Калейдаскоп анімацыі

Апублiкавана: 15 кастрычнiка 2023 Кiно Кіно Магілёў і вобласць

Аўтар: Аўтары

З 11 па 13 кастрычніка ў Магілёве прайшоў XXVI Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2023”. Яго арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры і Магілёўскі аблвыканкам.

Традыцыйна праводзіліся тры конкурсы: анімацыйных фільмаў, дзіцячай анімацыйнай творчасці і дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. За час існавання “Анімаёўка” стала значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі. Штогод геаграфія фестывалю пашыраецца: з’яўляюцца новыя краіны-ўдзельніцы, таленавітыя аўтары. Сёлета на яго было заяўлена 188 фільмаў з 30 краін (155 карцін у конкурсе анімацыйных фільмаў і 33 — у конкурсе дзіцячай анімацыйнай творчасці). 

Упершыню да “Анімаёўкі” далучыліся такія дзяржавы, як Перу, Парагвай, Катар. Журы таксама інтэрнацыянальнае — гэта прафесіяналы з Беларусі, Расіі, Узбекістана, Казахстана і Сербіі. 

Прывітальнае слова міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча падчас урачыстага адкрыцця фестывалю зачытала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іна Адамовіч. У звароце да ўдзельнікаў і гасцей “Анімаёўкі-2023” Анатолій Маркевіч адзначыў: “Фестываль — важная культурная падзея ў нашым жыцці, у жыцці краіны, накіраваная на падтрымку і развіццё творчага патэнцыялу таленавітых людзей, у тым ліку маладых аўтараў анімацыйнага кіно. Мерапрыемства грае важную ролю ва ўмацаванні адзінай культурнай прасторы і цёплых сувязей паміж гарадамі і краінамі. Прыемна, што сёлета фестываль набыў новых сяброў. Дзякуючы «Анімаёўцы-2023» таленты з усяго свету змогуць прадэманстраваць майстэрства шырокай грамадскасці. Штогод фестываль аб’ядноўвае работы прафесіяналаў і аматараў, дае магчымасць прадставіць свае фільмы колу прызнаных майстроў. Перакананы, што творчы праект «Анімаёўка-2023» будзе паспяховай і запатрабаванай, доўгачаканай і яркай падзеяй для дзяцей і дарослых”. Міністр культуры пажадаў гасцям і гледачам незабыўных уражанняў, а ўдзельнікам фестывалю — удачы і заслужаных узнагарод. 

Цягам мерапрыемства прайшлі паказы конкурсных і фестывальных праграм мультыплікацыйных фільмаў, творчыя сустрэчы і майстар-класы. У межах “Анімаёўкі” адбылася прэзентацыя анімацыйнага серыяла з Узбекістана. Вынікі падзеі абвесцілі 13 кастрычніка, пасля чаго гледачам прадставілі пераможныя стужкі. Атрымаць асалоду ад разнастайнасці анімацыі змогуць усе жыхары Беларусі: карціны конкурснай праграмы будуць дэманстравацца ў рамках паказаў “Рэха «Анімаёўкі-2023»” з 16 кастрычніка ва ўсіх кінатэатрах краіны.

Уладальнікам Гран-пры стала работа расійскага рэжысёра Анастасіі Жакулінай "Светлыя душы". Беларускія фільмы выйгралі ў 9 намінацыях, у тым ліку "Лепшая сцэнарная работа" і "Лепшы грамадзянска-патрыятычны фільм".