Ян Тысевіч — беларускі мастак, якога нібы й не было

Дзе насамрэч нарадзіўся гэты мастак, якога з нейкай недарэчнай прычыны адносяць да самых розных краін, што мяжуюць з Беларуссю? Што, акрамя паходжання, яднала яго з паэтамі і кампазітарамі Адамам Міцкевічам, Уладзіславам Сыракомлем, Станіславам Манюшкам і Міхалам Грушвіцкім? І, нарэшце, што можа быць агульнага паміж Уладзіславам Невяровічам (сапраўднае імя мастака) і станцыяй сталічнага метрапалітэна “Немаршанскі сад”, якую плануюць увесці ў выкарыстанне ў 2023 годзе? 

Імя Уладзіслава Невяровіча, больш вядомага пад псеўданімам “Ян Тысевіч”, таленавітага жывапісца, графіка, ілюстратара, жыццё якога ўклалася ў ХІХ стагоддзе, падаецца, у Беларусі ведаюць хіба што адзінкі. Зусім не ўпэўнены, ці ёсць у нас хоць адна з ягоных карцін. Калі б не выпадак, мо і я б прайшоў міма гэтай асобы. А цікавасць да яе нарадзілася падчас падрыхтоўкі публікацыі пра кампазітара з Міншчыны Міхала Грушвіцкага (гл. “К” 49, 2021). Аказалася, што адным з ганаровых сведак на паўторным шлюбе Грушвіцкага з Леакадыяй Ратынскай (1862 год) быў Юзафат Свіда, жанаты з Сідаліяй Невяровіч, роднай сястрой мастака. Далейшыя пошукі інфармацыі далі вельмі дзіўныя вынікі. 

Згодна з публікацыямі літоўскіх мастацтвазнаўцаў, нарадзіўся “Невяравічус” на тэрыторыі, якую сёння б аднеслі да сучаснай Літвы. Згодна з украінскімі дадзенымі, Ян Тысевіч, хутчэй за ўсё, нарадзіўся ў Станіслававе (сёння — Івана-Франкоўск). Ну а ў Польшчы без аніякай падставы лічаць яго чамусьці польскім мастаком. І гэта пры тым, што яшчэ ў 1904 годзе выйшаў нарыс “З жыцця Літвіна”, напісаны наваградчанінам Эдвардам Паўловічам, у якім сцвярджалася, што нарадзіўся Тысевіч каля 1815 года ў Віленскім ваяводстве, у бацькавым маёнтку Марцыбелішкі. Для свайго нарыса Паўловіч скарыстаўся ўспамінамі ўдавы Тысевіча (якія захаваліся, але не друкаваліся). А ў іх прамым тэкстам гаворыцца, што бацька яе мужа, былы касцюшкаўскі харужы, вярнуўся “і асеў у сваёй уласнасці ў Літве, у Віленскай губерні каля горада Мінска і Вілейкі… дзе ў маёнтку свайго бацькі Марцыбелішкі” і нарадзіўся яе муж. 

А ШТО КАЖУЦЬ ФАКТЫ? 

А факты кажуць наступнае. 18 (30) жніўня 1818 года ў Смілавіцкім касцёле прайшло давяршэнне хросту Уладзіслава Роха Мечыслава, сына яснавяльможных Ёахіма Невяровіча і Тэклі Немаршанскай, які нарадзіўся і быў ахрышчаны адной вадой 16 (28) мая 1814 года. Адбылося тое ў Марцыбелішках, якія знаходзіліся ў Смілавіцкай парафіі, каля Мінска. Праўда, адносна года нараджэння прынамсі ў мяне ўзніклі пытанні, бо ў метрыцы хросту яго сястры Вінцэнты Сідаліі Феліцыяны сцвярджаецца, што яна таксама нарадзілася ў Марцыбелішках, толькі на два месяцы раней за брата — 20 сакавіка (1 красавіка) 1814 года. Шлюб іх бацькі узялі ў Лошыцы 1 (13) мая 1810 года. Калі пра мінскі род Невяровічаў пакуль што інфармацыі мала, то пра род маці мастака нам вядома крыху больш. У 1731 годзе ад Прушынскіх продак Тэклі Немаршанскай набыў частку Лошыцы, якая з таго часу вядомая як Лошыца Немаршанская. У 1785 годзе ў сям’і Юзафа Немаршанскага і Кацярыны Шышкі (шлюб 1769 года) нарадзілася дзяўчынка, якая атрымала імя Марыя Тэкля Клара. Дзе ў гэтай гісторыі Летува (сённяшняя Літва), Польшча альбо Украіна? Пытанне рытарычнае. 

ВУЧОБА Ў ВІЛЬНІ І ВЕНЕ 

Дзе прайшлі дзіцячыя гады малодшага Невяровіча і дзе ён атрымаў пачатковую адукацыю, пакуль невядома. Каля 1830— 1831-га ён паступае ў Віленскі ўніверсітэт. Ёсць меркаванне, што вучыўся ён жывапісу ў Яна Рустэма. Але ў 1832 годзе Невяровіч быў арыштаваны і асуджаны на смерць. Смяротны прысуд, улічваючы ўзрост юнака, замянілі на салдатчыну. Невяровіч, адпраўлены ў віленскую лякарню, здолеў абысці такі лёс і апынуўся ў Галіцыі. Стары шляхціц, які даў прытулак Невяровічу, не так даўно страціў сына, падобнага ўзростам і знешне да Уладзіслава, і “прызнаў” бежанца за свайго сына. Так на свет паўторна прыйшоў Ян Тысевіч. Жыць юнаку прыйшлося, зарабляючы агародніцтвам і настаўніцтвам. У гэты ж час у ім ізноў абудзіліся мары стаць мастаком. Дзякуючы заступніцтву ўплывовых людзей, якія пагадзіліся плаціць за яго вучобу, Тысевіч адпраўляецца ў Вену. У лістападзе 1838 года Тысевіч стаў студэнтам славутай Венскай акадэміі мастацтваў. Спярша вучыўся малюнку, але амаль адразу атрымаў дазвол вучыцца яшчэ і жывапісу. Акрамя гэтага, Тысевіч знаходзіў час на анатомію, французскую і нямецкую мовы. Дадаткова год наведваў майстэрню-школу славутага мастака Фрыдрыха фон Амерлінга і з яго дазволу капіраваў некаторыя яго творы.

Пасля закрыцця майстэрні Амерлінга Тысевіч меў намер наведваць майстэрню акварэлі знакамітага партрэтыста Морыца Дафінгера, але звестак, што ён там вучыўся, няма. Як сцвярджае даследчыца Ларыса Купчынская, якая займалася венскім перыядам жыцця Тысевіча, малады мастак вучыўся па 12 гадзін пяць дзён на тыдзень. Акрамя акадэмічнай праграмы, шмат маляваў дадаткова. Вялікую ўвагу надаваў капіяванню італьянскіх майстроў — Рафаэля Санці і Гвіда Рэні. Па ўмовах са сваімі мецэнатамі, Тысевіч абавязваўся дэталёва апісваць працэс адукацыі, а таксама дасылаць свае творы ў фонды львоўскай Нацыянальнай бібліятэкі імя Асалінскіх. Дзякуючы гэтаму многія студэнцкія працы Тысевіча сёння захоўваюцца ў Нацыянальнай навуковай бібліятэцы імя В. Стэфаніка (Львоў). Але, завяршыўшы адукацыю, Ян Тысевіч не разарваў сувязь з бібліятэкай імя Асалінскіх, рабіў там выставы. У 1843 годзе кіраўніцтва бібліятэкі замовіла Тысевічу копію партрэта імператара Франца І. І справіўся наш мастак з гэтай задачай бліскуча. 

ЕЎРАПЕЙСКАЕ ТУРНЭ “МАРЫІ МАГДАЛЕНЫ” 

У 1842 годзе Тысевіч стварае кампазіцыю з выявай Марыі Магдалены. У якасці натхнення ён абраў адну з прац свайго настаўніка фон Амерлінга (“Маладая жанчына з Усходу”). Твор выклікаў сапраўдны фурор. Выстава адной карціны, уваход на якую каштаваў 10 крон, а грошы ішлі на дабрачыннасць, мела ашаламляльны поспех. З карціны было зроблена некалькі копій. Уласнік адной з іх, Фелікс Базнаньскі, зладзіў карціне тур па гарадах — Дрэздэн, Берлін, Лейпцыг, Познань і Варшава. Як пісаў Эдвард Паўловіч, “гэта была першая карціна польскага мастака (то-бок беларускага мастака. — “К”), якую вазілі па свеце”. Як сцвярджала ўдава Тысевіча, Базнаньскі зарабіў у тым турнэ 400 000 франкаў. А сам Тысевіч у гэты час… перабіваўся з хлеба на ваду. 

ДРУГАЯ РАДЗІМА — ФРАНЦЫЯ 

З дапамогай графіні Замойскай пасля Вены Ян Тысевіч трапіў у Парыж, дзе быў вельмі цёпла прыняты старым князем Адамам Чартарыскім. Затым Тысевіч на некалькі гадоў адпраўляецца ў турнэ Алжыр — Паўднёвая Францыя — Нямеччына — Турцыя — Італія, дзе пакідае ў касцёлах нямала намаляваных ім абразоў. Дарэчы, пабываў ён і ў Канстанцінопалі (Стамбуле), доўгі час жыў у Рыме. Потым была выстава ў Асалінскіх, праца на аўстрыйскага эрцгерцага Караля Людовіка, яго брата аўстрыйскага імператара Франца Юзафа і “пражскага караля”. 

Метрыка давяршэння хросту Уладзіслава Невяровіча (з архіва аўтара)

Метрыка давяршэння хросту Уладзіслава Невяровіча (з архіва аўтара)

З мэтай наведаць радзіму ў 1843 годзе Тысевіч звярнуўся да князя Трубяцкога, які вельмі сімпатызаваў мастаку і схіляў яго вярнуцца ў Расійскую імперыю: прапанаваў звярнуцца да двара, каб атрымаць амністыю і вярнуць сабе спадчыну па бацьку. Атрымаўшы французскі пашпарт, мастак на два месяцы прыехаў у Літву-Беларусь. Але амністыю прасіць адмовіўся. Адмовіўся і ад спадчыны, якую прыбраў Юзафат Свіда: Ян не хацеў сварыцца з сястрой. Дарэчы, Сідалія трымала салон у Вільні, у якім збіраўся знакамітыя таленты нашых земляў, цікавілася археалогіяй, сябравала з Адамам Кіркорам, Уладзіславам Сыракомлем, Юзафам Крашэўскім, Манюшкамі. Згаданы вышэй Міхал Грушвіцкі прысвяціў ёй адну са сваіх мазурак. Але на радзіме Ян Тысевіч не застаўся і неўзабаве вярнуўся ў Францыю, у свой маёнтак “Тэкля”, які нагадваў яму родныя мясціны Літвы (не Летувы), і асеў там разам з жонкай. 

Згодна з метрыкай смерці Тысевіча, знойдзенай даследчыцай і генеолагам Аленай Кароўчанка, у Тысевічаў-Невяровічаў быў адзін сын Мікалай. Памёр мастак 16 студзеня 1891 года і быў пахаваны на могілках у Манмарансі (Францыя). Свае чатыры маёнткі ён перадаў Асалінскім, але з умовай, што яны заснуюць дзве стыпендыі для мастакоў. Ці дайшло да таго, таксама невядома. 

Засталося толькі дадаць, што ў 1851 годзе Ян Тысевіч аздобіў сваімі малюнкамі шыкоўнае выданне паэм Адама Міцкевіча “Гражына” і “Конрад Валенрод”. Да таго ж не толькі аздобіў, але і прафінансаваў выданне гэтай неймаверна дарагой (ва ўсіх сэнсах: як на тыя часы, так і цяпер) кнігі. Змясціў у гэтым выданні два свае творы і Станіслаў Манюшка (праўда, пад крыптанімам С.М.), з якім Тысевіч сябраваў. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ