Да Рэйтанаў у Ляхавічы

Карыстаючыся апошнімі цёплымі днямі, у адзін з выхадных мы выправіліся ў Ляхавічы. Там, на старых могілках, пад шатамі велічнай лістоўніцы, спачываюць прадстаўнікі старога беларускага роду Рэйтанаў. Гэта колішнія гаспадары Грушаўкі, вядомай усёй Беларусі.

Мы даглядаем тое месца ўжо 10 гадоў — раз-пораз прыязджаем на суботнікі з “К”. Належыць распавесці пра яго падрабязней. 

Новыя могілкі, на якіх знайшлі апошні прыстанак Рэйтаны, былі заснаваны прыблізна ў 1796-м, калі закрыліся старыя касцельныя, у цэнтры горада. З 1798 па 1864 год тут пахавалі каля дзесяці даволі вядомых у свой час грамадскіх дзеячаў. Спярша — трох братоў славутага Тадэвуша Рэйтана (сярод іх Міхал, наваградскі земскі суддзя, слуцкі павятовы маршалак). Пазней — пляменнікаў, потым — стрыечных унукаў. Надмагіллі большасці гэтых людзей не ацалелі. Ёсць толькі металічны помнік Дамініку Рэйтану (дзед Юзафа, апошняга з роду), герою мемуараў пра вайну 1812 года. Дзякуючы Дамініку, слуцкая гімназія атрымала новы выгодны цагляны будынак (захаваўся). А яшчэ збераглося гранітнае надмагілле маці апошняга з Рэйтанаў, якая належала да Несялоўскіх. Памерла яна адразу за мужам, не вытрываўшы разлукі. Помнічак жанчыне быў знойдзены падчас аднаго з нашых суботнікаў. 

Варта згадаць і творцаў з роду Рэйтанаў. Станіслаў, брат Дамініка, колішні слуцкі павятовы маршалак, праславіўся як выдатны літаратар. Некаторы час яму нават прыпісвалі “Літоўскія прыгоды” Міцкевічавага сябра Ігната Яцкоўскага. У гэтым творы ўпершыню быў надрукаваны верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы”, аўтарам якога лічыцца крошынец Паўлюк Багрым. А сястра Дамініка, Ганна, пакінула надзвычай каштоўныя мемуары, ужо перавыдадзеныя на беларускай мове. Увогуле, пра род Рэйтанаў і іх знакамітых сваякоў — Манюшкаў, Дамейкаў, Вай- ніловічаў, Друцкіх-Любецкіх і многіх іншых — можна распавядаць бясконца. Але іншым разам. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ

Фота аўтара