Прыгоды італьянца ў Польшчы і Літве

25 жніўня ў межах святкавання 800-годдзя Нясвіжа ў Тэатральнай зале палаца Радзівілаў прайшоў фестываль камернай музыкі“Даўніна і сучаснасць”.У гэты вечар старажытны замак напоўніўся мелодыямі слынных замежных і айчынных кампазітараў, у тым ліку і скарбамі беларускага барока — творамі Мацея Радзівіла і Ёгана Голанда. Менавіта згадка гэтых аўтараў у афішы, а дакладней адсутнасць імя Алесандра Данэзі, і прымусіла нас узяцца за гэты тэкст. Мы пачынаем распавядаць гісторыю рымскага кампазітара, дзякуючы якому ў свет прыйшла “Агатка”. 

Дзе і калі нарадзіўся Алесандра, невядома і сёння. Першая знойдзеная намі згадка Данэзі датуецца 22 лістапада 1762 года. У той дзень у рымскім касцёле К’еза Нуова прагучала знакамітая араторыя “Святая Алена на Галгофе” з музыкай нашага героя. У 1766-м падчас карнавалу ў Фларэнцыі выканалі фарсету Данэзі “Заможны грубіян”. У 1768-м у Рыме публіцы прадставілі “Спрэчкі закаханых” — сумесную працу Данэзі і вядомага паэта і лібрэтыста Антоніа Гата. А далей вецер лёсу падхапіў Алесандра (які ўжо меў немалы “оперны досвед”) і панёс на сваіх крылах на ўсход. 

З ЛЬВОВА Ў ВАРШАВУ 

Маю здагадку, што завабіў Данэзі ў Рэч Паспалітую варшаўскі мэр Алойзы Бруль. На тое, што паміж Брулём і Данэзі існавала сувязь, паказвае наступнае. Недзе да 1775 года рымлянін трапіў у Львоў, у двор будучага мітрапаліта грэка-каталіцкай царквы Лявона Шаптыцкага. У красавіку 1775 года, акурат у час, калі падыходзіў да завяршэння надзвычайны сойм, які ўхваліў першы падзел Рэчы Паспалітай, Данэзі піша ліст князю Антонію Сулкоўскаму, кіраўніку Варшаўскага тэатра, у якім просіцца на працу. Алесандра згадвае, што 11 красавіка атрымаў ад графа Бруля ліст з прапановай — “складаць оперы ці інтэрмецца, рыхтаваць партытуры, стаяць пры цымбалах (клавесіне), кіраваць рэпетыцыямі ўзамен штогадовага заробку 250 дукатаў і жытла”. 

Умовы маэстра задаволілі, таму ён згадзіўся ў самым хуткім часе прыбыць у Варшаву. Што было далей, мы ведаем з ліста, які напісаў пазней граф Бруль князю Сулкоўскаму. Высвятляецца, што першы патрапіў у “гісторыю”, якая кідала цень на яго гонар. Калі Данэзі прыехаў за свае сродкі ў Варшаву, дык раптам застаўся без абяцанага Сулкоўскім месца, заробку і жытла. І таму Бруль, каб не запляміць сваю рэпутацыю, мусіў нешта заплаціць музыканту з уласнай кішэні. Цяжар адказнасці ляжаў на Аўгусце і Антоніі Сулкоўскіх, якія “забыліся” на абяцанкі. 

КАРАБАС-БАРАБАС ПА-ВАРШАЎСКУ 

Прычына, з якой Сулкоўскія праігнаравалі Данэзі, вартая ўвагі: у тэатры выбухнуў сапраўдны “бунт на караблі”. Перадгісторыя падзеі такая. Згаданы сойм, на якім вялі рэй “гандляры радзімай у асабліва буйных памерах” на чале з палякам Адамам Панінскім, вырашаў не толькі палітычныя пытанні. 

11 чэрвеня 1774 года калішскі ваявода Аўгуст Сулкоўскі купіў патэнт, які гарантаваў яму манаполію на “ўсе відовішчы і платныя публічныя забавы ў Варшаве”. 31 ліпеня была арганізавана суполка для кіравання “бізнес-праектам”, у якую ўвайшлі калега Сулкоўскага па гандлі радзімай Панінскі, а таксама каралеўскі камердынер Францішак Рыкс. Апошні, які ўклаў у згаданы тэатр нямала грошай, стаў дырэктарам. Але неўзабаве Сулкоўскі вырашыў яго пазбавіцца. Прычым Аўгуста зусім не бянтэжыла, што за спінай Рыкса стаяў сам кароль. Рыкс ударыў у адказ: выставіў прэтэнзію аб вяртанні яму ўнёскаў, рэквізаваў тэатральную маёмасць ды зачыніў будынак установы, якая месцілася ў варшаўскім палацы Радзівілаў. Сулкоўскі зрабіў ход канём— пазбавіў Рыкса дырэктарскай пасады і перадаў яе брату Антонію. 

Гэтая барацьба за “залаты ключык” мела нечаканыя наступствы. Калі ў разгар канфлікту сакратар Рыкса з’явіўся ў тэатры, новы дырэктар не доўга думаючы загадаў выдаць “са сваёй скарбонкі” 100 бізуноў, а іншаму апаненту, пану Бізенштэйну, паабяцаў “пераламаць ногі і рукі”, калі той наблізіцца да тэатра. Справа вырашылася толькі пасля ўмяшання караля. А наш герой, цешачыся, што не патрапіў у “сулкоўскі пераплёт”, не чакаючы развязкі драмы, адправіўся ў Слонім. 

У ЛІТВУ ДА АГІНСКАГА 

Згаданы Бруль у прамежках паміж афіцыйнай, дзяржаўнай, працай і таемнай, масонскай, актыўна музіцыраваў на ўдарных інструментах. Адным з яго партнёраў па сцэне быў скрыпач і вялікі гетман літоўскі Міхал Казімір Агінскі — масон з вялікалітоўскай ложы “Дасканалае адзінства”. Вярнуўшыся з эміграцыі на мяжы 1774—1775 гадоў, Агінскі даволі актыўна ўзяўся за аднаўленне тэатральнага жыцця ВКЛ. І вось акурат тады ў слонімскай капэле і з’яўляецца Алесандра Данэзі. Гісторык Анджэй Цеханавецкі згадваў у кнізе “Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме”, што ў гэтым горадзе ў 1776 годзе “ўжо быў значны ансамбль агульнай колькасцю ў 53 музыканты — спецыялісты інструментальнай і вакальнай музыкі. Дырыжораў было двое — канцэртмайстар Юзаф Паўлі і капельмайстар Алесандра Данэзі”. Паводле выдання, месячны заробак складаў 15 і 12 дукатаў для Паўлі і Данэзі адпаведна. А італьянскаму спеваку-кастрату Франкоту плацілі яшчэ больш — 19 дукатаў. Дукат у тыя часы раўняўся 16 злотым. То-бок Данэзі атрымліваў штогод 2304 злотыя (гадавы заробак казака, які меў добрага каня, пісталет і дзіду, складаў 20 злотых). Значыць, музыканты прыдворнай капэлы ў тыя часы зусім не бедавалі. Чым жа адзначыўся Данэзі ў гэты перыяд? Распавядзём у наступнай частцы. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ