"Трэба заставацца людзьмі!" Інтэрв'ю з Валерыям Шматам

Апублiкавана: 05 лiстапада 2023 Стужка Музыка Мінск Год міру і стварэння

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Кіраўнік арт-групы “Беларусы” стаў ці не самым яркім і красамоўным удзельнікам праекта Міністэрства культуры і Маладзёжнага тэатра эстрады “Разам з мастацтвам”. На дыялогавых пляцоўках Валерый Шмат пераканаўча распавядае моладзі, як наша краіна стварае найлепшыя ўмовы для раскрыцця патэнцыялу творчай асобы. Гэты спікер не баіцца складаных пытанняў і адказвае на іх сур’ёзна і грунтоўна.

— Валерый, якім быў шлях арт-групы “Беларусы” ў першы эшалон беларускай эстрады? 

— Абсалютна нармальным, працоўным. Мы разумелі, што працуем для вельмі стракатай публікі. Адзінае, што яе абагульняе, — беларускасць. Таму ў нашым рэпертуары гучаць вельмі розныя творы, а аб’ядноўвае іх беларуская тэматыка. 

Мы заўсёды разумелі, што ў аснове творчасці павінны быць нашы, беларускія спевы. Памятаю, калі сустрэліся з Ігарам Міхайлавічам Лучанком, ён даў мне ноты песні “Падаюць сняжынкі” на словы Паўлюка Труса. Раней яе выконвалі “Песняры”, але шмат змянілі ў музыцы, на што кампазітар абураўся, таму і прапанаваў нам выканаць твор у арыгінальнай аўтарскай версіі. І калі пачуў, нават праслязіўся. 

Калі чалавек ідзе па сваім шляху, заўсёды будуць нейкія перашкоды. Гэта нармальная з’ява, да якой трэба быць гатовым. І гэта трэба перажыць. Бывае і зайздрасць, і нібыта кур’ёзныя, але непрыемныя рэчы. Напрыклад, нам на адным канцэрце адключылі рубільнік у Палацы культуры, каб праверыць, ці ўжывую мы пяём… Праз колькі выкананых чыста акапэльна кампазіцый гук вярнулі, а пасля выступлення чалавек прыйшоў прасіць прабачэння… 

Нас пастаянна параўноўвалі з “Песнярамі”, часам — з “Чыстым голасам” ці “Хорам Турэцкага”. Але мы — “Беларусы”, такія, якімі сябе робім самі і абставіны, у якіх працуем. У тым ліку эканамічныя. 

— Як сёння зарабіць на жыццё музычнай творчасцю? Ці карыстаецца попытам беларуская музыка на ўнутраным, так бы мовіць, рынку? 

— Менталітэт беларусаў… У нас шмат добрых рысаў, але мы асцярожна ставімся да сваіх поспехаў. Нават калі ўжо ўсе суседзі сцвярджаюць, што беларускае — найлепшае, мы прыдзірліва прыглядаемся да свайго. Тое ж і ў шоу-бізнесе. Людзі не спяшаюцца раскупліваць білеты на канцэрты нашых артыстаў. Пры тым што ў краіне вельмі высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства. І вакальнага, і харэаграфічнага. У нас шмат таленавітых людзей, чыя творчасць выклікае сапраўднае захапленне. Але выйсце ёсць. Трэба вучыць людзей паважаць і любіць сваё. Усё сваё. Мастацтва, тавары, лад жыцця. Таму лічу вельмі правільным, што дзяржава займае цвёрдую пазіцыю па падтрымцы нацыянальнай культуры, таго, што беларусы робяць для беларусаў. Гэта важна, бо творцы фарміруюць светапогляд людзей. 

— Для выканаўцаў частая праблема — знайсці добры тэкст і добрую музыку да яго. Як фарміруецца рэпертуар арт-групы “Беларусы”? 

— Наш рэпертуар складаюць сусветна вядомыя творы, мае аўтарскія і творы беларускіх кампазітараў. Дзякуючы фестывалю “Вытокі” мы ў гэтым годзе адкрылі шмат цікавых паэтаў. Там сёлета быў паэтычны конкурс. У кожнай вобласці перамагаў адзін твор, на іх розныя кампазітары пісалі музыку. Так з’явіліся шэсць новых песень. “Беларусы” выконвалі на свяце беларускай пісьменнасці адну з іх — “Слова роднае” на тэкст Ірыны Войтка і маю музыку. 

Мы заўсёды ў пошуку. Часам людзі проста на канцэрце перадаюць запіскі з тэкстамі. Нараджэнне новага твора па-рознаму адбываецца. 

— Да “зорак” у грамадстве заўсёды асаблівае стаўленне. Да іх меркаванняў прыслухоўваюцца, таму часта просяць пракаментаваць нейкія рэчы. Напрыклад, палітычныя падзеі. Што вы пра гэта думаеце? 

— Калі казаць пра 2020-ы, я і тады не вагаўся ні секунды. Па-першае, мне заўсёды было зразумела, што здрада не мужчынскі ўчынак. Не ўчынак сына сваёй Айчыны, не ўчынак бацькі сваіх дзяцей. Па-другое, я ўдзячны сваёй дзяржаве за ўсё, што маю. Не толькі ў духоўным сэнсе, але і ў матэрыяльным. Калі ўсё пералічваць, пальцаў не хопіць. Па-трэцяе, за гады сваёй прафесійнай дзейнасці наша група мела ўсе магчымасці для свайго развіцця. І калі хтосьці гаворыць, што няма ўмоў для працы, няма нейкай свабоды, мне гэта незразумела. Са свайго досведу магу сцвярджаць, што ўсе перашкоды толькі ў галаве чалавека. Гэта яго страхі і яго слабасць. 

Таму на дыялогавых пляцоўках “Разам з мастацтвам” заўсёды падкрэсліваю: калі хочаш поспеху, стань лепшым. І сваім дзецям заўсёды казаў: стань лепшым урачом, лепшым юрыстам, кім хочаш, але лепшым. Калі ты найлепшы ў сваёй справе — атрымаеш усё і нават тое, пра што і не думаў ніколі. Але для гэтага трэба шмат працаваць. 

Пагаджуся, трэба разумець адмысловую адказнасць, калі ты стаў публічнай асобай і выходзіш да людзей. Бо гэтыя тысячы глядзяць на цябе і чакаюць, што ты скажаш… І мая пазіцыя — за Беларусь! 

Я заўжды падтрымліваю кіраўніка нашай дзяржавы. І ўдзячны за яго палітыку, якая стварыла спрыяльныя ўмовы для жыцця ў нашай краіне. У Беларусі працуюць законы. Ніводны ліст у дзяржаўныя ўстановы не застаецца без адказу. Ведаю гэта па ўласным досведзе. Калі чалавек мае нейкія абгрунтаваныя патрэбы, яны будуць задаволеныя ў адпаведнасці з законам. Але калі ты сам нічога не робіш, то нічога і не атрымаеш.

Яшчэ мая жыццёвая пазіцыя абумоўленая хрысціянствам. Добра стаўлюся і да каталікоў, і да праваслаўных. Нарадзіўся сам у каталіцкай сям’і, але гадоў пятнаццаць таму свядома прыняў праваслаўе. Вера ў Бога абумоўлівае мае ўчынкі, як у грамадскім жыцці, так і ў асабістым. Яна вучыць кіравацца любоўю, а не страхам пакарання. Нельга жадаць нікому зла, гэта і ёсць дараванне. 

— Некаторыя творчыя асобы ў 2020-м публікавалі ў інтэрнэце эмацыянальныя допісы, але пасля адумаліся. Як вы ставіцеся да такіх людзей? 

— Я стаўлюся так. Хто хацеў з’ехаць, з’ехалі. Хто хацеў што сказаць супраць нашай дзяржавы, сказаў. Мы ўсіх іх ведаем. А калі хтосьці вагаўся на эмоцыях, не разумеючы, што і як насамрэч адбываецца, гэта іншая справа. 

Бо тады беларускае грамадства аказалася негатовым да буйнамаштабнай інфармацыйнай вайны супраць нас. А людзі культуры ўвогуле часта залішне эмацыянальныя. І некаторыя калегі, на жаль, паддаліся на правакацыі… 

Але цяпер ужо ўсім усё павінна быць зразумела. Калі чалавек усвядоміў і шчыра раскайваецца, мяркую, можна яму дараваць. Нас гэтаму вучыць і хрысціянства, і досвед сямейнага жыцця. Хіба ж мы не выбачаем сваякоў, калі яны памыляюцца? Калі б мы не даравалі адно аднаму, то ў нас бы не было ні сяброў, ні братоў… 

Віктар ГАЎРЫШ