Робіцца багата!

Апублiкавана: 27 кастрычнiка 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: РУДАК Антон

Узровень самасвядомасці народа не ў апошнюю чаргу вызначаецца яго стаўленнем да культурнага набытку продкаў. У Беларусі багата робіцца для захавання помнікаў гісторыі і архітэктуры, традыцыйнага мастацтва і рамёстваў. Аб дзяржаўнай палітыцы ў гэтай галіне распавядае начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Таццяна Жук.

— Сёння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаная 5671 гісторыка-культурная каштоўнасць. У гэты лік уваходзяць 1829 помнікаў архітэктуры, 13 помнікаў горадабудаўніцтва, 1217 помнікаў гісторыі, 2227 помнікаў археалогіі, 67 помнікаў мастацтва, 136 рухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей, 178 нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і чатыры запаведныя мясціны. 

— Якія дасягненні можна адзначыць у сферы аховы спадчыны за гэты год? 

— Сёлета спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей папоўніўся дванаццаццю новымі нематэрыяльнымі праявамі творчасці чалавека. Сярод іх — мірская батлейка, тэхналогія вырабу гліняных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя, традыцыйны роспіс на шкле ў Бярозаўскім і Пружанскім раёнах, традыцыйная тэхналогія ткацтва “кажушком”, культура беларускай дуды, традыцыйнае інструментальнае выкананне на дыятанічных цымбалах у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. На пачатак года колькасць уласнікаў гісторыка-культурных каштоўнасцей склала больш за 13,7 тысяч, прытым толькі 5,9 % ад агульнай колькасці помнікаў знаходзіцца ва ўласнасці ўстаноў культуры. 

З 2023 года ў заканадаўстве аб культуры, аб распараджэнні маёмасцю і падатковым заканадаўстве замацаваны шэраг норм, накіраваных на ўдасканаленне работы з руінаванымі аб’ектамі, спрашчэнне парадку работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях, парадку дзяржаўнай рэгістрацыі і продажу руінаваных і пашкоджаных аб’ектаў, а таксама падатковых ільгот уласнікам помнікаў. Таксама сярод новаўвядзенняў, накіраваных на ўдасканаленне сістэмы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, — наданне мясцовым органам паўнамоцтваў на фарміраванне рэгіянальных комплексаў мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў рамках рэалізацыі дзяржаўных праграм. Акрамя таго, падрыхтаваны зборнік інфармацыйна-метадычных матэрыялаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, выданне якога ў папяровым і электронным варыянце запланаванае сёлета пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама. 

— Якія захады па захаванні помнікаў робяцца сёння? 

— Працягваюцца маштабныя работы на Гальшанскім, Крэўскім, Навагрудскім, Ружанскім замках, храмах у Полацку, Нясвіжы, Жыровічах і капліцы ў Закозелі Драгічынскага раёна. Таксама сёлета праводзіліся рамонт, рэстаўрацыя і тэхнічнае абслугоўванне сотняў гісторыка-культурных каштоўнасцей, у тым ліку былі завершаныя рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на 36 помніках архітэктуры. 

Сярод найбольш знакавых аб’ектаў, уведзеных у эксплуатацыю ў 2023 годзе, — першы пускавы комплекс палацава-паркавага комплексу ў Свяцку Гродзенскага раёна, а таксама другая і трэцяя чэргі палацава-паркавага ансамбля ў Жылічах Кіраўскага раёна. Яшчэ сёлета праводзіліся работы на Старым замку ў Гродне, мемарыяльным комплексе “Хатынь”, парадным уваходзе ў сталічны Цэнтральны дзіцячы парк, комплексе будынкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Любавіцкай сінагозе ў Віцебску. 

Завершаныя работы на капліцы ў вёсцы Дубае Пінскага раёна, уключаныя ў турыстычны абарот будынак па праспекце Скарыны, 3 у Полацку і руіны царквы ў аграгарадку Леніна Добрушскага раёна. Работы ажыццяўляліся за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, уласных сродкаў і іншых крыніц. 

Для папулярызацыі і павышэння запатрабаванасці турыстычных маршрутаў з аб’ектамі спадчыны, рэалізацыя якіх ажыццяўляецца ў адпаведнасці з распрацаванымі планамі, а таксама ліквідацыі дэфіцыту кадраў і павышэння даступнасці паслуг гідаў, у Нацыянальным агенцтве па турызме праводзіцца атэстацыя супрацоўнікаў музеяў у якасці экскурсаводаў. 

Таксама эфектыўна праводзяцца мерапрыемствы па рабоце з аб’ектамі гісторыка-культурнай каштоўнасці, якія не выкарыстоўваюцца. У першым паўгоддзі здзейсненае праектаванне на 47 аб’ектах, праведзеныя рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на 32-х, адбылося 24 аўкцыёны, на якіх прададзена сем аб’ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці. На мерапрыемствы па рэалізацыі планаў для работы з аб’ектамі, якія не выкарыстоўваюцца, са сродкаў мясцовых бюджэтаў на 2023 год запланавана каля 12,33 мільёна рублёў. 

— Як ладзіцца супрацоўніцтва з UNESCO? 

— Сёлета завершаная работа па падрыхтоўцы новых намінацый “Беларускае мастацтва выцінанкі” і “Неглюбская народная тэкстыльная традыцыя”, якія ў сакавіку накіраваныя ў UNESCO. Тэрмін разгляду гэтых намінацый — 2024 і 2026 гады. 

Пры арганізацыйнай і фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры ў рамках 20-годдзя Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны арганізаваная перасоўная выстава “Дакрануцца душой да спадчыны”. Міністэрствам культуры таксама выкананы тэхнічны пераклад на рускую мову дапаможнікаў па выкананні Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны 2003 года і Канвенцыі аб ахове сусветнай прыроднай і культурнай спадчыны 1972 года. Мінскі аблвыканкам рыхтуе дасье “Культура беларускай дуды”, якое мусіць быць унесенае на разгляд у UNESCO да 30 сакавіка 2024 года. 

— Што робіцца для паляпшэння сітуацыі з кадрамі ў сферы аховы спадчыны? 

— На пастаяннай аснове праводзіцца навучанне кадраў з мэтай павышэння ўзроўню кампетэнтнасці ў прававых пытаннях, у тым ліку і ў пытаннях міжнароднага права. У адпаведнасці з планам работы Міністэрства культуры на 2023 год арганізаваны комплекс адпаведных навучальных мерапрыемстваў. Так, 7 красавіка быў праведзены Гродзенскі абласны семінар для кіраўнікоў і спецыялістаў па тэме “Ажыццяўленне мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі работы па захаванні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны”. З 17 па 21 красавіка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў павысілі кваліфікацыю 30 кіраўнікоў і спецыялістаў у сферы культуры, якія адказваюць за ахову гісторыка-культурнай спадчыны. А 28 красавіка прайшоў магілёўскі абласны семінар “Актуальныя пытанні аховы гісторыка- культурнай спадчыны”. 

На другую палову года прадугледжанае правядзенне рэгіянальных семінараў у Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абласцях і Мінску, практычнага семінара для распрацоўшчыкаў праектаў зон аховы помнікаў археалогіі, рабочага семінара са спецыялістамі, якія маюць пасведчанне на кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі для выканання рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, а таксама рэспубліканскага навукова-метадычнага семінара па праблемных пытаннях напаўнення Нацыянальнага інвентару нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. 

Антон РУДАК