Дарослыя, дзеці, анімацыя!

Апублiкавана: 26 кастрычнiка 2023 Стужка Кіно Магілёў і вобласць

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

“Светлыя душы”, “Класікі і шахматы”, “Хлопчык-хуліган”. Якія яшчэ мультфільмы ў спісе найлепшых? Чым запомнілася “Анімаёўка-2023” і якія высновы зрабілі яе ўдзельнікі? Самае галоўнае і цікавае — у аглядзе “К”.

XXVI Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2023” праходзіў у Магілёве з 11 па 13 кастрычніка. Мерапрыемства, арганізаванае Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Магілёўскім абласным выканаўчым камітэтам, стала важнай падзеяй у творчым жыцці Беларусі. З кожным годам свята выклікае ўсё большую цікавасць у гледача і пашырае геаграфію: сёлета было заяўлена 188 фільмаў з 30 краін. Упершыню да“Анімаёўкі” далучыліся такія дзяржавы, як Перу, Парагвай, Катар. Як лічыць намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, фестываль нездарма носіць званне міжнароднага. На форуме прадстаўлена анімацыя практычна з усіх кантынентаў, аднак гэта не перашкаджае людзям разумець адзін аднаго, бо творчасць не патрабуе перакладу: 

— Мы гаворым на розных мовах, але тыя эмоцыі, якія нараджае анімацыйнае кіно, мы выдатна счытваем. Мультыплікацыйны фільм заўсёды нясе пазітыўную інфармацыю, дорыць дабро і дзіцяці, і даросламу, — кажа Валерый Малашка. 

Па словах намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення — начальніка ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Ірыны Адамовіч, такая шырокая геаграфія фестывалю — добры знак для міжнацыянальнага культурнага супрацоўніцтва. 

— Мастацтва — гэта сіла, якая наводзіць масты паміж краінамі, выбудоўвае і пашырае міжнароднае культурнае супрацоўніцтва, прыцягваючы тым самым усё больш сапраўдных сяброў і партнёраў. Фестываль спрыяе росту і развіццю міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы кінаіндустрыі і анімацыйных фільмаў, — адзначыла Ірына Адамовіч

СУР’ЁЗНЫЯ ТЭМЫ 

Конкурсная праграма ў гэтым годзе досыць змястоўная: былі прадстаўлены творы як для дзяцей, так і для дарослых. Як лічыць рэжысёр-аніматар, сцэнарыст, мастак-пастаноўшчык Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, старшыня журы конкурсу анімацыйных фільмаў Ірына Тарасава, тэматычная накіраванасць карцін-удзельніц адсылае да нестабільнай сітуацыі ў свеце. 

— Шмат работ, якія прымушаюць дзяцей задумацца і вучаць, а не проста забаўляюць. Сёлета павялічылася колькасць стужак, якія звяртаюцца да сур’ёзных аспектаў ваеннай тэмы, — каментуе рэжысёр. — Свет нестабільны, і, натуральна, анімацыя, як любы іншы від мастацтва, адлюстроўвае тэндэнцыі ў грамадстве. 

Падобнымі назіраннямі падзяліўся і аніматар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, член экспертнай камісіі Данііл Жугжда. Паводле яго слоў, журы не чакала ўбачыць у конкурсных творах так шмат трывожных матываў. 

— У работах вельмі адчуваецца адбітак часу. Практычна ўсе карціны напоўнены цяжкімі перажываннямі, гвалтам, пакутамі. Дапускаю, што гэта спецыфіка асабістага ўспрымання, аднак мы сапраўды не чакалі ўбачыць такую колькасць фільмаў на сур’ёзныя тэмы. Многія стужкі былі прасякнуты матывам ізаляцыі пасля пандэміі. Яны адлюстроўвалі пошук і жаданне чалавека знайсці кантакт з наваколлем або немагчымасць гэтага кантакту. Усе працы розныя: у некаторых якасць выканання на ваў-узроўні, у некаторых ідэя геніяльная, а ў некаторых усё камбінуецца, — тлумачыць Данііл Жугжда. 

РОЗНЫЯ ПАДЫХОДЫ 

У асноўным конкурсе анімацыйных фільмаў паўдзельнічала каля 60 прац, старанна адабраных экспертнай камісіяй. Ярчэй за ўсіх была прадстаўлена расійская анімацыя, аднак цікавасць журы выклікала і заходняя. Кожны канкурсант адрозніваецца падыходам, і гэта складана не прыкмеціць. 

— Хтосьці вылучаецца перадусім ідэямі, іншыя размалёўваюць твор тэхнічна. Бывае і так, што аніматар не хоча распавядаць гісторыю, а спрабуе ўразіць фактурай і прыгажосцю планаў, — ацэньвае Ірына Тарасава. — Таксама заўважаецца нацыянальны каларыт, асабліва гэта тычыцца краін далёкага замежжа. Аднак здзіўляюць не толькі этнічныя асаблівасці. Мне, напрыклад, запомніўся мультфільм з Перу, зроблены ў класічнай дыснееўскай стылістыцы, у якім расказана вельмі пяшчотная філасофская гісторыя пра адносіны Дзьмухаўца і Мурашкі. 

ГОДНАЯ ЗМЕНА 

У рамках трохдзённай праграмы для гасцей і ўдзельнікаў фестывалю праходзілі майстар-класы вядучых творцаў. І нездарма: адна з задач “Анімаёўкі” — выхаваць годную змену. 

— Любы кінематаграфіст і аніматар нараджаюцца выключна з адной катэгорыі людзей — з гледачоў, — адзначае Ірына Тарасава. — Чым больш мы паказваем мультфільмаў, тым больш атрымліваем зваротнай сувязі. Магчыма, людзі захочуць аказацца па іншы бок экрана і ўвайсці ў прафесію. Спадзяюся, што наша айчынная анімацыя будзе расці, а фестываль — квітнець і заставацца сапраўдным святам дзяцінства. 

Узнагароду за найлепшы беларускі анімацыйны фільм атрымала карціна "Марныя спрэчкі!" каманды юных аўтараў з Гомеля

Узнагароду за найлепшы беларускі анімацыйны фільм атрымала карціна "Марныя спрэчкі!" каманды юных аўтараў з Гомеля

Рэжысёр кінастудыі “Саюзмультфільм”, прадзюсар і сцэнарыст Сяргей Струсоўскі — часты госць “Анімаёўкі”. На думку адмыслоўца, гэтае мерапрыемства дае вялікі штуршок да развіцця дзіцячай анімацыі ў Беларусі. 

— Папулярызацыя інавацыйнай творчасці сярод хлопчыкаў і дзяўчынак — адно з галоўных дасягненняў форуму. Яно не толькі дапамагае юным аўтарам удасканальвацца, але і з’яўляецца ранняй прафарыентацыяй, бо падчас “Анімаёўкі” праходзяць розныя сустрэчы і майстар-класы. Дзякуючы ёй у горадзе ўзнікла некалькі студый анімацыі, у якіх дзеці працуюць над уласнымі мультфільмамі. І прытым вельмі паспяхова: гэтыя работы перамагаюць і на магілёўскім фестывалі, і на замежных конкурсах. У анімацыйнай галіне вельмі шмат прафесій, таму выдатна, калі дзяўчынкі і хлопчыкі развіваюцца ў гэтым кірунку. Так дзеці адразу разумеюць, што яны не бухгалтары і юрысты, а творчыя людзі, — лічыць Сяргей Струсоўскі. 

Рэжысёр таксама акцэнтаваў увагу на тым, што падлеткі не толькі глядзяць фестывальную праграму, але і спрабуюць рабіць уласныя мультыплікацыйныя карціны: 

— У юных аўтараў ёсць магчымасць ствараць фільмы — гэта чараўніцтва, якому пазайздросціш,— падкрэсліў Сяргей Струсоўскі. — Дзеці здольныя рэалізаваць сябе ў анімацыі і парадаваць стужкамі аднагодкаў, родных, блізкіх, пабочнага гледача. Такія працы заўсёды выклікаюць усмешку, бо адрозніваюцца асаблівай дабрынёй, наіўнасцю, а часам і нестандартнымі мастацкімі рашэннямі. Некаторыя дарослыя, у тым ліку прафесіяналы, са здзіўленнем назіраюць, як дзяўчынкі і хлопчыкі падбіраюць колер, выбудоўваюць кампазіцыю кадра. Яны парушаюць класічныя традыцыі і разбураюць шаблоны, але гэта цікава і арыгінальна. Дакладна магу канстатаваць, што ў Беларусі — таленавітыя дзеці, у якіх шмат магчымасцей для развіцця. 

У ВЫНІКУ 

Найлепшым анімацыйным фільмам фестывалю стала праца “Светлыя душы” рэжысёра Анастасіі Жакулінай з Расіі. Найлепшым беларускім анімацыйным фільмам — “Класікі і шахматы” Наталлі Касцючэнка з Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. 

У конкурсе дзіцячай анімацыйнай творчасці ў намінацыі “Самы юны стваральнік анімацыйнага фільма” лаўрэатам прызналі Данііла Дзьячкова з магілёўскай анімацыйнай студыі Diggie club (карціна “Хлопчык-хуліган”). Найлепшай сцэнарнай работай названы “Бунт у каралеўстве” Аляксандры Клінцовай з той жа студыі, найлепшым грамадзянска-патрыятычным анімацыйным фільмам — праца “У полымі вайны” рэчыцкай экамультыстудыі “Мульці-пульці”. Дзве перамогі ў аб’яднання па інтарэсах “Свет фарбаў” з Гомеля: у намінацыі “Самы добры анімацыйны фільм” ушанавана стужка “Чароўны феерверк”, а ўзнагароду за найлепшы беларускі анімацыйны фільм атрымала карціна “Марныя спрэчкі!”. Твор “Дзяўчынка і рамонак” анімацыйнай студыі “17” Гомеля адзначаны ў намінацыі “За пераемнасць традыцый у педагагічным выхаванні (памяці Сухамлінскага В. А.). Прыз “За найлепшае акцёрскае агучванне” — у Цімафея Сагуна са студыі Diggie club (работа “Бюджэтная дзірка”). У намінацыі “За найлепшы сацыяльны фільм” першай аказалася стужка “Працягні руку дапамогі” ад калектыву аўтараў з Сацыяльна-гуманітарнага каледжа Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. 

Яўгенія ГАБЕЦ