Фестывальныя прачытанні нацыянальнай тэмы

Апублiкавана: 18 кастрычнiка 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Міжнародныя форумы, збіраючы людзей з розных куткоў свету, дадаткова пераконваюць, што неабходна звяртацца да нацыянальнай тэмы. Не абмінуў яе і ХХVII тэатральны фестываль “Белая вежа”, на якім былі прадстаўлены дзевяць краін. Дарэчы, колькасць дзяржаўудзельніц брэсцкай дзеі за ўсе гады перавысіла шэсць дзясяткаў. 

Для “Белай вежы” нацыянальная тэма актуальная ўдвайне, бо ў часы з’яўлення фестываль разлічваўся на рускія тэатры былых саюзных рэспублік. Ды і цяпер на яго, здараецца, прыязджаюць прыватныя рускія тэатры з розных кантынентаў. 

"Сцэны з мёртвага дома"

"Сцэны з мёртвага дома"

Але ж як лепш тую тэму перадаць? Адзін з варыянтаў — праз сувязі з фальклорам і нацыянальнай класікай. Гэта было ўласціва “Магіле льва” Магілёўскага абласнога тэатра лялек — спектакль узнагароджаны за музычнае афармленне (Максім Кошалеў), — “Мінулым дням” Самаркандскага абласнога рускага тэатра драмы (Узбекістан), дзе гістарычны раман А. Кадыры пра барацьбу за ўладу быў ператвораны ў меладраму, “Палярнай хваробе” калектыву “Тэатр.doc” — у пастаноўцы аповед пра гандлярак 1990-х чаргаваўся з рытуальнымі зваротамі да паўночных духаў у абліччы жывёл, — “Сцэнам з мёртвага дома” паводле Ф. Дастаеўскага ад санкт-пецярбургскага тэатра-фестывалю “Балтыйскі дом”. Апошні спектакль невыпадкова быў адзначаны за мастацкае афармленне (яго аўтар — Ільшат Вільданаў), бо стаў прыкладам надзвычай эстэтычнага звароту да складанай тэмы сібірскай катаргі. Удалая інсцэніроўка шчодра дапаўнялася фальклорна-спеўнай аўтэнтыкай, жывым інструментальным гучаннем, шматлікімі пераўвасабленнямі, багатымі асацыятыўнымі шэрагамі. 

Разанскі дзяржаўны ордэна “Знак Пашаны” абласны тэатр драмы аздобіў “Прыбытковае месца” А. Астроўскага… гжэллю. У традыцыях гэтага мастацтва, што стала адным з расійскіх нацыянальных сімвалаў, былі вырашаны і вялізныя “статуэткі” катоў у халоднай пластыкавай прасторы, і сцэнічныя строі, і лебедзі на агромністай жырандолі. Яркую нацыянальную афарбоўку атрымалі і тыя пастаноўкі, у якіх тэатры звярталіся да замежнай драматургіі. “Выбуховы” ўсходні тэмперамент яскрава выявіўся ў “Пакорлівай” Ф. Дастаеўскага, увасобленай Азербайджанскім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам як монаспектакль. Вельмі казахскім аказалася “Крывавае вяселле” Ф. Гарсія Лоркі ў спектаклі Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра для дзяцей і юнацтва імя Габіта Мусрэпава. Смерць, якую іграла маладая артыстка Дынара Нурбалат, паўстала не страшнай старой, а гарэзлівым дзяўчом — і была прызнана найлепшай жаночай роллю. 

Відавочна, што да беларускасці прачытання імкнуўся і знакаміты расійскі рэжысёр Руслан Кудашоў, які не ўпершыню супрацоўнічае з Брэсцкім тэатрам лялек. Гэтым разам там увасобілі “Восеньскі марафон” А. Валодзіна, прычым спектакль прынцыпова адрозніваецца ад вядомай савецкай кінастужкі. Перавернуты гарадскі краявід — дахамі ўніз — нагадваў беларускія выцінанкі. А інтымная сцэна спаткання асацыявалася з жывапіснымі вобразамі М. Шагала: закаханыя папраўдзе ўзнімаліся ўверх і павольна там луналі, хай і ў выглядзе лялек. 

"Камень дурасці"

"Камень дурасці"

А вось у спектаклі “Дзеці. Вёрсты” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адчувалася менавіта расійская інтэрпрэтацыя. Літаратурная аснова была напісана расійскім аўтарам Арцёмам Казюханавым, які звярнуўся да маленечкай ранняй п’есы Я. Коласа “На дарозе жыцця”, шчодра дапоўніўшы яе фрагментамі трылогіі “На ростанях”. Але сімвалізм першага твора, сутыкнуўшыся з рэалізмам другога, месцамі прыводзіў да тэатра абсурду. Малады рэжысёр Інес Амамі з Расіі (гэта яе дыпломная праца) таксама не ў поўнай меры зразумела: жаданне маці сабраць дзетак, якія пакінулі родную хату, — гэта думкі нашага класіка пра беларускую маці-зямлю. У далёкім 1917-м пісьменнік даводзіў, што беларусы павінны ганарыцца радзімай, а не цурацца яе. Адэкватнае прачытанне такой коласаўскай ідэі адлюстравана хіба ў фінале, прычым віцебскім мастакомпастаноўшчыкам Андрэем Жыгурам: на экране з’яўляецца натоўп моладзі, што бяжыць насустрач кабеце. Не ўласцівая беларускай культуры і залішняя агрэсія, што прысутнічала ў стасунках некаторых персанажаў. 

Затое якой добрай, сонечнай паўстала наша сталічная “Умная собачка Соня”, справядліва прызнаная найлепшым спектаклем тэатра лялек: яе крэатыўных знаходак, прыдуманых рэжысёрам Яўгенам Карнягам, мастаком Таццянай Нерсісян і кампазітарам Кацярынай Аверкавай, хапіла б на некалькі не менш цікавых сцэнічных твораў. 

Стыльным мінімалізмам уразіў гледачоў “Камень дурасці” РТБД, вылучаны за найлепшы акцёрскі ансамбль. П’еса вядомага айчыннага драматурга Канстанціна Сцешыка, пастаўленая Дзмітрыем Зіміным з Расіі, упісвае нашу нацыянальную культуру ў прастору сучаснага сусветнага мастацтва і агульначалавечых каштоўнасцей. Вялікая зала крыху скрала інтымнасць атмасферы, што пануе ў спектаклі на роднай сцэне, але трэба было чуць, якая пранікнёная, удзячная цішыня ахінула памяшканне. 

А яшчэ трэба было бачыць, як спраўна дзятва перакладала асобныя фразы падчас спектакля “Квак і Жаб” (Славенія). Артысты гаварылі па-руску, але ж сцэнаграфію не пераробіш! І раптам аказалася, што многія словы сугучныя беларускім. 

Фестываль спраўдзіў самыя смелыя чаканні і пакінуў надзею на яшчэ больш яскравы працяг, што будзе праз год. Нягледзячы на ўсе складанасці часу, брэсцкая “Белая вежа” мацнее і гасцінна прымае тэатральную супольнасць розных краін. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з архіва тэатра