Пад купалам цырка — карнавал

Апублiкавана: 25 кастрычнiка 2023 Стужка Цырк Мінск

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Грандыёзнае шоу “Віва карнавал” скарае Мінск! Сумесны праект Беларусі, Італіі, Расіі здзіўляе айчыннага гледача моцнымі трукамі і ўнікальным атракцыёнам з залацістымі бенгальскімі і белымі тыграмі. Большую частку нумароў выконваюць прадстаўнікі легендарнай цыркавой дынастыі Тоні, якая існуе 150 гадоў! Што яшчэ цікавага ў новай праграме, распавядае газета “Культура”.

АДМЫСЛОЎЦЫ З СУСВЕТНЫМІ ІМЁНАМІ 

— Усё лета артысты Белдзяржцырка працавалі дома, глядзельная зала трашчала па швах, таму што была стапрацэнтная наведвальнасць. Сёння нашы белыя тыгры, мядзведзі і малпы гастралююць па розных гарадах, а мы прымаем замежных гасцей. Важна, што працуем з паважанымі прафесіяналамі, якія маюць сусветныя імёны. Гэтыя адмыслоўцы аб’ездзілі амаль увесь зямны шар і ўпершыню завіталі ў Мінск, — адзначае дырэктар Белдзяржцырка Уладзімір Шабан

Перад айчынным гледачом выступае сёмае пакаленне Тоні. Калісьці іх продак-архітэктар закахаўся ў цыркавую танцорку і заснаваў дынастыю. І тады, і цяпер усе чальцы гэтай сям’і застаюцца ўніверсальнымі артыстамі: кожны працуе ў некалькіх жанрах. 

Дырэктар італьянскага цырка Флавіа Тоні, адзіны ў свеце дрэсіроўшчык, які атрымаў чатыры галоўныя ўзнагароды Міжнароднага цыркавога фестывалю ў Монтэ-Карла, каментуе візіт у Мінск: 

— Для нас вялікі гонар мець магчымасць выступаць у Беларусі на такой цудоўнай арэне. Прыехаўшы да вас, мы пераканаліся, што тут створаны першакласная структура цырка, прафесійная каманда і працуе выдатны рэжысёр. Вельмі задаволеныя, што дабраліся сюды і прадстаўляем італьянскае цыркавое мастацтва. Мой сын Бруна дрэсіруе тыграў і сёлета стаў уладальнікам “Срэбнага клоўна” на фестывалі ў Монтэ-Карла менавіта з тым нумарам, які вы можаце ўбачыць на шоу. Артысты ўсяго свету маюць адну мэту — радаваць публіку. 

ТЫГРЫ НА ЗАДНІХ ЛАПАХ 

Знакаміты бацька перадае вопыт сыну і прарочыць яму больш паспяховую кар’еру. Ёсць усе падставы, каб прадказанне збылося, бо харызматычны малады чалавек не толькі без страху заходзіць у клетку да драпежных котак, але і віртуозна жангліруе, трапна страляе з арбалета.

Як знайсці агульную мову з небяспечнымі жывёламі, распавёў Бруна Тоні

— Падчас дрэсіроўкі экстрэмальных сітуацый не ўзнікае, таму што ўсе гэтыя тыгры нарадзіліся ў нашым цырку. Некаторых я памятаю маленькімі кацянятамі і даглядаю з той пары. Калі звер не гатовы ні фізічна, ні маральна, мы не прымушаем яго выконваць трук. Сто гадоў таму выкарыстоўваліся абсалютна іншыя метады дрэсуры, якія моцна адрозніваюцца ад цяперашніх. Зразумела, у кожнай жывёлы свае нораў і звычкі. Але дзякуючы таму, што баўлю з тыграмі шмат часу, я магу прадказаць, як яны павядуць сябе ў розных умовах. На трэніроўках і выступленнях адчуваю настрой звяроў. Знаходзіцца ў кампаніі маіх улюбёнцаў — адно задавальненне. На арэне Белдзяржцырка вы зможаце ўбачыць, як два тыгры адначасова ідуць спінай уперад на задніх лапах, а тыгрыца Шыба на задніх лапах пераскоквае па чарзе жывыя перашкоды — трох вялікіх драпежных котак, што ў гэты момант ляжаць. Падобныя трукі рэдка сустракаюцца, таму запрашаем на шоу. 

У адрозненне ад калегі артыст-дрэсіроўшчык Маскоўскага цырка Нікуліна на Цвятным бульвары Яўген Камісаранка дэманструе на арэне здольнасці каралеўскіх пудзеляў — сваіх чатырохногіх сяброў. Сабачкі бадзёра пераскокваюць адзін праз аднаго, перамяшчаюцца на задніх лапах і сыходзяць за кулісы, сабраўшыся ў “паравозік”. Жонка Яўгена, Асель Саралаева, працуе з коткамі. Яны паказваюць трукі на хуткасць — гэта не пад сілу тыграм. 

АМАТАРАМ ПАКАЗЫТАЦЬ НЕРВЫ 

Здзіўляюць гледачоў у новай праграме і айчынныя паветраныя гімнасты на кольцы Наталля Нарышкіна і Глеб Казленка. Летась яны заваявалі Гран-пры фестывалю “Рэха Азіі” ў Казахстане. Цяпер пад купалам Белдзяржцырка расказваюць гісторыю трапяткога кахання скульптара і музы, што ажыла. Як заўсёды, трукі гэтых артыстаў прымушаюць сэрцы біцца часцей. 

Не менш віртуозныя і захапляльныя атракцыёны расійскай трупы пад кіраўніцтвам Аліхана Аліханава з Маскоўскага цырка Нікуліна на Цвятным бульвары. “Эквілібрысты на першах” і “Канатаходцы” — гэта нумары ў двух традыцыйных жанрах, якія можна асвоіць толькі ў цырку. У выступленні “Эквілібрысты на першах” адзін з артыстаў трымае на лбе або на плячы шост, а другі ўзбіраецца па ім і паказвае акрабатычныя элементы. 

— Мы прыехалі ў Беларусь не ў першы раз і ведаем, што мясцовы глядач любіць паказытаць сабе нервы, таму падрыхтавалі трукі з эфектам нечаканасці. Таксама мы дапаўняем выступленні цікавымі інжынернымі рашэннямі, якія вылучаюць нас сярод калег, — гаворыць Аліхан Аліханаў

Завяршае праграму “Конны атракцыён”, прыдуманы нашым суайчыннікам Раманам Грыгор’евым. Кіраўніцтва Белдзяржцырка паверыла ў артыста-самародка і для рэалізацыі яго ідэі набыло новых коней і амуніцыю. 

— Я спецыяльна падабраў маладую крэатыўную каманду, якая з энтузіязмам падтрымала мой замысел. Большасць яе чальцоў навучаў я. У нумары вы ўбачыце, як артысты стаяць на конях, што скачуць галопам, без страху пралазяць пад жыватом жарабца, які хутка перамяшчаецца па арэне, і многае іншае, — каментуе Раман. 

Па словах арганізатараў, праграма “Віва карнавал” падыдзе гледачам амаль усіх узростаў — ад 3 да 90 гадоў. Унутры кожнага чалавека жыве дзіця, і цуд цырка ў тым, што ён вяртае нас у цёплыя ўспаміны. Да таго ж новае прадстаўленне — выдатны прыклад міжнароднага супрацоўніцтва і чарговае пацвярджэнне высокага прафесіяналізму беларускіх артыстаў, якія разам з італьянскімі і расійскімі ствараюць чароўную атмасферу свята. Наталіцца ёй можна да 3 снежня. 

Настасся ЮРКЕВІЧ

Фота Ульяны КАСЦЮНІНАЙ