Тэатр. Стварэнне. Мір

Апублiкавана: 01 лiстапада 2023 Стужка Тэатры Мінск Год міру і стварэння

Аўтар: Аўтары

Вялікі тэатр Беларусі — адзін з найважнейшых сімвалаў нашай краіны, які заўсёды трымае высокі стандарт якасці, — адзначае 90-годдзе сёлета, у Год міру і стварэння. Стварэнне заўсёды накіравана на тое, каб захаваць і палепшыць свет, зрабіць яго больш гарманічным. Як Вялікі тэатр на працягу амаль стагоддзя працуе ў гэтым кірунку? Пра стваральную сілу мастацтва, асабісты вопыт у ім і музычна-эстэтычную асвету мы пагутарылі з генеральным дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам Кацярынай Мікалаеўнай Дулавай.

— Знамянальны юбілей Вялікага тэатра адзначаецца ў Год міру і стварэння — гэта дастаткова сімвалічна. Наколькі важную ролю іграе мастацтва, у прыватнасці тэатральнае і музычнае, у працэсе стварэння? 

— Тое, што юбілей нашага Вялікага тэатра адзначаецца ў Год міру і стварэння, — гэта цудоўнае супадзенне, з аднаго боку, а з другога — сімвалічнае пацвярджэнне таго, што стаўленне дзяржавы да дзейнасці ўстаноў культуры, у тым ліку Вялікага тэатра, традыцыйнае і нязменнае. Найглыбейшую павагу і захапленне выклікае тое, што амаль 80 гадоў таму ў краіне, якая так пацярпела ад вайны і знаходзілася практычна ў руінах пасля перамогі над фашызмам, калі, здавалася б, трэба займацца эканомікай, гаспадаркай, а ўсё астатняе можа пачакаць, пачалі актыўна аднаўляць, рэстаўраваць, будаваць тэатры, Акадэмію навук, помнікі архітэктуры, ВНУ культуры і мастацтваў. У самым цэнтры горада, разбуранага дашчэнту, сінхронна з жыллём і аб’ектамі народнай гаспадаркі ўзводзіўся новы будынак кансерваторыі. Гэта вельмі паказальны і важны момант, які сімвалізаваў, што мірнае, стваральнае жыццё нязменнае. Цяпер таксама, як і ў папярэднія дзесяцігоддзі, існаванне і дзейнасць Вялікага тэатра Беларусі, далучэнне людзей да высокага мастацтва і прыгажосці сведчаць, што краіна знаходзіцца ў стане стварэння, што дзяржава гаворыць з народам на мове міру. А наша задача сёння — генерыраваць прадукцыйныя ідэі, праекты, напоўненыя святлом, бо менавіта ў мірнай і стваральнай абстаноўцы нараджаюцца выбітныя мастацкія задумы. 

— У чым, на ваш погляд, заключаецца місія музычнага тэатра? 

— Вялікія кампазітары — менавіта іх партытуры прадстаўлены сёння ў нашым рэпертуары — звярталіся да тэатра не з-за чакання, што іх музыка будзе інтэрпрэтавана нейкім асаблівым спецыфічным чынам на запыт гледача. Размова ішла пра тое, што, выкарыстоўваючы цудоўны сінтэз цэлага шэрага мастацтваў, якім і ёсць тэатр, можна дасягнуць мацнейшага ўздзеяння музыкі на слухача, у тым ліку з дапамогай візуальных сродкаў, больш яркіх, больш даступных, чым чыстая акадэмічная музыка. Быць яшчэ шырэй убачаным, пачутым — дастукацца да большай колькасці слухачоў і гледачоў. Менавіта таму мы ставімся да акадэмічнага тэатра, які нясе класічныя традыцыі, як да сферы асветы і стварэння. 

— Альберт Швейцэр, філосаф і гуманіст, пісаў, што культура — гэта духоўны прагрэс чалавецтва. Ці згодны вы? Ці маеце сваё азначэнне культуры? 

— У цэлым згодна, але ёсць адно невялікае ўдакладненне. З’явы мастацтва адпавядаюць свайму часу. Яны такія, якія ёсць, хаця некаторыя творы могуць і апераджаць час. Але нельга сказаць, што наскальны жывапіс рэгрэсіўны, а тое, што робяць цяперашнія мастакі, — прагрэсіўнае. Усё, што тычыцца руху да прагрэсу праз культуру, — гэта безумоўна так. Некаторыя лічаць, што без культуры можна пражыць, раўняючы яе з забавамі, што адцягваюць чалавека ад нечага важнага. Але калі на секунду ўявіць, што з’явы культуры нейкім чынам выключаны з нашай рэальнасці, то людзі будуць пазбаўлены вельмі важнага складніка — духоўнага, які ёсць у кожным, бо мы зусім не функцыянальныя істоты, а значна больш глыбокія і багата адораныя асобы. 

— Існуе меркаванне, што ў наш час усё ўжо напісана і такіх вяршынь, такіх майстроў, як у эпоху барока ці класіцызму, цяпер няма. 

— Падобныя погляды існавалі заўжды і, думаю, будуць з’яўляцца заўжды. Таму што ўсё велічнае бачыцца на адлегласці: «Лицом к лицу лица не увидать». Нам сёння няпроста ацаніць сучаснікаў. Акрамя таго, у гісторыі культуры пастаянна адбываюцца працэсы абсалютна аб’ектыўнага парадку: дэмаграфічнага, грамадска-палітычнага і агульнамастацкага. 

Мне часам здавалася, што ў беларускай культуры 1950—1970-х з’явіўся нейкі «дэсант» з выбітных дзеячаў мастацтва і культуры — мастакоў, музыкантаў, харэографаў, тэатральных рэжысёраў і кінарэжысёраў, якія надалі культурнаму працэсу сапраўднае паскарэнне, падарыўшы свету вялікія творы.

Я ўпэўнена, што працэсы абнаўлення ідуць пастаянна, пустак на карце культуры, ва ўсякім выпадку нашай, не было. Таленавітыя людзі былі і ёсць. Недзе яны сціплыя, недзе яшчэ недастаткова дарослыя, каб выступаць, напрыклад, на сцэне Вялікага тэатра, але, паверце, я прыкладаю ўсе намаганні, каб з імі пазнаёміцца. Канечне, галоўная сцэна тэатра — не эксперыментальная пляцоўка, таму трэба думаць, дзе б яны маглі пачынаць, рабіць першыя творчыя крокі. 

— Напэўна, эксперыментальная пляцоўка неабходная… 

— Напэўна. Да гэтага ўсё ідзе. 

— Вялікі тэатр для Беларусі больш, чым тэатр. Як гэта — кожны дзень прыходзіць на працу і не толькі кіраваць адной з жамчужын айчыннай культурнай спадчыны, але і вырашаць штодзённыя, зямныя задачы — жанчыне далікатнай, вытанчанай, творчай асобе? 

— Калі я трапляю ў прастору Вялікага тэатра, перш за ўсё ў яго элітную, канцэртную частку, адчуваю сапраўднае захапленне, відаць, праз тое, што з дзяцінства мне прывівалі пачуццё прыгажосці, здольнасць цаніць яе. І ведаеце, ёсць яшчэ адно адчуванне, якое мяне суправаджае практычна кожны дзень, — мне здаецца, гэтае захапленне ніколі не ператворыцца ў штодзённасць ці руціну. Часам у вольныя хвіліны я проста праходжваюся ў інтэр’ерах тэатра, каб дадаткова атрымаць для сябе інфармацыю аб прыгожым. Прытым я дакладна разумею ступень сваёй адказнасці, бо ўся гэтая прыгажосць павінна працаваць, тэхнічна і арганізацыйна функцыянаваць. Але самая галоўная мэта тэатра — дзівосныя мастацкія творы, якія нараджаюцца ў нашых сценах і становяцца ў выніку здабыткам краіны. Складаны комплекс задач і мэт, з аднаго боку, не дазваляе мне расслабіцца, а з іншага — натхняе. 

— Стварэнне — гэта духоўная дзейнасць. Гэта шлях да змянення светаўспрымання чалавека, да яго выхавання. Складаючы рэпертуар, на што тэатр абапіраецца? Што ў рэпертуары сучаснага тэатра оперы і балета для вас — must-have? 

— Ёсць аб’ектыўныя асновы для фарміравання рэпертуару, каб можна было свабодна канкурыраваць з аналагічнымі тэатрамі свету. І гэта правільна, гэта сведчанне таго, што ўзровень падрыхтоўкі ўсіх творчых калектываў высокі. У рэпертуары павінна быць класіка, якой правяраецца стан як балетнай, так і опернай труп, а таксама ўзровень аркестра. Таму класічныя балеты — абавязковая частка рэпертуарнай афішы, як і, безумоўна, італьянская, нямецкая, французская, руская опера. Такі рэпертуар дазваляе нам сёння дастаткова свабодна кантактаваць са светам, бо нашы салісты могуць спяваць розныя партыі па запрашэнні ў іншых тэатрах, а госці — выступаць на нашай сцэне. Гэта стварае пэўны камфорт, дае магчымасць аб’ектыўна ацэньваць, параўноўваць трактоўкі і падыходы да выканальніцтва. 

Класічны рэпертуар дапамагае трымаць у тонусе сімфанічны аркестр тэатра — абсалютна ўнікальны калектыў. З аднаго боку, гучанне аркестра — гэта неад’емная частка опернага ці балетнага спектакля, з іншага — наш аркестр — паўнавартасная творчая адзінка, здольная выступаць і як сцэнічны аркестр. Нашы музыканты могуць выконваць оперную і сімфанічную музыку, харавыя творы, суправаджаць выступленні выбітных салістаў. І на сённяшні дзень у Беларусі няма калектыву, які вытрымае такі фармат. На мой погляд, гэта дарагога варта. 

Ведаю, што ў нашай моладзі ёсць сур’ёзны інтарэс да таго, каб у рэпертуары з’яўляліся эксперыментальныя праекты, прызначаныя менавіта для новага пакалення. Мне здаецца цікавым і важным спрабаваць прадстаўляць некаторыя міксавыя пастаноўкі і на эксперыментальных пляцоўках, і на асноўнай сцэне, нягледзячы на тое што спектакль можа быць пазней незапатрабаваны, як гэта здараецца даволі часта практычна ў любым тэатры. Я кантактую з дырэктарамі розных тэатраў і разумею, што ўсе ідуць на эксперыменты: некага прыцягвае асоба харэографа, некага — музычнага рэжысёра. Недзе дырыжор пачынае пераконваць кіраўніцтва, што такі фармат запатрабаваны. Мы таксама ідзём на гэта, каб пашырыць і разнастаіць рэпертуар, бо рэпертуарная афіша, якая існуе сёння, мяне не зусім задавальняе. 

Найважнейшая частка рэпертуару — творы нацыянальнай тэматыкі. Мне здаецца, што тут мы таксама павінны крыху перагледзець падыходы. У час падрыхтоўкі да юбілею тэатра, працу ючы з архіўнымі матэрыяламі, я яшчэ раз упэўнілася, што беларускія кампазітары заўсёды вельмі шчыльна ўзаемадзейнічалі з тэатрам, што існавала даволі вялікая колькасць партытур, якія аўтары прыносілі сюды. Няма, бадай, ніводнага кампазітара 1950—1970-х, чые творы не былі б прадстаўлены ў балетным ці оперным жанры. Сёння перагледзець і вярнуць на сцэну тое, што па-ранейшаму мае мастацкую каштоўнасць, — гэта адзін шлях. Але, канечне, з другога боку, трэба рухацца ўперад, звяртацца і да нейкіх новых ідэй. Таму калі нашы сучасныя кампазітары, пісьменнікі, драматургі прапануюць творы на гістарычную тэму, яны змогуць па-сапраўднаму ўпрыгожыць рэпертуар. 

— Што тычыцца нацыянальнай гісторыі, у прэсе была інфармацыя аб ідэі паставіць балет, прысвечаны Ефрасінні Полацкай… 

— Нам сёння патрэбны спектакль, у якім прысутнічае такі мірны, аб’яднальны і стваральны вобраз. Жанчына-асветніца, якая займалася стваральнай дзейнасцю ва ўсіх сэнсах слова, Ефрасіння Полацкая — магутная асоба. Адзін з варыянтаў працы з гэтым сюжэтам ёсць. Безумоўна, для ўвасаблення на сцэне такая тэма вельмі складаная. Мы пакуль кансультуемся, вывучаем матэрыялы, не спяшаемся, даследуем яе з усіх бакоў, каб падысці максімальна падрыхтаванымі ці сказаць сабе, што пакуль тэма заўчасная. 

— У адным з інтэрв’ю вы сказалі, што тэатр — гэта форма служэння Богу. — Калі чалавек не проста працуе, і тым больш працуе не на сябе, а дзеля некага ці нечага, то гэта менавіта служэнне. Такі падыход у любой сферы з’яўляецца стваральным. Сумленна ставіцца да сваёй справы, не самасцвярджацца, а дапамагаць тым, хто навокал, — я менавіта так імкнуся адносіцца да працы. У мяне іншых падыходаў няма: творчым людзям дапамагчы рэалізавацца, маладых артыстаў падтрымаць у пачатку шляху, не адпужаць, не абразіць нічым, паказаць, якія ёсць перспектывы. Калі гэта тычыцца функцыянавання такога найскладанейшага комплексу, як тэатр, то імкнуся рабіць усё, што я магу, каб не нашкодзіць, паспрыяць яго развіццю і руху наперад. І неабавязкова для падобнага служэння чалавек павінен быць глыбока рэлігійным. Проста калі ён так ставіцца да справы, тады і тыя, хто навокал, паводзяць сябе адпаведна, пачынаюцца абсалютна іншыя працэсы, стваральныя і пазітыўныя. 

А калі гаварыць пра служэнне Богу, вялікае шчасце — быць уцаркоўленым чалавекам. Сапраўдная прысутнасць у храме вельмі ўмацоўвае, арганізуе, накіроўвае. Злосць, пыхлівасць, зайздрасць, сквапнасць тут абсалютна непрымальныя. Калі ўсяго гэтага няма, жыць значна цікавей і прасцей. «Где просто — там ангелов со сто». Калі ўсё зразумела, празрыста, няма разбуральных працэсаў, справа клеіцца. 

— Самастварэнне — гэта не праца на сябе, гэта духоўная работа над сабой. Вы больш за 30 гадоў шчыравалі ў кансерваторыі. Вельмі шмат дасягнулі. Што вас падштурхоўвала? Адкуль браліся сілы? 

— Ведаеце, некалі ў Акадэміі музыкі мы прымалі міжнародную дэлегацыю. І адна амерыканка з нейкага ўніверсітэта падчас размовы ў мяне ў кабінеце рэктара выбегла за дзверы, тыцнула пальцам у таблічку на іх і сказала нешта кшталту «хачу таксама». Я слухала яе і думала, што ніколі спецыяльна нічога не планавала ў кар’еры. Калі з’яўляліся прапановы ўзначаліць кафедру, студэнцкае навуковае таварыства, стаць прарэктарам і г. д., мне здавалася, што гэтыя дастаткова няпростыя прыступкі ўзнікаюць таму, што ў мяне, напэўна, ёсць сілы на іх узняцца. 

І такі рух наперад ніколі не супярэчыў маёй дзейнасці. Калі бярэшся, першая прыступка здаецца вельмі складанай, другая ўяўляецца проста немагчымай, але, узняўшыся вышэй і гледзячы назад, ты думаеш: як можна было ўвогуле сумнявацца тады, бо гэта «санаторый» у параўнанні з тым, што ты атрымаў далей. Я некалі прачытала ў Чайкоўскага цудоўную фразу: «Чым больш у мяне меж, тым больш я свабодны». Разумеючы граніцы ў працы, у творчасці, можна лёгка іх пераадольваць. Ёсць дзіўная заканамернасць: чым больш я занятая, тым больш я паспяваю. Паралельна з прафесійнай дзейнасцю я выхоўвала сыноў. І першага, і другога мы з мужам вучылі музыцы. Інструменты ў іх — адны з самых складаных у выканальніцтве: у старэйшага — віяланчэль, у малодшага — скрыпка. 

Мы ж з мужам — піяністы, таму, каб не прапусціць адукацыйны працэс, на працягу першых гадоў навучання прысутнічала ў іх на ўроках, прыходзіла да педагогаў. Мне вельмі хацелася развіваць дзяцей гэтак жа паўнавартасна, як і мае бацькі ў свой час займаліся са мной: чытанне кніг і слуханне музыкі, наведванне філарманічных канцэртаў і тэатраў. Такое сапраўднае заглыбленне ў прафесію неабходна, каб не згубіць да яе цікавасць, бо навучанне музыцы — вельмі складаная і цяжкая для дзіцяці праца. 

— Вы прадстаўляеце сапраўдную музычную дынастыю… 

— Так, так. Мама — доктар мастацтвазнаўства, прафесар. Тата — прафесар, на працягу 18 гадоў ён кіраваў кафедрай камернага ансамбля ў кансерваторыі, ён заснавальнік Струннага квартэта Саюза кампазітараў БССР. Я вырасла ў музычным атачэнні, ведала многіх творцаў у твар: Мікалай Аладаў, Яўген Цікоцкі, Пётр Падкавыраў, Дзмітрый Лукас, Кім Цесакоў, Ігар Лучанок, Генрых Вагнер, Яўген Глебаў… Часта ў нас дома праходзілі рэпетыцыі ці тата браў мяне з сабой. Гэта было вельмі арганічнае асяроддзе выхавання ў музыцы. Таму і я, выхоўваючы ўласных дзяцей, спрабавала ўсё спалучыць: тэатр, праграмы ў філармоніі, паездкі, якія натхнялі і накіроўвалі на атрыманне адукацыі, займалася навуковай працай. Я заўжды актыўна выкарыстоўвала матэрыялы, назапашаныя ў перыяд вучобы ў Ленінградскай кансерваторыі і затым у аспірантуры: не ўсё ўвайшло ў дыпломную працу, сёе-тое было выкарыстана ў кандыдацкай, а потым комплекс ведаў цалкам спатрэбіўся пры напісанні доктарскай дысертацыі. Я шчыра веру, што нейкую значную справу, калі ты на яе адважыўся, трэба ўмець выканаць своечасова, не расцягваючы на дзесяцігоддзі. Кожнаму ўзросту ўласцівы пэўны погляд на рэчы. Магчыма, сёння я напісала б усё паіншаму і расставіла б іншыя акцэнты. Таму — усяму свой час. 

— Хтосьці з вялікіх сказаў, што ў складаныя часы трэба займацца тэатрам і паэзіяй. Вы згодны з гэтым? Як тэатр можа сёння дапамагчы адчуць сябе жывым? Чаму ў цяжкія часы трэба звяртацца да музыкі? 

— Існуе вядомая фармулёўка, якая сцвярджае, што музыка лечыць. Сёння нехта трактуе гэта літаральна, і нават з’явіўся такі напрамак, як музыкатэрапія. А ў мяне ёсць вельмі простае тлумачэнне. Музыка выйшла з храмавай традыцыі, праваслаўнай і каталіцкай. Таму яна нязменна нясе прыгажосць. Мы жывыя людзі, з душой і эмоцыямі, і, як бы ні былі загружаны, якімі б важнымі персонамі ні лічыліся, калі пад розныя мелодыі часам наварочваюцца слёзы — гэта сведчанне таго, што жывая душа адгукаецца. Чалавек гэтым жывы. Калі ён перастае захапляцца, яму трэба «лячыцца» — тэрмінова бегчы ў тэатр, філармонію ці проста слухаць выдатную музыку. 

Аднойчы ў мяне была сустрэча з дзіўнай асобай, доктарам фізіка-матэматычных навук. Я з ім пазнаёмілася, калі наведвала бацьку ў бальніцы. Заўважыла, што ў суседа па палаце на тумбачцы ляжалі дыскі з операмі Вердзі. Я не магла не пацікавіцца і ўбачыла чалавека, які ведаў акадэмічную музыку лепш за мяне, прафесійнага знаўцу. Так, ён не вывучаў тэорыю музыкі ці асновы музычнай формы, але тая колькасць твораў, якая была ў яго ў памяці, якая гучала ў яго галаве, мяне ўразіла. Мусіць, гэта велізарнае шчасце, што ёсць такія людзі. Ці падчас вучобы, наведваючы канцэрты ў Вялікай зале Ленінградскай філармоніі, нярэдка бачыла гледачоў, якія сядзяць на канцэртах з партытурай. Я схіляюся перад тымі, хто музыку любіць так. Мне здаецца, што гэта вельмі цэльныя натуры.

— Ці ёсць, на ваш асабісты погляд, падзеі, імёны, якія адыгралі лёсавызначальную ролю як у гісторыі Вялікага тэатра Беларусі, так і ў гісторыі краіны? 

— Выбітныя сачыненні ўзнікаюць тады, калі з’яўляецца асоба, якая можа ажыццявіць кампазітарскую, рэжысёрскую задуму. Гэта датычыцца і музычнага выканальніцтва, і харэаграфіі. Заснавальнікамі традыцыі ў айчынным балеце, безумоўна, ёсць Атар Міхайлавіч Дадзішкіліяні і, вядома, Валянцін Мікалаевіч Елізар’еў. Што да опернага мастацтва, асобнае месца ў гісторыі беларускага Вялікага тэатра займае Ларыса Пампееўна Александроўская. Я не была з ёй знаёмая і магу меркаваць аб яе творчасці толькі па запісах, кнігах і хроніках. Але ўнёсак артысткі ў прасоўванне і дзейнасць нашага тэатра абсалютна відавочны, магчыма, шмат чаго і не было б без яе ўдзелу. 

Немалаважны ўклад зрабілі і наступныя за Александроўскай прымы і прэм’еры Вялікага тэатра, усіх імён тут не пералічыць. 

Я асабіста ведала славутых артыстаў, якія ў свой час выкладалі ў кансерваторыі: Людмілу Златаву, Тамару Ніжнікаву, Святлану Данілюк, Лідзію Галушкіну. Канечне, нельга не згадаць дырыжораў, якіх я бачыла і чула, — Таццяну Каламійцаву, Яраслава Вашчака. З Генадзем Панцеляймонавічам Праваторавым мы размаўлялі, калі ён выкладаў у кансерваторыі. Была знаёмая з рэжысёрам Сямёнам Аляксандравічам Штэйнам. Я памятаю, як ствараўся балет Андрэя Мдзівані «Страсці». Андрэй Юр’евіч паказваў мне асобныя музычныя эпізоды і распавядаў пра сумесную працу з Валянцінам Мікалаевічам Елізар’евым, расказваў, як нараджалася гэтая цікавая партытура, што можа існаваць і як самастойнае сімфанічнае сачыненне. Безумоўна, тэатр, мастацтва трымаюцца на асобах. 

— Вынікае, што вы пастаянна судакраналіся з Вялікім тэатрам, усё жыццё знаходзіліся ў гэтым асяроддзі, атмасферы. 

— Так, нягледзячы на тое, што я дзевяць гадоў вучылася ў Ленінградзе, усё роўна я прыязджала да бацькоў, хадзіла ў тэатр, сітуацыйна была тут. 

— Якія вынікі мінулага сезона ў Вялікім тэатры Беларусі? Ці атрымалася рэалізаваць усе планы? 

— Мінулы сезон — найцікавейшы з пункту гледжання падзей. Мы сталі значна больш свабодна выкарыстоўваць розныя магчымасці нашага тэатра. У нас з’явіліся канцэртныя праграмы, якіх да гэтага не было. Хаця заўсёды знойдуцца крытыкі, якія іранізуюць, што калектыў выконвае дзяржаўную замову і адпавядае пэўным рамкам. Магу адказаць, што мы і існуем як вельмі магутная культурная адзінка нашай краіны, нашай дзяржавы. А патрабаванні, якія яна прад’яўляе, вельмі канкрэтныя: пакажыце нешта новае, прадэманструйце, на што вы здольны як творчыя асобы. Таму ў прэм’ерных пастаноўках мы стараемся максімальна выкарыстоўваць магчымасці тэатра, прывабліваць цікавых пастаноўшчыкаў і маладых артыстаў. У гэтым сезоне надзвычай добра праявілі сябе галоўны рэжысёр Ганна Маторная, галоўны балетмайстар Ігар Колб, дырыжоры, якія сёння працуюць з самымі разнастайнымі музычнымі партытурамі. У нас абнавіліся трупы, што мяне, безумоўна, радуе. І ў оперы, і ў балеце вельмі актыўная моладзь, яна таксама прыносіць ідэі, нават дыктуе, марачы аб свежых формах, разумеючы, што творчы век артыстаў, асабліва балетных, не вельмі доўгі і трэба шмат што паспець. 

Вядома, мы выконваем усе нашы абавязацельствы па прэм’ерах. Пастаўлены ў чэрвені спектакль «Севільскі цырульнік» Джаакіна Расіні якраз з галіны эксперымента — такі лёгкі, маленькі італьянскі тэатр, з абсалютнай свабодай драматычнай імправізацыі. Мне падаецца, што маладым артыстам гэта вельмі спадабалася. У снежні тэатр падрыхтаваў выдатны падарунак юным гледачам — музычную казку «Гісторыя Кая і Герды (Снежная каралева)» кампазітара Сяргея Баневіча ў пастаноўцы Ганны Маторнай. Таксама былі прадстаўлены абноўленыя спектаклі «Жызэль» у пастаноўцы Ігара Колба і «Дон Кіхот» у пастаноўцы Валянціна Елізар’ева.

Тэатр неаднаразова выязджаў на гастролі на працягу юбілейнага сезона, а ў нас выступалі іншыя калектывы. Госці паказалі на беларускай сцэне спектаклі рознай стылявой скіраванасці, гучала новая для нашых гледачоў музыка. 

Я хацела б асабліва адзначыць работу ў юбілейным сезоне сапраўдных майстроў Вялікага, якія сёння набылі асаблівую прафесійную моц і значнасць ва ўсіх сэнсах, — Станіслава Трыфанава, Уладзіміра Громава, Анастасіі Масквіной. Наша выдатная моладзь ідзе следам за мэтрамі і расце побач з імі, тое ж самае адбываецца і ў балеце. Менавіта так захоўваецца пераемнасць пакаленняў. У юбілейным сезоне мы пастараліся не забыць нікога са сваіх выбітных дзеячаў, выдалі цудоўныя альбомы і буклеты з фатаграфіямі і цікавымі матэрыяламі, прысвечанымі гісторыі тэатра. Мы не забываем і нашых ветэранаў. Яны — здабытак, людзі, якія могуць сёння расказаць пра гісторыю калектыву і перадаць маладым нейкія вельмі важныя думкі і ўменні з мінулага ў будучыню. 

Канечне, мы шануем моладзь, якая прыходзіць служыць у тэатр. Ведаеце, часам здаецца, што плынь талентаў змяншаецца, такіх галасоў, як раней, няма, аднак у нейкі момант новыя бліскучыя выканаўцы знаходзяць нашу сцэну. І мне думаецца, што гэтая крыніца ніколі не перасохне. 

— Што чакаеце ад наступнага тэатральнага сезона? Чым плануеце здзіўляць гледачоў далей? 

— Сезон будзе насычаны. 2024-ы багаты на знамянальныя даты: 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў, 100-годдзе з дня нараджэння Васіля Быкава. 

У сувязі з гэтым мы плануем адрадзіць балет Яўгена Глебава «Альпійская балада», а таксама падрыхтаваць канцэртную праграму на ваенна-патрыятычную тэму. Калі казаць пра пачатак сезона, гледачы ўбачаць новы балет «Ілюзіі кахання» на музыку Дзмітрыя Шастаковіча і Фрэдэрыка Шапэна — аўтарскі праект Ігара Колба. Мы прыцягваем у пастаноўку маладых танцоўшчыкаў, сцэнографаў, мастакоў па святле і г. д. 

Прыхільнікаў оперы тэатр парадуе прэм’ерай «Іаланты» Пятра Ільіча Чайкоўскага, твора, які ва ўсе часы скарае высокай прыгажосцю, сапраўднай палётнасцю, святлом. 

У другой палове сезона мы чакаем абсалютна новую пастаноўку Валянціна Мікалаевіча Елізар’ева — балет «Папялушка» Сяргея Пракоф’ева. Затым сваё бачанне оперы «Дон Жуан» Вольфганга Амадэя Моцарта прадставіць Ганна Дзмітрыеўна Маторная. Асаблівую ўвагу ў будучым сезоне Вялікі тэатр надасць праграмам для дзяцей. У планах — як спектаклі, так і адаптаваныя для юных гледачоў інструментальныя творы. Ужо ў Нясвіжы гэтым летам мы паказалі малышам музычную казку «Пеця і Воўк» Сяргея Пракоф’ева. Выдатныя сачыненні для хлопчыкаў і дзяўчынак ёсць і ў беларускай музыцы. Напрыклад, маэстра Аляксандр Анісімаў прапанаваў падрыхтаваць араторыю «Падарожжа ў краіну дзяцінства» Яўгена Глебава як сцэнічны твор. Ведаю яе вельмі добра, бо спявала яе ў хоры ўсё сваё школьнае маленства з камерным аркестрам. 

У 2025 годзе мяркуецца сумесная работа з Вялікім тэатрам Расіі. На падставе рашэння Х Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі нам прапанавана ажыццявіць гэты праект да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Яшчэ адзін супольны праект задуманы з Самарскім тэатрам оперы і балета — спектакль на музыку Міхаіла Глінкі «Руслан і Людміла». 

Планаў у беларускага Вялікага тэатра шмат. Чакаем нашых гледачоў у новым сезоне з нецярпеннем, таму што праграмы, канцэрты і спектаклі ў выніку робяцца для ўсіх, хто цікавіцца музыкай і тэатрам: як для сапраўдных знаўцаў, так і для гледачоў-пачаткоўцаў — для ўсіх аматараў прыгожага!

Вольга САВІЦКАЯ