Ужо некалькі гадоў запар жыхары і госці аграгарадка Вялікае Сяло з задавальненнем збіраюцца на свяце бульбы. Вось і сёлета “Бульбяная карусель” закруціла ўсіх ахвотных у Велікасельскім сельскім філіяле-клубе.
Творчая праграма пачалася з тэатралізаванага прадстаўлення, галоўнымі гераінямі якога былі дзве суседкі. Іх з’яўленне адразу развесяліла гасцей фэсту і стварыла бадзёры настрой. Спадарыня Бульба выйшла на сцэну з маленькай фрэйлінай Бульбачкай і распавяла пра сваё паходжанне: дзе нарадзілася, падарожнічала, як яе ўжывалі ў розных краінах.
На працягу свята працавала “Бульбяное кафэ”, дзе прапаноўвалі пачаставацца гарбатай і разнастайнымі стравамі. Самай прывабнай з іх былі, вядома, дранікі са скваркамі, прыгатаваныя з бульбы новага ўраджаю. Прыемны пах адчуваўся здалёк.
На кулінарным конкурсе-выставе “Ах, бульба, смаката” самыя руплівыя гаспадыні прадставілі свае шэдэўры. Жанчыны паказалі сапраўднае майстэрства, прыгатаваўшы апетытныя бульбяныя гнёзды, хвораст, чыпсы, галушкі з мясам, бульбяна-сырныя палачкі...
Творчае спаборніцтва “Бульбяныя фантазіі” прыцягнула і дарослых, і дзяцей. Вырабы ўсіх удзельнікаў атрымаліся незвычайнымі і арыгінальнымі. Ніхто з аўтараў не застаўся без падарункаў. А на конкурсе “Бульба-волат” абралі аднаго пераможцу — ім стаў самы вялікі клубень, які важыў цэлы кілаграм! Таксама ладзіліся віктарыны.
Не абышлося без песень і танцаў. З задавальненнем усе скакалі беларускую польку разам з галоўнымі героямі фестывалю. Добры настрой гасцям падарылі калектывы аматарскай творчасці Дабравольскага сельскага філіяла-клуба, Поразаўскага сектара культуры і вольнага часу. Зарадзіла весялосцю аматарскае аб’яднанне “Вердаміцкія весялухі” Вердаміцкага сельскага філіяла-клуба. Гледачы апладзіравалі артыстам стоячы. Свята ўдалося. Яно дазволіла кожнаму атрымаць станоўчыя эмоцыі.
Ірына РУСАК,
Свіслацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці