У госці да Міцкевіча

Літаратурна-музычны фестываль “Восень у Завоссі”сёлета прайшоў з небывалым размахам. Ёсць нагода: у снежні споўніцца 225 гадоў з дня нараджэння нашага славутага земляка — паэта Адама Міцкевіча. 

Арганізатарамі свята традыцыйна выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (яго філіялам і з’яўляецца Музей-сядзіба Міцкевічаў “Завоссе”) і Баранавіцкі раённы выканаўчы камітэт. У якасці пачэсных гасцей запрасілі прадстаўнікоў Саюза пісьменнікаў Беларусі, Навамышскай бібліятэкі імя Яна Чачота і Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку. 

З вітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся намеснік старшыні Баранавіцкага раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Барысевіч: 

— Сёння наша гасцінная зямля ізноў сустракае гасцей літаратурна-музычнага фестывалю “Восень у Завоссі”, які за гады існавання стаў неад’емнай часткай жыцця нашага раёна. Завоссе — асаблівая кропка на карце Беларусі. Нягледзячы на невялікія памеры, гэтая вёска вядомая не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. А ўсё таму, што тут нарадзіўся паэт Адам Міцкевіч. Усцешна бачыць, што з кожным годам фестываль прыцягвае ўвагу новых удзельнікаў і гасцей. Значыць, яму наканавана доўгае і цікавае жыццё! 

Падчас лекцыі

Пасля ўрачыстага адкрыцця лістамі падзякі ад імя кіраўніцтва Баранавіцкага райвыканкама ўзнагародзілі загадчыка філіяла “Музей-сядзіба Міцкевічаў «Завоссе»” Віктара Дмухоўскага і наглядчыцу Таццяну Калошу. А баранавіцкую школьніцу Лізавету Сачыўка, аднаго з пераможцаў творчага конкурсу “Там пакінуў я душы часціцу…”, які праводзіўся сярод вучняў Брэсцкай вобласці, павіншаваў дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік. Паэтычныя выступленні, якія распачаў на галоўнай сцэне рэдактар часопіса “Полымя” Віктар Шніп, хутка распаўсюдзіліся на іншыя пляцоўкі. Сярод іх цэнтральнае месца займаў “Бібліятэчны падворак”, дзе вялі рэй паэты з Баранавіччыны і Лунінца. Тут жа разгарнуліся гульні і выставы. 

Традыцыйна кожны будынак і куток сядзібы быў задзейнічаны пад фестывальныя пляцоўкі. У аборы праводзіліся майстар-класы, на якіх прапаноўвалі зрабіць медальён з выявай Адама Міцкевіча. Ля свіронка працаваў “кавальскі цэх” па вырабе памятнай манеты ды майстэрня смаку “Зёлка-пчолка”, у якой частавалі духмянай гарбатай. 

Асаблівую ўвагу гледачоў прыцягвалі канцэрты, якія праходзілі на ўсёй тэрыторыі музея. Акрамя мясцовых калектываў мастацкай самадзейнасці, да фестывалю далучыліся сталічныя артысты і музыказнаўцы. У вандроўку па мінулым дапамаглі адправіцца навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Бараноўскі ды аўтар гэтых радкоў, які распавядаў пра сувязь паміж продкамі і сваякамі вядомых творцаў — паэта Адама Міцкевіча і жывапісца Генрыха Семірадскага. Без яе не з’явілася б знакамітая паэма “Пан Тадэвуш”. 

— Фестываль удаўся! — казалі яго ўдзельнікі напрыканцы. — Дзякуем усім, хто арганізаваў гэтае свята!