Хто застанецца ў рэестры?

Апублiкавана: 21 кастрычнiка 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Круглы стол

Аўтар: РУДАК Антон

У прэс-клубе рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і Мастацтва” 16 кастрычніка адбылася відэаканферэнцыя на тэму “Заканадаўства аб арганізацыі культурна-відовішчных мерапрыемстваў і рэалізацыя яго на практыцы”.

У студыі выступілі начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Ірына Дрыга і намеснік начальніка аддзела міжнароднага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі Алег Мазура. Падчас прэс-канферэнцыі прамоўцы атрымалі шэраг пытанняў ад аўдыторыі. 

Як распавяла Ірына Дрыга, заканадаўства, якое рэгулюе парадак арганізацыі культурна-відовішчных мерапрыемстваў у нашай краіне, уключае два асноўныя дакументы — Кодэкс аб культуры і Пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 401, у якой зацверджана палажэнне аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў, прынятае летась 22 чэрвеня. Сёлета 19 верасня Пастановай № 608 у гэты дакумент былі ўнесеныя змены і дапаўненні. 

У адпаведнасці з артыкулам 213 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры арганізатарамі культурна-відовішчных мерапрыемстваў з’яўляюцца юрыдычныя асобы Рэспублікі Беларусь, індывідуальныя прадпрымальнікі, зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь, замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства, замежныя і міжнародныя арганізацыі, якія ажыццяўляюць дзейнасць па правядзенні культурнавідовішчных мерапрыемстваў. Фізічныя асобы ў такой ролі выступаць не могуць. 

Рэестр уяўляе сабой базу звестак Рэспублікі Беларусь, якая ўключае інфармацыю аб арганізатарах культурна-відовішчных мерапрыемстваў з ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь, юрыдычных асоб Рэспублікі Беларусь, за выключэннем дзяржаўных органаў, дзяржаўных арганізацый і арганізацый, у статутных фондах якіх 50 і больш працэнтаў акцый (долей) знаходзіцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь і (або) яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, а таксама замежных або міжнародных арганізацый, у тым ліку тых, што не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі. 

Рэестр змяшчае інфармацыю аб назве юрыдычнай асобы або імені індывідуальнага прадпрымальніка, які з’яўляецца арганізатарам культурна-відовішчных мерапрыемстваў, звесткі аб кіраўніку або заснавальніку прадпрыемства, яго юрыдычны адрас і кантактную інфармацыю, а таксама код яго віду дзейнасці. 

У адпаведнасці з артыкулам 214 Кодэкса, для арганізацыі культурна-відовішчнага мерапрыемства яго арганізатар абавязаны атрымаць спецыяльны дазвол — пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, што выдаецца мясцовым выканаўчым і распарадчым органам абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, які ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры. 

Для атрымання пасведчання арганізатар культурна-відовішчнага мерапрыемства павінен звярнуцца з заявай па форме, устаноўленай Міністэрствам культуры, у структурнае падраздзяленне па культуры мясцовага выканаўчага і распарадчага органа абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, які ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, не пазней як за 10 дзён да запланаванага дня пачатку рэалізацыі ўваходных білетаў або дня правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства, калі рэалізацыя ўваходных білетаў не прадугледжана. Для атрымання пасведчання неабходна падаць заяву аб выдачы і прыкласці да яе праграму мерапрыемства з указаннем выканаўцаў і калектываў, а таксама твораў, якія будуць выконвацца падчас мерапрыемства. 

У адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 608, якая была прынятая 19-га і ўступіла ў сілу 23 верасня, унесены шэраг змен. Так, асноўны від дзейнасці прэтэндэнтаў на ўключэнне ў рэестр мусіць быць звязаны з арганізацыяй культурна-відовішчных мерапрыемстваў, то-бок гэта мусіць быць дзейнасць у галіне выканаўчых мастацтваў або дзейнасць, якая спрыяе правядзенню культурна-відовішчных мерапрыемстваў. 

Таксама прэтэндэнт мусіць падаць яшчэ і дакумент, які сведчыць аб наяўнасці ў яго стажу работы ў сферы арганізацыі культурна-відовішчных мерапрыемстваў і аб са міх такіх праведзеных ім мерапрыемствах за апошнія тры гады з даты падачы заявы, якія адпавядаюць такім крытэрыям, як эстэтычная каштоўнасць твораў, мастацкая цэласнасць і кампазіцыйная завершанасць мерапрыемства, яго мастацкае афармленне і выканальніцкае майстэрства ўдзельнікаў. 

Варта падкрэсліць, што патрабаванне, якое тычыцца трох гадоў стажу, мае на ўвазе, што гэты тэрмін можа ахопліваць любы перыяд, калі арганізатар ажыццяўляў такую дзейнасць, то-бок гэта не абавязкова мусяць быць апошнія тры гады з даты падачы заявы. Пацвердзіць наяўнасць стажу можна выпіскай з працоўнай кніжкі або копіямі грамадзянска-прававых дамоў, якія з ім заключаліся. Таксама гэта можа быць даведка з месца працы, што сведчыць, на якой пасадзе і ў які перыяд арганізатар працаваў, або іншы дакумент такога кшталту. 

Для таго каб высветліць, ці адпавядае стаж спецыяліста патрабаванням пастановы, рэкамендавана карыстацца выпускам № 30 адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасадаў служачых “Пасады служачых, занятых у культуры”, які можна знайсці на прававых парталах. З яго дапамогай можна высветліць адпаведнасць службовых абавязкаў пэўнаму віду дзейнасці. Досвед прадпрымальніцкай дзейнасці ў сферы арганізацыі культурна-відовішчных мерапрыемстваў можа быць ацэнены паводле грамадзянска-прававых дамоў, дамоў аказання паслуг або актаў выкананых работ. 

Таксама неабходна падаць інфармацыю аб мерапрыемствах, праведзеных з удзелам заяўніка за апошнія тры гады з даты падачы заявы, прычым ён мог быць не абавязкова іх арганізатарам, а выконваць пэўныя функцыі па іх арганізацыі ў якасці рэжысёра, яго асістэнта, памочніка, адміністратара ці ў іншай якасці. Каб ацаніць мастацкі ўзровень гэтых мерапрыемстваў, прыкладаюцца фота- і відэаматэрыялы, магчыма, сцэнарныя планы. Гэтыя дакументы прымаюцца ў Міністэрстве культуры штодзённа з васьмі гадзін раніцы да пяці вечара, а ў чацвер — да васьмі вечара. 

Асобы, якія ўключаныя ў рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў і хочуць працягваць сваю дзейнасць, каб пацвердзіць сваю адпаведнасць патрабаванням Пастановы № 608, таксама мусяць да 23 кастрычніка падаць у Міністэрства культуры дакументы аб пацвярджэнні стажу і інфармацыю аб праведзеных мерапрыемствах. Тое ж тычыцца і тых, хто падаў дакументы, але рашэнне па іх яшчэ не было прынятае. Гэтыя дакументы будуць разгледжаныя цягам трыццаці дзён, і па выніках разгляду камісія, якая працуе пры Міністэрстве культуры, прыме рашэнне аб пацвярджэнні статусу для арганізатараў, якія ўжо ўваходзяць у рэестр, або аб уключэнні ў яго, ці аб адмове, калі выяўленыя парушэнні. 

Антон РУДАК 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА