Як мала трэба для шчасця

Апублiкавана: 30 верасня 2023 Стужка Традыцыі Мiнская вобласць

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

Раней свята ўраджаю Багач адзначалі ў кожнай вёсцы, а сёння ўбачыць яго можна ў лічаных месцах Беларусі. Сярод такіх знакамітая Вязынка, што ў Маладзечанскім раёне, — 24 верасня мы рушылі на малую радзіму Янкі Купалы.

Дабрацца туды даволі проста — электрычкай, якая кожныя паўгадзіны адпраўляецца ў бок Маладзечна з цэнтральнага чыгуначнага вакзала Мінска. Вось ужо 11 гадоў запар на фестываль “Багач” з’язджаюцца сотні людзей з розных куткоў нашай краіны. І сёлета апранутыя ў беларускія нацыянальныя строі госці сабраліся на радзіме паэта. Сярод іх было шмат удзельнікаў першага “Багача”, якія завіталі сюды з ужо дарослымі дзецьмі. Дарэчы, акрамя як восеньскім святам, філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы славіцца і “Гуканнем вясны”, што праходзіць не менш цікава. І ладзяць гэтыя імпрэзы сапраўдныя адмыслоўцы — рупліўцы ўстановы і сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. 

Чым прываблівае Багач? Свята звязана з восеньскім раўнадзенствам, калі заканчваюцца работы ў полі, а ўраджай сабраны. Найменне адсылае да слова “багаты”. Багачом называлі і лубок з жытам, у сярэдзіну якога ўстаўлялася васковая свечка. З такім “кошыкам” абыходзілі ўсе двары ў вёсцы, статак, а пасля гэты прадмет пакідалі ў хаце пэўнага гаспадара да наступнага жніва. Паводле народных павер’яў, багач павінен забяспечваць дому дабрабыт і шчасце. Абрад скіраваны на захаванне плоднасці жывёлы, ураджайнасці, сямейнага ладу. Паколькі дзея прымеркавана да восеньскага раўнадзенства, можна гаварыць, што з яе дапамогай праводзілі Сонца. 

На фестывалі ў Вязынцы не было месца мікрафонам ды калонкам. Толькі жывыя галасы і гукі жывых інструментаў. Свята пачалося з шэсця і спеваў, якія далёка разносіліся па наваколлі, склікаючы ўсіх на галоўную сцэну. Далей зладзілі сам абрад, падчас якога прыгажуні дзяўчаты ў народных строях выконвалі цыкл песень, перадаючы снапок жыта (вакал быў такі, што сэрца сціскалася). Хлопец на сцэне — гаспадар дома. Пазней менавіта ён збіраў збожжа для багача ва ўдзельнікаў фестывалю, разам з гаспадыняй частаваў гасцей хлебам і мёдам. 

Затым правялі святочную праграму, што ўключала народныя танцы і майстар-класы (на пляцоўцы перад сядзібай яблыку не было дзе ўпасці). Пакуль некаторыя танчылі, па зацішных мясцінах на беразе стаўка разышліся тыя, хто хацеў паспяваць, і тады з розных бакоў сталі чутны жаночыя і мужчынскія шматгалоссі. Кожны выводзіў сваё, але не перадаць словамі, як хораша гэта гучала разам. 

А ўдалечыні ад усіх дужы каваль у чорным брылі працаваў пры горне, акуратна пастукваючы молатам па кавадле. Былі яшчэ саламяныя і даматканыя інсталяцыі. І, безумоўна, не абышлося без пачастунку ад майстроў смаку. Мёд, духмяная гарбата з зёлак ды кавалачак чорнага хлеба… Як мала трэба для шчасця… Адно шкада, што не падрыхтаваўся да камандзіроўкі як след: ні саматканай кашулі не захапіў, ні песень не вывучыў. Наступным разам абавязкова гэта зраблю. 

Засталося толькі пачакаць паўгода, пакуль у Вязынцы зладзяць абрад “Гуканне вясны”, — каб зноў паглыбіцца ў адмысловую атмасферу. І калі вы схільны вагацца, ці варта ў снег (а ён мусіць быць) выбірацца з цёплай кватэры немаведама куды, я вас пераконваю: варта! 

Зміцер ЮРКЕВІЧ