Рэжысёр — гэта сэрца, якое павінна натхняць. Інтэрв'ю з Кірылам Халецкім

Апублiкавана: 28 кастрычнiка 2023 Стужка Кіно Мінск Інтэрв'ю з нагоды

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Неўзабаве ў Мінску стартуе галоўная кінападзея восені — XXIX Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. Адным з самых доўгачаканых момантаў стане прэм’ера дэбютнага фільма Кірыла Халецкага “Кіношнікі” — лірычнай камедыі пра маладога рэжысёра, які робіць першыя крокі ў прафесіі. “К” сустрэлася з аўтарам стужкі, каб даведацца, чаго чакаць ад дэбютнага праекта.

— Кірыл, па-першае, віншуем з завяршэннем твайго фільма. Падзяліся, якім быў здымачны перыяд? 

— Досыць напружаным, бо гэта мой першы поўнаметражны фільм і для многіх з каманды гэта таксама быў дэбют. Напачатку мы, вядома, баяліся ўступаць у здымачны перыяд, але, з другога боку, мы яго вельмі чакалі. Самым важным паказчыкам падчас працы для мяне стала тое, што ў нас склаліся добрыя адносіны. Я адчуваў, што для ўсіх нас гэта была не проста праца, гэта была частка жыцця, якую мы пражывалі разам, як сям’я. Мы былі зараджаныя адной ідэяй, шмат чаму вучыліся адно ў аднаго. У нас не было падзелу на “вопытных” і “аматараў”, мы трымаліся як каманда. 

— Ці вынес для сябе нейкія інсайты за гэты час? 

— Я зразумеў, што рэжысёр — гэта пра стасункі паміж людзьмі, пра агульны стан здымачнай групы. Калі браць кіно як арганізм, рэжысёр — гэта сэрца, якое павінна ўсіх зараджаць, натхняць і падбадзёрваць. Таму вельмі важна, як ён паводзіць сябе на пляцоўцы. Калі ён прыйшоў, напрыклад, не ў гуморы ці раптам знерваваўся, расчараваўся, то, лічыце, рэжысёр упаў у вачах каманды.

Каманда рэжысёра (злева направа): асістэнт мастакапастаноўшчыка Кацярына Зорка, аператарпастаноўшчык Уладзімір Казіятка, акцёр Аляксей Анісеня

Каманда рэжысёра (злева направа): асістэнт мастакапастаноўшчыка Кацярына Зорка, аператарпастаноўшчык Уладзімір Казіятка, акцёр Аляксей Анісеня

Падчас працы на “Кіношніках” я таксама ўсвядоміў адну пацешную рэч: кожны дзень нешта пойдзе не так. Была сітуацыя, калі мы рыхтаваліся здымаць сцэну з піратэхнікай, і аказалася так, што ў нас не было дазволу на стральбу. І вось у такія крытычныя моманты ўся здымачная група глядзела на мяне ў чаканні рашэння, ад якога залежаў далейшы лёс сцэны, а мо і ўсяго фільма. Таму я зразумеў, што праца рэжысёра — гэта таксама ўменне хутка прымаць рашэнні. А наконт эпізоду са стральбой, то мы перанеслі здымкі на другі дзень. 

— Якія яшчэ цяжкасці ўзнікалі ў працэсе? 

— Самае складанае было тое, што я на працягу ўсіх здымак наогул не адпачываў. Я прачынаўся з думкай, што сёння трэба зрабіць, увесь дзень разважаў, размаўляў з камандай, акцёрамі, уночы — шмат аналізаваў. Гэта вымотвала маральна і фізічна. Больш за тое, у нас была шалёная выпрацоўка: за 12-гадзінную змену — ад 5 да 10 хвілін выніковага матэрыялу. Цяпер, азіраючыся назад, разумею, што мы зрабілі нешта немагчымае, бо знялі поўнаметражнае кіно за 21 дзень. Але нягледзячы на тое, што я выдаткаваў шмат энергіі, здымкі сталі адной з самых яркіх падзей за ўсю кінавытворчасць, бо гэта быў асаблівы настрой, падзелены на ўсіх. 

— На якім этапе праект знаходзіцца цяпер? 

— На дадзены момант мы амаль скончылі мантаж, аднак фільм яшчэ трэба давесці да ладу. Прэм’ера плануецца на “Лістападзе”, у шырокі пракат карціна выйдзе арыенціровачна зімой, у снежні-студзені. На сёння ў нас ужо ёсць трэцяя версія, і з кожным разам, як заўважае Міністэрства культуры і мастацкі савет кінастудыі, фільм становіцца чысцейшым, а мы — бліжэйшымі да выніковага варыянту. Паралельна заканчваем працу над трэйлерам і постарамі. Гэтаму я надаю вялікую ўвагу, бо ў гледача менавіта яны выклікаюць цікавасць і жаданне ўбачыць стужку. 

— Ці ёсць водгукі на тваю дэбютную працу ад старэйшых калег? 

— Кажуць, што атрымаўся сапраўдны маладзёжны фільм. Як адзначыў мастацкі кіраўнік гэтага праекта Іван Паўлаў, самае галоўнае, што праз столькі месяцаў працы над карцінай не знік дух рамантызму, а любоў да кіно засталася ў стужцы. Радуюць водгукі аб гумары, усё ж такі мы здымалі лірычную, але камедыю. Міхаіл Рыгоравіч Баразна, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якую я скончыў, сказаў, што гумар у фільме атрымаўся інтэлігентным. Гэта прыемна, бо ў нас была мэта не апускацца ніжэй за плінтус. 

— А якую адзнаку ты б сам даў сваёй працы? 

— Як рэжысёру мне, безумоўна, цяжка ацэньваць сваё кіно, але на нейкіх праглядах я ўключаў у сабе гледача. І магу сказаць, што пасля цітраў заставалася адчуванне чагосьці лёгкага, лірычнага. Ёсць, вядома, перажыванні, а раптам людзі ў зале не зразумеюць усіх гэтых кінаштук. Але ў той жа час усведамляю, што калі для кагосьці тэма будзе блізкая, то для іншых фільм можа прыадчыніць дзверы ў кінатворчасць. 

— Ці ёсць ужо планы на наступны праект? 

— Каб пра яго думаць, трэба спачатку скончыць гэтую карціну. У любым выпадку ў мяне шмат ідэй, напрацовак. Мне спадабаўся жанр камедыі: асаблівая атмасфера, лёгкасць, якой я і марыў стварыць дэбютную карціну. Але не выключаю, што буду спрабаваць іншыя жанры і, магчыма, буйнейшыя формы. Дарэчы, кажучы пра “Кіношнікаў”, то ў фільма ёсць шмат шляхоў развіцця. Гэта той кінасусвет, які дазваляе зняць і прыквел пра савецкі кінематограф, і сіквел, “Кіношнікі 2”, і нават разгарнуцца ў цэлы серыял. Калі да карціны будзе цікавасць, я з радасцю напішу працяг. 

— Раскажы, адкуль чэрпаеш натхненне для новых ідэй? 

— Кіруюся ўнутранымі адчуваннямі, размовамі з людзьмі. Шмат задумак нараджаецца пасля чытання. З нядаўняга, што натхніла, — п’еса “Насарог” французскага драматурга Эжэна Іанэска. Многае даюць і асабістыя перажыванні, дробязі, якія могуць навесці на нейкую думку. Бо кожны фільм — гэта акумуляванне ведаў і пачуццяў, атрыманых на дадзеным этапе жыцця. Пасля “Кіношнікаў” мне патрэбны перапынак, каб набрацца новага досведу і ідэй. 

— Прыадкрый сакрэт, чаго чакаць у “Кіношніках”? 

— Рэжысёрскага камэа. Я хоць сыграў дробную эпізадычную ролю, але для тых, хто ведае, як выглядае рэжысёр, гэта будзе забаўна. У канцы фільма мы таксама падрыхтавалі невялікі сюрпрыз для гледачоў, які будзе звязаны са 100-годдзем беларускага кінематографа. Таму раю не пакідаць залу адразу. 

— Давай узгадаем людзей, якія паўплывалі на цябе. Каму б ты хацеў падзякаваць? 

— Па-першае, свайму мастацкаму кіраўніку, беларускаму рэжысёру Івану Паўлаву. Ён заўсёды дапамагаў мне і на этапе сцэнарыя, і на этапе здымак. Мы ўвесь час былі на сувязі, ён даваў мне парады, дзяліўся каштоўнымі думкамі, якімі дзяліўся з ім яго настаўнік Віктар Тураў. Па-другое, безумоўна, майму духоўнаму настаўніку, майстру курса Валерыю Гаравому. Самае важнае, што ён ва мне выхаваў падчас навучання ў Акадэміі мастацтваў, — пачуццё ўнутранага самаадбору і інтэлігентнасці. Ён навучыў мяне шукаць ва ўсім дадатковы сэнс. 

— Якую параду ты б даў рэжысёрам-пачаткоўцам? 

— Галоўнае, з чым трэба ўваходзіць у прафесію рэжысёра, — дакладнае разуменне, чаго ты ад яе хочаш. І тут трэба быць сумленным з самім сабой, бо простае “гэта цікава” не працуе. Што тычыцца мяне, то я адчуваю ўнутраную неабходнасць, нават прызначэнне падзяліцца з гледачом сваімі перажываннямі. Калі ёсць нейкія сумневы ў выбары прафесіі, а яны з’яўляюцца ва ўсіх, — трэба проста спрабаваць. Не баяцца зрабіць памылку, прайграць. Бо нават калі нешта не атрымаецца — гэта ўсё роўна рух наперад. 

Яўгенія ГАБЕЦ