Эстафета прафесійнага свята

Апублiкавана: 18 кастрычнiка 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Тэма

Аўтар: Аўтары

Цягам пазамінулага тыдня ў краіне адзначалі Дзень работнікаў культуры і 70-годдзе Міністэрства культуры. Урачыстыя мерапрыемствы ладзіліся ва ўсіх рэгіёнах,пачынаючы з 3 кастрычніка.Таксама прайшла сустрэча Анатолія Маркевіча з ветэранамі ведамства, у якой паўдзельнічалі колішнія міністры культуры Уладзімір Матвяйчук і Барыс Святлоў, намеснікі міністра Уладзімір Рылатка, Уладзімір Грыдзюшка і Віктар Кураш ды іншыя былыя супрацоўнікі. 

КОРАТКА ПРА ГАЛОЎНАЕ 

У Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь 5 кастрычніка правялі сустрэчу, прымеркаваную да Дня работнікаў культуры. Да мерапрыемства далучыліся прадстаўнікі Міністэрства культуры: начальнік упраўлення прафесійнага мастацтва Раман Мамчанка і кансультант аддзела аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Генадзь Ходар. Таксама выступілі прарэктар па навуковай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Нэлі Мацаберыдзэ і рэжысёр, мастацкі кіраўнік студыі моладзевага кіно “Беларусьфільма” Алена Турава. Сярод іншага абмяркоўвалася міжнароднае супрацоўніцтва, падрыхтоўка кадраў, новаўвядзенні ў заканадаўстве аб культуры, разглядаліся асноўныя дасягненні сферы і планы на будучыню.

У Міністэрстве культуры з нагоды прафесійнага свята і 70-годдзя зладзілі ўрачыстае мерапрыемства з удзелам колішніх кіраўнікоў і работнікаў ведамства. Анатолій Маркевіч уручыў прадстаўнікам цэнтральнага апарату лісты падзякі за плённую працу. Акрамя таго, быў адкрыты музей міністэрства — у экспазіцыі паказана ўся яго насычаная гісторыя.

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета ўзнагародзілі найлепшых работнікаў культуры. На цырымоніі з вітальным словам выступіў намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі. Увечары ў Вялікім тэатры прайшоў святочны канцэрт, на якім быў агучаны прывітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі: “Дзякуючы шматграннаму таленту, мудрасці і нястомнай працы многіх пакаленняў творчых работнікаў умацоўваецца народнае адзінства. Сфера культуры з’яўляецца скарбонкай матэрыяльнай і духоўнай спадчыны краіны і найважнейшай крыніцай фар- міравання беларускай дзяржаўнасці, на працягу стагоддзяў выступае аб’яднальным фактарам для грамадства, надзейным бар’ерам і ментальным імунітэтам ад уплыву непрымальнага светапогляду. Упэўнены, што і надалей вы будзеце натхнёна памнажаць багацце нацыянальнага мастацтва, выхоўваць на традыцыйных каштоўнасцях маладое пакаленне і абуджаць гонар за Радзіму. Жадаю вам добрага здароўя, поспехаў і новых здзяйсненняў”. 

Павіншаваў прысутных і Анатолій Маркевіч. Кіраўнік галіны падзяліўся, што да прыходу ў міністэрства лічыў, нібыта сфера культуры — адно суцэльнае свята жыцця, якое зусім адрозніваецца ад працы ў полі ці на прадпрыемстве. І толькі апынуўшыся ў закуліссі таго свята, зразумеў, як глыбока памыляўся. Гэта вельмі няпростая работа, і яркай дзеі на сцэне папярэднічаюць творчыя пакуты і бяссонныя ночы. 

Падчас адмысловых мерапрыемстваў у фае Вялікага тэатра ўвазе гасцей прадставілі выставу работ, створаных на пленэры да круглай даты, і экспазіцыйны праект “70 імгненняў гісторыі”. Яго падрыхтавала рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Культура і мастацтва” на аснове звестак, перададзеных Нацыянальным гістарычным музеем. 

УЗНАГАРОДЫ РУПЛІЎЦАМ

Традыцыйным элементам урачыстасцей стала ўшанаванне найлепшых работнікаў галіны. Падчас святкавання Ганаровую грамату Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь атрымалі загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Зінкевіч і метадыст раённага Цэнтра культуры Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Краснапольскага раёна Валянціна Марчанка.

Нагруднага знака Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь удастоіліся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нясвіжскага райвыканкама Людміла Вітко, загадчык агульнай чытальнай залы Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага Тамара Глазкова, артыст драмы, вядучы майстар сцэны заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Аляксандр Калагрыў, галоўны бібліёграф сектара арганізацыі і навуковай апрацоўкі фондаў навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Галіна Кірэева, дырэктар Мотальскага музея народнай творчасці Вольга Кульбеда, дырэктар дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў і мастацтваў горада Быхава Ірына Кухціна, дырэктар замкавага комплексу “Мір” Аляксандр Лойка, выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Юрый Несцярук, загадчык аддзела ўліку фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Святлана Прыбыш, галоўны гукарэжысёр службы гукатэхнічнага комплексу Цэнтра культуры “Віцебск” Руслан Стаброўскі, выкладчык, старшыня цыклавой камісіі “Дырыжыраванне” Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І. І. Салярцінскага Аляксандр Сувораў, настаўнік па класе габоя дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1 імя Ю. У. Семянякі горада Гродна Вольга Фамянкова, старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава, дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк горада Мінска Таццяна Швед і метадыст I катэгорыі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Алена Шунейка. 

Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь адзначаны артыст драмы, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Ульяна Ацясава, дэкан факультэта музычнага і харэаграфічнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ірына Грамовіч, кіраўнік народнага хору ветэранаў “Надзея” аддзела традыцыйнага мастацтва і аматарскай творчасці Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна Таццяна Грэкава, дырэктар Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Труса Аксана Драчан, дырэктар Столінскай раённай клубнай сістэмы Алена Дубойская, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Вольга Камендантава, галоўны хормайстар Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча Уладзімір Маслакоў, першы прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Лідзія Скачко, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Любоў Сысоева і старшыня камітэта ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Дзяніс Язерскі. 

Таксама шэраг прадстаўнікоў нашай галіны атрымалі ўзнагароды міністэрстваў адукацыі, інфармацыі і Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. 

ГІСТОРЫЯ З ПРАЦЯГАМ 

Адной з цікавінак насычанай праграмы стала творчая сустрэча з кампазітарам Алегам Елісеенкавым і паэтам Віктарам Шніпом, што адбылася ў прэс-клубе “Культура і мастацтва” 4 кастрычніка. Мерапрыемства правялі ў фармаце анлайн-відэаканферэнцыі і прымеркавалі да Дня работнікаў культуры і 70-годдзя Міністэрства культуры. 

У сяброўскай размове госці распавялі аб жыццёвых шляхах, супрацоўніцтве з газетай “Культура”, праектах, натхняльнікамі якіх сталі выбітныя дзеячы айчыннага мастацтва. А яшчэ ўспомнілі апошні твор Ігара Лучанка — песню “Культурай квітнее Айчына” на словы Віктара Шніпа.

Адмысловую святочную атмасферу забяспечыў Алег Елісеенкаў, які выканаў тры свае знакамітыя хіты “Добрыя людзі”, “Берега”, “Спасибо”. Алег Мікалаевіч расказаў пра ролю Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” ў развіцці творчых стасункаў паміж айчыннымі паэтамі, кампазітарамі і выканаўцамі. Таксама музыкант адзначыў істотнае паляпшэнне матэрыяльнай базы ўстаноў культуры за апошнія гады, згадаўшы як знакавыя вялікія фестывальныя пляцоўкі краіны, так і канцэртныя залы раённых цэнтраў — прынамсі, Маладзечна. 

Знайшлося ў выступленні Алега Елісеенкава месца і для гумару. Аўтар падзяліўся, як у летніх лагерах раней дзеці вельмі ахвотна спявалі яго хіт “Заварожаная фея” з рэпертуару Аляксандра Саладухі. Але з маленькай дапрацоўкай — “Замарожаная фея”. 

Кур’ёзным выпадкам кампазітар лічыць і ўдзел у напісанні гімна Нігерыі. Аказваецца, у сярэдзіне 1980-х сярод студэнтаў Алега Елісеенкава быў чалавек з той краіны, якому ўрад даў адказнае даручэнне. Так беларускаму выкладчыку давялося адаптаваць дзіўную народную афрыканскую мелодыю да класічных музычных нормаў, ствараючы кампазіцыю, якая адпавядае еўрапейскаму разуменню тэрміна “гімн”. Пра тое, што працу зацвердзілі як адзін з афіцыйных сімвалаў краіны, Алег Елісеенкаў даведаўся ў 1990-я, калі пачуў знаёмыя акорды па тэлевізары падчас трансляцыі футбольнага матча з удзелам нігерыйцаў. 

Віктар Шніп нагадаў гісторыю, як па даручэнні газеты “Культура” напісаў верш да апошняга твора Ігара Лучанка. Знакава, што лебядзінай песняй народнага артыста Беларусі і СССР стала “Культурай квітнее Айчына”. Рэдакцыя нашай газеты ў 2009 годзе прапанавала стварыць да Дня работнікаў культуры кампазіцыю. Сёлета ж мы паспрабавалі даць ёй другое жыццё, надрукаваўшы арыгінальную партытуру ў святочным нумары “К” (№ 39 ад 06.10.2023) і прапанаваўшы чытачам выканаць песню. 

НА КАРЫСЦЬ БЕЛАРУСІ 

У карагодзе падзей знайшлося месца і яшчэ для адной — дня нараджэння “К”. Першы выпуск газеты пабачыў свет 32 гады таму: 14 кастрычніка 1991-га здарылася яе знаёмства з чытачом. — Будзем спадзявацца, што газета з кожным нумарам давядзе святло чалавечае думкі, якая нараджалася ў стагоддзях, дасць падставы разважаць аб сённяшніх шляхах культуры, ды і ўвогуле стане для вас неабходнай і жаданай, — зазначылі ў перадавым матэрыяле тагачасныя работнікі штотыднёвіка. І сёння мы працягваем рупліва працаваць, каб распавесці пра найлепшыя набыткі беларускага народа ды натхніць вас на новыя здзяйсненні. Заставайцеся і надалей з “К” — вашым дарадцам, памочнікам, сябрам! 

Антон РУДАК, Віктар ГАЎРЫШ, Данііл ШЭЙКА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА