Айчын­на­му кі­не­ма­тог­ра­фу — зя­лё­нае свят­ло

Апублiкавана: 01 лiстапада 2023 Стужка Кіно Мінск Тэма

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Перад беларускім кінематографам стаіць сур’ёзная задача: рабіць якасны айчыны прадукт, які будзе выклікаць рэальную цікавасць у нашага гледача і дазволіць скласці станоўчы імідж “Беларусьфільма”. Аб тым, як зрабіць доўгачаканы крок наперад і якія вектары з’яўляюцца прыярытэтнымі, гаварылі на нядаўняй сустрэчы ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь. 

ЗДЫМАЦЬ ПРА СЯБЕ І ДЛЯ СЯБЕ 

Асноўнае пытанне, якое ўздымалася на прэс-канферэнцыі, — тэматычная накіраванасць будучых праектаў “Беларусьфільма”. Як адзначыў генеральны дырэктар кінастудыі Юрый Аляксей, айчынная кінавытворчасць павінна засяродзіцца на беларускай тэматыцы, якая будзе блізкай сучаснаму гледачу і будзе адлюстроўваць інтарэсы нашага народа. Гэтае меркаванне падзяляе і беларускі рэжысёр, мастацкі кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра Аляксандр Яфрэмаў

— Галоўнае, чым павінен займацца айчынны кінематограф, — гэта распавядаць пра тое, што адбываецца з намі, пра нашы грамадзянскія і сацыяльныя пазіцыі, выбар і адказнасць перад краінай, — лічыць Аляксандр Яфрэмаў. — Урэшце ад кіно застанецца менавіта гэта — фіксаванне часу. Кіно, зрэшты, як і тэатр, заўсёды фарміравала грамадскую думку, вызначала тыя каштоўнасці, якія найбольш важныя і значныя менавіта ў гэты перыяд. Мы пішам гісторыю. І для мяне паказальна, што беларускае кіно пачало паварочвацца ў той бок, у які нам даўно варта глядзець. 

На наступны год кінастудыя запланавала 39 праектаў. У гэты партфель увайшлі ігравыя, дакументальныя і анімацыйныя стужкі. Мультфільмам надаецца асаблівае значэнне: кінастудыя робіць стаўку на выхаванне дзяцей, фарміраванне іх свядомасці праз гульнявую займальную форму анімацыі. Сярод бліжэйшых праектаў — цыкл мультфільмаў пра сімвалы Беларусі і серыя пра знакавыя мемарыялы нашай краіны. 

Што тычыцца ігравога партфоліа, то налета нас чакае прэм’ера фільма “Чорны замак” па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі” і карціны пад працоўнай назвай “Казбек”, прысвечанай подзвігу беларускіх партызан і аперацыі “Баграціён”. Сёлета на кінафестывалі “Лістапад” адбудзецца прэм’ерны паказ “Кіношнікаў”, якія сталі беларуска-расійскім дэбютам для маладога рэжысёра, выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Кірыла Халецкага і выпускніка Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі, аператара Уладзіміра Казіяткі. У шырокі пракат карціна выйдзе ўжо гэтай зімой. 

ЖЫВЫЯ КАДРЫ БЕЛАРУСКАЙ ГІСТОРЫІ 

Лідарам па запланаваных на бліжэйшы час праектах стала студыя “Летапіс”: дакументалісты рыхтуюцца прадставіць 31 фільм на самыя розныя тэмы, у тым ліку прымеркаваныя да знамянальнай даты — 100-годдзя беларускага кіно. 

— Тэматычна мы пастараліся захапіць розныя спектры жыцця беларускага грамадства. Студыя вядзе распрацоўку праектаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны, выбітным беларускім асобам, прыродзе нашай краіны і самым значным падзеям, якія адбываюцца ў нашым жыцці сёння, — заявіла на прэс-канферэнцыі дырэктар студыі “Летапіс” Аксана Эйхарт. — Апошнім часам мы шчыльна супрацоўнічалі з Генеральнай пракуратурай РБ, якая адкрыла шмат невядомых фактаў з часоў Вялікай Айчыннай. Па гэтых матэрыялах студыя вядзе працу над сумесным праектам пад працоўнай назвай “Трыбунал памяці”. Першыя серыі будуць прысвечаныя спаленым вёскам і лагерам смерці, асобны эпізод увасобіць на экране подзвігі Дзмітрыя Карбышава. Да 100-годдзя беларускага кіно мы выпусцім серыю фільмаў, куды ўвойдуць эпізоды пра выдатных асоб, якія праславілі наш кінематограф, пра першыя кінатэатры Беларусі і, безумоўна, пра гісторыю станаўлення “Беларусьфільма” пачынаючы з 1924 года. 

Асаблівую цікавасць сярод заяўленых дакументальных праектаў уяўляюць цыклы аб беларускай прыродзе. Сёлета студыя “Летапіс” прэзентавала два фільмы, якія стануць часткай будучай серыі “Нацыянальныя паркі Беларусі і іх жыхары”. Першы прысвечаны Бярэзінскаму біясфернаму запаведніку, другі, “Краіна выратаванага велікана” рэжысёра Юрыя Бышнёва, распавядае пра беларускіх зуброў. Майстар натуралістычнага кадра, Бышнёў таксама выступіць аўтарам стужак пра Белавежскую пушчу і Нацыянальны парк Прыпяцкі, якія таксама ўвойдуць у цыкл. Як адзначыла Аксана Эйхарт, здымкі падобных карцін адрозніваюцца сваёй складанасцю: патрабуецца спецыяльная тэхніка, экіпіроўка, не кажучы ўжо аб асабістых якасцях рэжысёра і аператара, такіх як вытрымка і цярпенне. 

ГЛЯДЗЕЦЬ СВАЁ 

Пра тое, наколькі запатрабаваны айчынны кінапрадукт у беларускага гледача, распавяла на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар КУП “Мінаблкінавідэапракат” Таццяна Дарашкевіч

— На працягу многіх гадоў кінапракатныя арганізацыі актыўна супрацоўнічаюць з “Беларусьфільмам”. Нягледзячы на тое, што ў апошнія часы выходзіць не так шмат беларускіх стужак, у нас ідзе актыўны паказ айчыннай кінапрадукцыі. Напрыклад, за дзевяць месяцаў гэтага года ў Мінскай вобласці прайшоў паказ 133 беларускіх фільмаў, у тым ліку чатырох прэм’ерных. Гэта настолькі запатрабавана і мае вялікае значэнне ў раённых цэнтрах, сельскіх дамах культуры, што прагляд фільмаў у Мінскай вобласці ўжо стаў часткай вучэбна-выхаваўчых планаў сярэдніх навучальных устаноў. Нашы арганізацыі разам з педагогамі праводзяць творчыя сустрэчы і дыскусійныя клубы, дзе ідзе актыўнае абмеркаванне фільмаў, — распавяла Таццяна Дарашкевіч. 

Яна таксама адзначыла, што кінапракатныя арганізацыі краіны зацікаўленыя ў развіцці айчыннай кінастудыі і беларускай кінаіндустрыі ў цэлым і гатовыя гэтаму спрыяць. Так, на аснове тэндэнцый, якія назіраюцца сярод гледачоў, “Беларусьфільму” варта ўзяць курс на стварэнне кіно для сямейнай аўдыторыі. 

— Пры вытворчасці фільмаў вельмі важна арыентавацца на моладзь, падлеткаў, на сямейнага гледача. Таму што апошняя тэндэнцыя, якую мы назіраем у кінапракаце, — гэта наведванне фільмаў сем’ямі, — дзеліцца Таццяна Дарашкевіч. — Хацелася б, каб кінастудыя развівалася ў гэтым напрамку, бо гэта перспектыўна. Да таго ж вялікая колькасць гледачоў, якую мы абслугоўваем у нашых кінатэатрах і на кінаўстаноўках, — гэта людзі, якія прыйшлі глядзець беларускае кіно. 

Яўгенія ГАБЕЦ