Но­выя па­тра­ба­ван­ні да арга­ні­за­та­раў

Апублiкавана: 16 кастрычнiка 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Ёсць пытанне!

Аўтар: РУДАК Антон

Начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Ірына Дрыга адказала на найчасцей задаваныя пытанні аб нарматыўным дакуменце, змест і практыка прымянення якога хвалююць сёння арганізатараў і ўдзельнікаў культурна-відовішчных мерапрыемстваў.

Гэта Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 608, што была прынятая 19-га і ўступіла ў сілу 23 верасня. Асобы, якія ўключаныя ў рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў і хочуць працягваць сваю дзейнасць, мусяць да 23 кастрычніка падаць у Міністэрства культуры пэўныя дакументы для таго, каб пацвердзіць сваю адпаведнасць патрабаванням пастановы. Тое ж тычыцца і тых, хто падаў дакументы, але рашэнне па іх яшчэ не было прынятае. З улікам таго, што набліжаецца вялікі святочны сезон, арганізатары і заказчыкі ўжо сёння пачынаюць цікавіцца, хто, дзе і як зможа праводзіць такія мерапрыемствы. 

ПРАЦЭДУРА ЎКЛЮЧЭННЯ 

Калі арганізатар культурна-відовішчных мерапрыемстваў з’яўляецца юрыдычнай асобай прыватнай формы ўласнасці або індывідуальным прадпрымальнікам, ён мусіць быць уключаны ў адпаведны рэестр, што будзе сведчыць аб яго прафесіяналізме. Рэестр вядзе Міністэрства культуры, куды арганізатары падаюць заяву на ўключэнне іх у гэты дакумент, прыкладаюць згоду на апрацоўку персанальных звестак і даведку з інфармацыйнага цэнтра Міністэрства ўнутраных спраў аб наяўнасці або адсутнасці ў іх фактаў прыцягнення да крымінальнай ці адміністратыўнай адказнасці. 

Таксама, у адпаведнасці з Пастановай № 608, цяпер яны мусяць падаць яшчэ і дакумент, які сведчыць аб наяўнасці ў іх стажу работы ў сферы арганізацыі культурна-відовішчных мерапрыемстваў і аб саміх такіх праведзеных імі мерапрыемствах за апошнія тры гады з даты падачы заявы, якія адпавядаюць такім крытэрыям, як эстэтычная каштоўнасць твораў, мастацкая цэласнасць і кампазіцыйная завершанасць мерапрыемства, яго мастацкае афармленне і выканальніцкае майстэрства ўдзельнікаў. 

Гэтыя дакументы разглядаюцца цягам трыццаці дзён, і па выніках разгляду камісія, якая працуе пры Міністэрстве культуры, прымае рашэнне аб пацвярджэнні статусу для арганізатараў, якія ўжо ўваходзяць у рэестр, або аб уключэнні ў яго ці ў адмове, калі выяўленыя парушэнні. Калі арганізатар паспяхова ўключаны ў рэестр, ён атрымлівае ва ўпраўленнях культуры абласных выканаўчых камітэтаў ці Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце гастрольнае пасведчанне, якое сведчыць, што канкрэтнае мерапрыемства можа быць праведзенае. 

ПАЦВЯРДЖЭННЕ ДОСВЕДУ 

Варта падкрэсліць, што патрабаванне, якое тычыцца трох гадоў стажу, мае на ўвазе, што гэты тэрмін можа ахопліваць любы перыяд, калі арганізатар ажыццяўляў такую дзейнасць, то-бок гэта не абавязкова мусяць быць апошнія тры гады з даты падачы заявы. Пацвердзіць наяўнасць стажу можна выпіскай з працоўнай кніжкі або копіямі грамадзянска-прававых дамоў, якія з ім заключаліся. Таксама гэта можа быць даведка з месца працы, якая сведчыць, на якой пасадзе і ў які перыяд арганізатар працаваў, або іншы дакумент такога кшталту. Для таго каб высветліць, ці адпавядае стаж спецыяліста патрабаванням пастановы, рэкамендавана карыстацца выпускам № 30 адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасадаў служачых “Пасады служачых, занятых у культуры”, які можна знайсці на прававых парталах. З яго дапамогай можна высветліць адпаведнасць службовых абавязкаў пэўнаму віду дзейнасці. 

Таксама неабходна падаць інфармацыю аб мерапрыемствах, праведзеных з удзелам заяўніка за апошнія тры гады з даты падачы заявы, прычым ён не абавязкова мог пры гэтым быць іх арганізатарам, а выконваць пэўныя функцыі па іх арганізацыі ў якасці рэжысёра, яго асістэнта, памочніка, адміністратара ці ў іншай якасці. Каб ацаніць мастацкі ўзровень гэтых мерапрыемстваў, прыкладаюцца фота- і відэаматэрыялы, магчыма, сцэнарныя планы. Гэтыя дакументы прымаюцца ў Міністэрстве культуры штодзённа з васьмі гадзін раніцы да пяці вечара, а ў чацвер — да васьмі вечара. 

ВЫБАР ЗА ВАМІ 

Калі заяўнік не паспее падаць дакументы да 23 кастрычніка, ён, на жаль, будзе выключаны з рэестра. Пасля яму давядзецца зноў сабраць згаданыя дакументы і падаць іх для новага разгляду. Акрамя таго, калі арганізатар быў уключаны ў рэестр да даты прыняцця пастановы і не паспее падаць дакументы да 23 кастрычніка, яму будзе дазволена правесці ўсе мерапрыемствы, на якія ён ужо атрымаў дазвол. Таксама пастановай пашыраны пералік падстаў для выключэння з рэестра: у прыватнасці, неправядзенне арганізатарам мерапрыемстваў на працягу аднаго года з даты ўключэння ў рэестр або паступленне ад кантрольных (наглядных) органаў інфармацыі аб правядзенні мерапрыемстваў з парушэннем патрабаванняў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры ці іншых актаў заканадаўства. 

Сёння ў рэестр уключаныя 707 арганізатараў. У адпаведнасці з патрабаваннямі Пастановы № 608, іх асноўны від дзейнасці мусіць быць звязаны з арганізацыяй культурна-відовішчных мерапрыемстваў, тобок дзейнасць у галіне выканаўчых мастацтваў і дзейнасць, якая спрыяе правядзенню культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Калі ж асноўны від дзейнасці іншы, варта прайсці перарэгістрацыю або звярнуцца для правядзення культурнавідовішчных мерапрыемстваў да тых, хто мае на гэта права, — зарэгістраваных арганізатараў ці ў дзяржаўныя ўстановы культуры, якія вызваленыя ад уключэння ў рэестр. 

Калі ва ўстановах грамадскага харчавання, напрыклад, гучыць фонавая музыка, якая прайграецца з пэўнага носьбіта, а не выконваецца ўжывую, або транслюецца на экране музычнае відэа, у такім выпадку гэтыя ўстановы не маюць патрэбы ўваходзіць у рэестр. Тое ж тычыцца і арганізатараў навуковых, адукацыйных ды бізнес-мерапрыемстваў, калі яны не тычацца публічнай дэманстрацыі вынікаў творчай дзейнасці. Па тлумачэнні наконт канкрэтных выпадкаў можна звяртацца да спецыялістаў Міністэрства культуры, якія вядуць рэестр. 

Антон РУДАК