Захоўваючы повязь з каранямі

Апублiкавана: 22 кастрычнiка 2023 Стужка Афіцыйна Мiнская вобласць

Аўтар: РУДАК Антон

У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту 14 кастрычніка прайшла акцыя “Вішнёвы сад”, прымеркаваная да 70-годдзя Міністэрства культуры і да Дня маці. Супрацоўнікі ведамства паўдзельнічалі ў пасадцы 70 дрэў. 

Як паведаміў намеснік дырэктара музея Яўген Мікула, галоўная задача ўстановы, што існуе ўжо больш за 45 гадоў, — захаванне помнікаў драўлянага дойлідства. Адным з напрамкаў дзейнасці з’яўляюцца таксама культурна-масавыя мерапрыемствы. Ладзяцца абрады і на Каляды, і на Масленіцу, і на Купалле, і на іншыя святы. Калі Міністэрству культуры споўнілася 70 гадоў, было вырашана стварыць вішнёвы сад на мяжы музейнай тэрыторыі. 

У дзень Пакроваў Прасвятой Багародзіцы акцыя распачалася святочным касцюміраваным шэсцем з традыцыйнымі спевамі пад акампанемент музычных інструментаў — скрыпкі ды дуды. Каля будучага сада таксама прадставілі невялікую выставу сельскагаспадарчых прылад, якія выкарыстоўваліся ў розныя часы ў беларускай вёсцы. Да шэсця і высадкі дрэў далучыліся навучэнцы Азярцоўскай сярэдняй школы. 

З вітальным словам да ўдзельнікаў акцыі звярнуўся міністр культуры Анатолій Маркевіч: “Гэты дзень сабраў нас, каб мы выказалі шчырую падзяку матулям і блізкім людзям за тое, што яны заўсёды дапамагаюць і словам, і справай. Вельмі важна, што сёння мы сустрэліся ў цудоўным месцы — Беларускім музеі народнай архітэктуры і побыту, бо менавіта ў гэтым кутку захаваны традыцыі нашай вёскі і яе жыхароў. Добра, што тут прысутнічаюць юныя грамадзяне краіны, дзяўчаткі і хлапчукі, якія таксама дакрануліся да нашай вялікай гісторыі, бо іменна тая дзяржава, якая ведае сваю мінуўшчыну, мае права на існаванне”. 

Уражаннямі падзялілася начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч: “Сёння выдатны дзень, у які адзначаюцца такія цудоўныя святы, як Дзень маці і Пакровы Прасвятой Багародзіцы. Мы сабраліся ў Музеі народнай архітэктуры і побыту, каб закласці вішнёвы сад. Гэтая цудоўная традыцыя, безумоўна, зарадзілася ў даўнія часы, і мы хочам паказаць маладому пакаленню, што яе нельга забываць, бо ў горадзе ўжо знікаюць культурныя асаблівасці, характэрныя для вёсак. Мы прывыклі, што ўсё замяняе тэхніка, але ў гэтым выдатным месцы можна ўбачыць прылады працы, якія існавалі раней, жывёл, што жылі ў кожным двары, паўдзельнічаць у пасадцы дрэў, якая суправаджаецца традыцыйнымі абрадамі і песнямі, а яшчэ даведацца, як абыходзіцца з саджанцамі і на якую глыбіню іх садзіць. А калі расліны закрасуюць, будзе вельмі прыемна прыехаць і пакаштаваць вішні. Гэтая цудоўная традыцыя яшчэ мацней збліжае нашых людзей і выхоўвае ў новага пакалення любоў да народных абрадаў. Вельмі важна, каб маладосць і досвед ішлі побач”. 

Напрыканцы ўдзельнікі акцыі ўсталявалі перад садам памятную шыльду, пачаставаліся яечняй са скваркамі і паглядзелі спектакль “Збянтэжаны Саўка”. У пастаноўцы паводле п’есы Леапольда Родзевіча ігралі супрацоўнікі музея.