідэя" Тамару Колтун і балетмайстра Алесю Вярмінскую.

— Тамара Аляксандраўна, давайце звернемся да вытокаў. Як узнікла ідэя заснаваць калектыў? Наколькі адрозніваецца тое, што задумвалася на старце, і "Халідэй", які цяпер ведае ўся краіна? 

— Ідэяй паслужыла жаданне распрацаваць у Беларусі нязвыклы кірунак, які вылучаецца даступнасцю, — мажарэтачнае мастацтва. Я сама танчыла з дзяцінства, атрымала харэаграфічную адукацыю, некалькі гадоў выступала ў мясцовым народным ансамблі "Юрачка", стала яго кіраўніком. Потым захацелася зрабіць нешта ўнікальнае, сваё. Так і з’явіўся "Халідэй". Гэта было ў 2003 годзе. Калектыў хутка нарошчваў майстэрства і набіраўся сцэнічнага досведу. Гледачы адразу палюбілі дзяўчынак. Праз тры гады ансамбль дэманстраваў нумары на III Еўрапейскім чэмпіянаце мажарэтак, на якім быў удастоены спецыяльнай узнагароды. Ужо ў 2011-м нам уручылі пасведчанне Міністэрства культуры аб прысваенні звання "Народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь". 

— У чым, на ваш погляд, сакрэт поспеху калектыву? 

— У ідэалогіі вялікай сям’і, у якой усе рады за кожнага і кожны рады за ўсіх. Гэта пра згуртаванасць, прыязнасць, любоў да творчасці. “Халідэй” надае асаблівае значэнне маральнаму выхаванню маладога пакалення, з пачатку навучання прывіваючы апекаванцам павагу да дзяржаўнай сімволікі і нацыянальнай культуры, актыўна выкарыстоўваючы музычны матэрыял папулярных выканаўцаў сучаснай беларускай эстрады. Калектыў адкрываў мноства буйных дзяржаўных мерапрыемстваў. І дзеці, выступаючы на вядучых сцэнах нашай краіны, адчуваюць шчыры гонар за Радзіму і яе багатую культурную спадчыну, што найлепшым чынам выхоўвае патрыятычнае мысленне і глыбокую любоў да роднай зямлі. 

Кіраўнік калектыву “Халідэй” Тамара Колтун: — Дзеці, выступаючы на вядучых сцэнах нашай краіны, адчуваюць шчыры гонар за Радзіму і яе багатую культурную спадчыну, што найлепшым чынам выхоўвае патрыятычнае мысленне і глыбокую любоў да роднай зямлі.

— Якія метады выкарыстоўваеце, каб матываваць і натхняць удзельнікаў калектыву? 

— Шчырасць ва ўсім. Як мага менш любой штучнасці, максімальная спагада да юных выканаўцаў незалежна ад узросту, непадробнасць паводзін. Дзеці ўсё адчуваюць танчэй. Для іх найлепшая матывацыя — магчымасць паказаць майстэрства, таму імкнёмся задзейнічаць усіх. А ўжо як выхаванцы радуюцца ўзнагародам! Для кубкаў і дыпломаў у Доме культуры хутка не хопіць месца. Але для мяне галоўнае, каб удзельнікі ансамбля атрымлівалі задавальненне ад творчасці і проста добра бавілі час у калектыве “Халідэй”. І няхай любоў да харэаграфіі застанецца з імі назаўжды. Рэгулярна паказваем танцорам відэа і выступленні найлепшых прафесіяналаў, каб дзеці маглі ўбачыць і адчуць найвышэйшы ўзровень майстэрства. Гэта дапамагае ім разумець мэту і імкнуцца да вяршынь у сваім мастацтве. Фармулюем канкрэтныя задачы для кожнага. Разбіваем агульную мэту на маленькія этапы, якія можна прайсці паступова. Мы заўсёды гатовыя выслухаць і дапамагчы ў вырашэнні праблем або пераадоленні цяжкасцей. Пазітыўная атмасфера ў камандзе — гарантыя матываванасці і пачуцця важнасці танцора. 

— Кіраўнік — гэта ў першую чаргу лідар і прафесіянал. Як у вас выходзіць доўгія гады падтрымліваць поспех калектыву? 

— Кіраўнік — гэта мозг, калектыў — гэта арганізм. Усё проста, адзін без аднаго ніяк. Уявіце сабе цела, пазбаўленае галоўнага органа, які рэгулюе ўсе працэсы, — мозга. Без яго няма кантролю, няма каардынацыі. Таксама ўявіце мозг без іншых органаў і сістэм, якія дазваляюць яму функцыянаваць і ўвасабляць ідэі. Абодва варыянты не толькі выглядаюць непраўдападобна, але і дэманструюць бездапаможнасць. Менавіта таму важна развіваць і падтрымліваць эфектыўнае ўзаемадзеянне. Камунікацыя, давер, паразуменне — гэта ключавыя элементы, якія забяспечваюць поспех і эфектыўнасць. 

— Алеся Аляксандраўна, якія вашы стратэгіі пабудовы ўдалай танцавальнай каманды? 

— Стратэгія адна — толькі наперад, толькі рух і з’яднанасць, толькі праца, цярпенне і падтрымка. У нас займаюцца групы чатырох узроставых катэгорый. Самыя юныя рэпеціруюць у малодшай студыі “Крутая малышня” з чатырох гадоў, набіраюцца досведу. Калі харэаграфічная падрыхтоўка дазваляе, удзельніца пераходзіць у ансамбль “Халідэй”. Стараемся раскрыць патэнцыял кожнага, але нікога не падганяем. Галоўнае, каб выхаванец не страціў энтузіязму і жадання працаваць над сабой, інакш дзіця, пазаймаўшыся месяц-два, усё кіне, ды і ў цэлым разлюбіць творчасць. На працягу навучальнага года калектыў узмоцнена займаецца, акцэнт робіцца на фізічную і харэаграфічную падрыхтоўку. Дабівацца вынікаў дапамагае дысцыпліна. 

— Калі ласка, падзяліцеся мэтамі і планамі калектыву на найбліжэйшы час. 

— Мэта — бесперапыннае ўдасканаленне, у якога, на шчасце, няма меж. Планы — прасоўванне мажарэтачнага мастацтва як аднаго з напрамкаў творчасці, што ўзбагачае культуру нашага грамадства. 

— А наогул, якую ролю танец адыгрывае ў жыцці і развіцці людзей? 

— Танец — адзін са спосабаў камунікацыі праз мову руху. Гэта ўласцівасць чалавека перадаваць эмоцыі асаблівым чынам, адсоўваючы звыклую мяжу ўспрымання, прымушаючы нас станавіцца больш адчувальнымі, тонкімі ў духоўным плане, спрыяючы развіццю свядомасці. “Халідэй” — вялікая танцавальная сям’я. У адрозненне ад многіх іншых ансамбляў, прымаем дзяцей без харэаграфічнай падрыхтоўкі і з нуля гадуем артыстаў. Некаторыя нават застаюцца ў танцах на ўсё жыццё, атрымліваюць прафесійную адукацыю, выкладаюць. Калі разумееш, што датычны да гэтага, за спінай быццам крылы вырастаюць. 

Ганна САКАЛОВА 

Фота з архіва калектыву