Мэтавае накіраванне: за і супраць

Круглы стол “Мэтавае накіраванне ва ўстановах адукацыі сферы культуры: перспектывы і перспектыўнасць названай формы атрымання адукацыі” сабраў у прэс-клубе “Культура і мастацтва” знакавых спікераў.

На гаворку мы запрасілі начальніка аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Беларусі Марыну Юркевіч, рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталлю Карчэўскую, рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алену Куракіну, рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіла Баразну, намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Яўгена Асташова. Дыстанцыйна ў круглым стале таксама паўдзельнічалі прадстаўнікі абласных упраўленняў культуры, раённых устаноў адукацыі сферы культуры, культработнікі Беларусі. 

“К”: “Марына Браніславаўна, здаецца, навучальны год ужо ўвайшоў у сваю каляіну, але грамадства працягвае абмяркоўваць пытанні паступлення. Як вы ацэньваеце сёлетні набор? Сёлетнюю прыёмную кампанію?” 

Марына Юркевіч: “Па-першае, хачу падзякаваць кіраўнікам устаноў адукацыі нашай галіны, бо выкананы ўсе кантрольныя лічбы прыёму. Цешыць, што мы бачым конкурс. У прыватнасці, у апошнія тры гады ён паступальна павялічваецца на асобныя спецыяльнасці не толькі ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі, але і ва ўстановах вышэйшай адукацыі, якія справіліся з пастаўленай задачай, у тым ліку па мэтавым наборы. Прычым для абітурыентаў з мэтавымі накіраваннямі пашыраюцца магчымасці: сёлета такія асобы маглі паступіць не толькі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, але і ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Думаю, з часам у нас павялічацца лічбы прыёму на мэтавае навучанне. Узрасце і зацікаўленасць заказчыкаў кадраў у тым, каб спрагназаваць, колькі і якіх ім патрэбна прафесіяналаў”. 

“К”: “А як зрабіць, каб малады спецыяліст замацаваўся на першым працоўным месцы на доўгія гады?” 

Марына Юркевіч: “Для гэтага кіраўнікі, мясцовыя органы ўлады павінны прыкладаць максімум намаганняў. Ад стаўлення да маладога спецыяліста залежыць яго настроенасць на далейшую работу. Таму неабходна ствараць пэўныя ўмовы, у тым ліку забяспечваць адмыслоўцаў жыллём, прадугледжваць механізмы матэрыяльнага стымулявання, што шмат дзе сёння і робіцца. Цяпер існуе лічба ў 54 % замацаванасці маладых спецыялістаў, прычым большасць з іх застаецца ў Мінску і ў Гомельскай вобласці. Хацелася б, каб рэгіёны дэталёва разгледзелі гэтае пытанне і падчас найбліжэйшых пасяджэнняў у аблвыканкамах, на калегіях абласных упраўленняў культуры абмеркавалі, хто з маладых спецыялістаў прыйшоў на працу, якія для іх створаны ўмовы і што трэба зрабіць, каб не было вакансій у нашых установах”. 

“К”: “Сапраўды, праблема забяспечанасці кадрамі ў сферы культуры ёсць. Што, на ваш погляд, варта рабіць, на што належыць звяртаць увагу?” 

Марына Юркевіч: “Трэба больш дэталёва паглядзець на прафарыентацыйную работу, якую павінны праводзіць найперш заказчыкі кадраў. Абітурыентам неабходна паказаць магчымае месца працы, зацікавіць іх, дазволіць ім адчуць спецыяльнасць на сабе. Неразуменне таго, што чакае маладога чалавека ў прафесійнай будучыні, можа выклікаць у яго страх. Каб гэтага пазбегнуць, патрэбна цеснае ўзаемадзеянне. Бо ўстановы ўсіх ступеней, пачынаючы са школы мастацтваў і заканчваючы вышэйшай школай, зацікаўлены ў працы з матываванымі дзецьмі, якія ведаюць, навошта прыходзяць у прафесію”. 

Яўген Асташоў: “Дазвольце дадаць пра матывацыю. Менавіта на яе робім ухіл у Мінскай вобласці. Матывацыя яшчэ на першых этапах дае абітурыентам магчымасць выбраць, якім чынам прыйсці ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі — ці на агульных падставах, ці па мэтавым дагаворы. Мы вядзём, як і іншыя вобласці, актыўную прафарыентацыйную працу, каб не ўпусціць тую творчую моладзь, якая падае надзеі з дзяцінства, і прыцягнуць яе ў прафесію”. 

“К”: “Наколькі я ведаю, прафарыентацыйныя мерапрыемствы даволі часта ладзіць і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Скажам, не так даўно падобная акцыя прайшла ў Пінску”. 

Наталля Карчэўская: “Так, і падчас гэтага мерапрыемства мы растлумачылі асаблівасці ўступнай кампаніі. Зразумела, БДУКМ і іншыя ўстановы адукацыі ў сферы культуры гатовы дапамагаць заказчыкам кадраў адбіраць абітурыентаў. У той жа час, пагадзіцеся, ні адна вышэйшая навучальная ўстанова не зможа заехаць для прафарыентацыйнай работы ў кожны населены пункт, у якім патрабуюцца спецыялісты, і дапамагчы знайсці матываваных дзяцей. 

І яшчэ хачу сказаць вось пра што. Цяпер абмяркоўваюцца змены ў правілах прыёму абітурыентаў на 2024/2025 навучальны год. Карэкціроўкі датычацца ў тым ліку і творчых ВНУ. Прадугледжваецца, што тэрміны набору на мэтавую форму падрыхтоўкі зрушацца з пачатку чэрвеня на пачатак ліпеня. У такім выпадку прэтэндаваць на мэтавыя накіраванні змогуць і выпускнікі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія ўжо атрымаюць дыпломы аб адукацыі. Акрамя таго, мяркуюцца рэформы і ў арганізацыі конкурснага набору. Цяпер ён у адпаведнасці з указам праходзіць у разрэзе канкрэтнай спецыяльнасці. А калі прымуць рашэнне праводзіць конкурс па заказчыку, то сітуацыя зменіцца. Кожны заказчык павінен будзе забяспечыць на адно месца як мінімум двух прэтэндэнтаў з ліку абітурыентаў. Пакуль гэтае пытанне абмяркоўваецца. І добра, што ўздымаем яго менавіта цяпер, бо неўзабаве будзе сфарміраваны парадак прыёму ва ўстановы адукацыі. Заказчыкам трэба ўжо цяпер думаць аб заяўках на мэтавае навучанне на наступны навучальны год. Але ж, як я неаднойчы гаварыла, не варта меркаваць, што спецыялістаў рыхтуюць толькі ВНУ і ССНУ. Гэта сумесная праца з заказчыкамі кадраў, якія мусяць быць зацікаўлены ў ёй. Дарэчы, Мінская вобласць вылучаецца па колькасці заявак на мэтавае навучанне. Нагадаю: цяпер любая арганізацыя, у тым ліку рэспубліканскай формы ўласнасці, можа заказаць падрыхтоўку мэтавіка”. 

Марына Юркевіч: “Так, цэнтральны рэгіён у лідарах, але хацелася б, каб падцягнуліся іншыя. Напрыклад, з Брэсцкай вобласці паступіла толькі адна заява, з Гомельскай — чатыры, з Гродзенскай — адна, з Магілёўскай — пяць. Нашым заказчыкам кадраў, упраўленням культуры трэба над гэтым падумаць, бо лічбы не вельмі вялікія. Тым больш у сферы культуры не хапае кадраў. І правільна адзначае Наталля Уладзіміраўна: варта працаваць у такім кірунку ўжо сёння, нягледзячы на тое што навучальны год толькі пачаўся. Лічбы невысокія, і нам ёсць да чаго імкнуцца”. 

“К”: “Быў на размеркаванні ў БДУКМ, ведаю пра сітуацыю ў Акадэміі музыкі: большасць маладых спецыялістаў забірае Мінск. Ці існуе падобная праблема ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў?” 

Міхаіл Баразна: “Не скажу, што гэта можна назваць праблемай, бо ў нас ёсць і завочнае навучанне. І студэнты, якія прыязджаюць з абласных тэатраў, з тэатраў у райцэнтрах, вяртаюцца пасля атрымання дыплома на сваё месца работы. Таму сёння нашы выпускнікі прадстаўлены амаль ва ўсіх тэатрах Беларусі. Але ж мы рыхтуем спецыялістаў, напрыклад кінарэжысёраў, якіх немагчыма ўладкаваць за межамі сталіцы. Разам з тым у абласных цэнтрах працуюць тэлеаператары, дызайнеры. Таму пра нейкую мінскую выключнасць для выпускнікоў нашай акадэміі казаць не варта”. 

“К”: “Мэтавы набор ёсць у БДУКМ, у Акадэміі мастацтваў, а вось у Акадэміі музыкі пакуль няма. Ці плануецца яго ўводзіць з улікам спецыфікі ўстановы?” 

Алена Куракіна: “Акадэмія музыкі рыхтуе таленавітую моладзь для работы перш за ўсё ў вядучых тэатральна- відовішчных, канцэртных арганізацыях, у тым ліку ў Белдзяржфілармоніі і абласных філармоніях, Вялікім тэатры, Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. Выпускнікі таксама працаўладкоўваюцца ва ўстановы ўсёй вертыкалі сістэмы бесперапыннай музычнай адукацыі. 

Кожны спецыяліст мае дзве кваліфікацыі — артыстычную і педагагічную. А хто ён — артыст, які павінен іграць на сцэне філармоніі, або педагог ад Бога, здольны працаваць у дзіцячай музычнай школе, скажам, горада Слуцка, — бачна ўжо на 3—4 курсе. 

У нашай акадэміі даволі паспяхова пабудавана работа з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Установы адбіраюць сабе выпускнікоў менавіта ў працэсе навучання. У дагаворах, заключаных з Вялікім тэатрам, філармоніямі і г. д., ёсць пункты, згодна з якімі размеркаванне магчыма толькі пасля конкурснага праслухоўвання. Таму мэтавая падрыхтоўка на агульных падставах не дапаможа гэтым арганізацыям, а, наадварот, у нейкі момант можа перашкодзіць убачыць свайго маладога спецыяліста. 

Мы вельмі клапоцімся аб тым, каб усе нашы заказчыкі кадраў атрымалі патрэбных адмыслоўцаў, каб па магчымасці раўнамерна задаволіць запыты і тых, хто знаходзіцца ў сталіцы, і тых, хто ў рэгіёнах. Дадам, што ў акадэміі праз спецыфіку працы ведаюць практычна ўсіх заказчыкаў кадраў. Цягам года ў кожную арганізацыю выязджаем альбо з прафарыентацыйнай працай, альбо з нейкімі творчымі праектамі. Сёлета, асабліва ў найбліжэйшыя месяцы, плануем дэталёва абмяркоўваць, якіх менавіта выпускнікоў заказчыкі хочуць атрымаць пасля навучальнага года. Гэта дазволіць ужо цяпер па магчымасці вызначыць студэнтаў, што найбольш цікавяць тую ці іншую ўстанову культуры, і так выбудаваць адносіны з маладымі людзьмі, каб потым заказчыкі гарантавана атрымалі сваіх адмыслоўцаў”. 

Міхаіл Баразна: “Мы ставімся да тых, хто паступае ў Акадэмію мастацтваў па мэтавым накіраванні ці без яго, аднолькава. Ды і патрабаванні да паступлення абсалютна аднолькавыя. Некаторыя перавагі, натуральна, у мэтавікоў ёсць. Напрыклад, у іх не такі вялікі конкурс падчас прыёму. Канешне, Акадэмія мастацтваў абавязваецца дадаваць пэўныя інавацыі пад канкрэтнага мэтавіка. Скажам, калі ён навучаецца па накіраванні для далейшай працы на кінастудыі, то амаль усе вытворчыя практыкі, курсавыя, дыпломная работа будуць звязаны з адпаведнай пасадай ці з той прафесіяй, якую адмысловец атрымае. 

І вось яшчэ на чым хацелася б акцэнтаваць увагу. Наша краіна не вельмі вялікая, мы рыхтуем не так многа спецыялістаў. Замест таго, каб бясконца ліставацца, я б прапанаваў работадаўцам звяртацца непасрэдна ў ВНУ. Адміністрацыя заўжды адкажа на любыя пытанні, мы заўжды вас прымем, распавядзём пра ўсе нюансы. Напрыклад, многія тэатральныя арганізацыі цяпер мусяць на 5—6 гадоў наперад пралічыць рэпертуар. У яго пастаноўках будуць жаночыя, мужчынскія ролі, ролі для маладых і для дарослых людзей. Гэта трэба спрагназаваць, каб скласці даволі падрабязны рэпертуарны план. У падобнай сітуацыі мы можам правесці ўсе неабходныя кансультацыі”. 

“К”: “І, пэўна, апошняе. З аднаго боку, мэтавае накіраванне дае ўпэўненасць у заўтрашнім дні, але, з іншага, яно можа і дэматываваць студэнта, ці не так?” 

Наталля Карчэўская: “Наадварот — матываваць. Хаця б з той прычыны, што ў мэтавікоў вельмі жорсткі дагавор. Яны добра разумеюць, што ў выпадку адлічэння, напрыклад за непаспяховасць, будуць кампенсаваць сродкі. Наогул, сёння гэта высокаматываваныя дзеці. 

Сапраўды, некаторы час таму, калі мэтавыя накіраванні даваліся па прынцыпе «хто папрасіў», была небяспека ўзяць менш таленавітага студэнта. Але цяпер кіраўнікі ўстаноў культуры або адукацыі, якім патрэбен спецыяліст, таксама разумеюць наступствы ў выпадку скасавання дагавора і адказна ставяцца да выбару абітурыентаў, якія пасля прыйдуць працаваць на пяць гадоў. 

Разам з тым, адзначу, у мэтавікоў ёсць прэферэнцыі, што тычацца жылля. У нас такіх студэнтаў абавязкова забяспечваюць інтэрнатам — не толькі на першым, але і на наступных курсах. У гэтым сэнсе мэтавікі, якія не парушаюць дысцыпліну, могуць быць спакойнымі за бытавыя ўмовы падчас навучання”. 

Яўген Асташоў: “Калі гаварыць пра Мінскую вобласць, дык мы бачым, што раней было не так шмат ахвотных пайсці на мэтавае навучанне, але сёння сітуацыя кардынальна змянілася. Так, на 10 запланаваных месцаў у нашым каледжы мастацтваў было пададзена 22 заяўкі. Конкурс на асобныя спецыяльнасці аказаўся дастаткова сур’ёзным. Напрыклад, на пяць мэтавых месцаў спецыяльнасці «Харэаграфічнае мастацтва» заяўкі падалі 12 чалавек. Гэта дзеці, якія навучаліся ў нашых школах мастацтваў і актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх творчых мерапрыемствах, а таксама чальцы калектываў, якія з маленства займаліся танцамі і не па чутках ведаюць, чым жывуць установы. Таму я ўпэўнены, што вучыцца па мэтавым накіраванні ідуць сапраўды матываваныя маладыя людзі, а не тыя, хто проста хоча паступіць. Сёння мэтавая падрыхтоўка разглядаецца як магчымасць знайсці таленавітых абітурыентаў. Мы ўпэўнены, што, атрымаўшы дыплом, яны вернуцца да сябе ў раён, дзе змогуць раскрыць свой патэнцыял і ўнесці ў працу тое новае, чаму іх навучылі ва ўстановах адукацыі сферы культуры”. 

Марына Юркевіч: “Мне здаецца, такія хлопцы і дзяўчаты вельмі зацікаўлены ў атрыманні якаснай адукацыі, бо па вяртанні хочуць паказаць найвышэйшы пілатаж. Ды і кожны кіраўнік на месцы разумее, што пасля падрыхтоўкі ў ВНУ да яго прыедзе спецыяліст, які адпрацуе мінімум пяць гадоў, а значыць, столькі часу не будзе вакансіі”. 

“К”: “Дзякуй за гутарку”. 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ