“Ка­хан­не ста­на­ві­ла­ся то­ль­кі мац­ней­шым, а сям’я — усё бо­ль­шай

Апублiкавана: 04 лiстапада 2023 Стужка Музыка Гомель і вобласць

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Газета “Культура” пагутарыла з Ізабелай Дзедух, што разам з мужам выхоўвае шэсць таленавітых дзяцей і сёлета была ўдастоена ордэна Маці. Як сумяшчаць працу настаўніка па класе фартэпіяна і захоўваць любоў і згоду ў вялікім доме, распавяла наша гераіня.

— Звернемся да вашых дзіцячых гадоў. Чым захапляліся і натхняліся тады? 

— Як і ўсе дзеці, я марыла хутчэй вырасці, бо дарослы свет здаваўся такім прывабным і загадкавым. Мне хацелася адправіцца ў дзіўнае падарожжа або без дазволу бацькоў завесці нейкую жывёлу. Тата быў выкладчыкам па класе фартэпіяна, таму музыка ў нашым доме гучала пастаянна. Яшчэ бацька даволі часта вадзіў мяне ў цырк, паколькі працаваў там у аркестры. З гэтай прычыны і маім захапленнем стала ігра на фартэпіяна. 

— Вышэйшую адукацыю вы атрымалі ў Беларускім дзяржаўным універсітэте культуры і мастацтваў. Якую спецыяльнасць выбралі і чаму? 

— Да паступлення ва ўніверсітэт на спецыяльнасць “Народная творчасць (харавая музыка народная)” мяне падштурхнуў муж. На пачатку нашых адносін ён быў салістам народнага ансамбля “Жывіца” горада Мазыра, таму фальклор я ведала добра. 

— Якой была першая сустрэча з вашым выбраннікам? 

— З Анатолем я пазнаёмілася даволі цікава — на маім выпускным вечары, сустракаючы світанак у парку. Мой будучы муж спяваў песні пад гітару ў альтанцы на беразе Прыпяці. Усё гэта выглядала вельмі рамантычна і не магло пакінуць мяне абыякавай. 

— Як вы лічыце, што перш за ўсё патрабуецца ад бацькі ў шматдзетнай сям’і? 

— Ён павінен аддаваць шмат часу сям’і і ва ўсіх складаных сітуацыях паказваць сябе як справядлівы і цярплівы чалавек. На яго плечы цалкам кладзецца адказнасць за важныя пытанні. Шчыра прызнацца, спачатку мы і не марылі аб такой вялікай сям’і. Мы, маладыя, не былі ўпэўненыя ва ўласных сілах. Але з гадамі каханне станавілася толькі мацнейшым, а сям’я — усё большай. 

— У якім узросце вы нарадзілі першынца? Якія эмоцыі адчулі, калі ўзялі яго на рукі? 

— Першая дачка з’явілася, калі мне было 20 гадоў. Як правіла, у такім узросце не да канца адчуваеш, якія цікавінкі цябе чакаюць. Але пазней прыходзіць дакладнае ўсведамленне: быць мамай і даць жыццё новаму чалавеку — самае вялікае шчасце на зямлі. 

— Раскажыце пра вашых дзяцей. Якія ў іх характары? Ці пайшлі нашчадкі па слядах бацькоў? 

— У нашай сям’і баланс: тры дзяўчынкі і тры хлопчыкі. Самай старэйшай дачцэ Анастасіі — 16 гадоў, а малодшай Сафіі — 8 месяцаў. Мне пашчасціла мець дружную сям’ю, хоць у кожнага з нас розныя тэмпераменты. Радуе, што ўсе мы яркія і жыццярадасныя асобы. Дзеці сварацца рэдка, але калі канфлікты адбываюцца, яны хутка вырашаюцца — усё заканчваецца абдымкамі. Старэйшыя ўжо актыўна паказваюць сябе ў творчай сферы — скончылі музычную школу. Дачка вывучала вакал на народным і эстрадным аддзяленні, а затым паступіла ў Мазырскі дзяржаўны музычны каледж на спецыяльнасць “Мастацтва эстрады (спевы)”. Старэйшы сын абраў ударныя, а малодшы — гітару. Каб аб’яднаць усе навыкі, мы стварылі сямейны ансамбль “Даінці”. Нашы выступленні выйшлі за межы дому. Напрыклад, у жніўні мы выступілі на свяце вёскі Гулевічы па запрашэнні Сыродскага сельсавета. 

— Цяпер вы працуеце ў Мазырскай дзіцячай школе мастацтваў № 3. Наколькі вам блізкая роля педагога? 

— Як настаўнік па класе фартэпіяна я адчуваю сябе на сваім месцы. Шчаслівая знаходзіцца тут, таму што люблю дзяцей, музыку і сваю прафесію. Вучні прыходзяць у 6—7 гадоў, і ў мяне ёсць шанц раскрыць таленты і прывіць любоў да музыкі, якая жыве ў маім сэрцы. — А як удаецца сумяшчаць працу і выхаванне дзяцей? — Бясспрэчна, мая сям’я патрабуе шмат часу і ўвагі, але пры падтрымцы мужа і старэйшых дзяцей мне камфортна быць і маці, і настаўнікам. 

— На ваш погляд, наколькі важна прывіваць культурныя каштоўнасці нашчадкам? 

— Думаю, што ў наш імклівы час ёсць цяжкасці з выбарам жыццёвага шляху. Але адна з нашых функцый як бацькоў — духоўна і культурна выхоўваць дзяцей. Пры гэтым мы стараемся не засяроджвацца толькі на творчай сферы, развіваем іх усебакова. 

— Сёлета вас уганаравалі ордэнам Маці. Што ён значыць для вас? 

— Такая важная ўзнагарода — у першую чаргу прызнанне і падтрымка шматдзетных сем’яў з боку дзяржавы. Гэты ордэн мае вялікую каштоўнасць для мяне і адначасова падкрэслівае адказнасць. 

— На ваш погляд, што самае галоўнае ў выхаванні? 

— Неабходна заставацца добрай і сумленнай да блізкіх, ствараць парадак і ўтульнасць у доме, быць для дзяцей узорам. Выхоўваць у іх працавітасць, дапытлівасць і мэтанакіраванасць. Дзякуючы статусу мамы, я даведалася, што такое дзіцячая любоў, навучылася выбачаць за крыўды і зразумела, як гэта — падарыць жыццё новаму чалавеку. Хачу, каб мае дзеці выраслі здаровымі, пазітыўнымі і ўлюбёнымі ў свет, які іх акружае. 

— Ці застаецца ў вас час на ўласныя захапленні? Калі так, то як бавіце свабодныя хвіліны? 

— З самага дзяцінства, калі тата прыводзіў мяне ў цырк, я каталася на конях. І дзякуючы таму, што ў нас у Мазыры арганізоўваюць конныя прагулкі, у мяне ёсць выдатная магчымасць выехаць у лес і паскакаць галопам. Такім чынам я перазагружаюся і назапашваю сілы для новых здзяйсненняў. 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота з архіва гераіні